Print this chapterPrint this chapter

Кандрат Крапіва

*Біяграфія

Вучні і зараз карыстаюцца «Беларуска-рускім слоўнікам», пяцітомным «Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы», рэдактарам якіх быў Кандрат Атраховіч (Кандрат Крапіва) — вядомы байкапісец, драматург і навуковец.

Кандрат Крапіва (Кандрат Атраховіч) нарадзіўся 5 сакавіка 1896 года ў вёсцы Нізок на Уздзеншчыне.

Школьную адукацыю будучы пісьменнік атрымаў у вясковай школе, затым — у вучылішчах ва Уздзе, Стоўбцах і Койданаве (цяпер Дзяржынск). У Кандрата была выдатная памяць: сучаснікі ўспаміналі, што яму дастаткова было раз прачытаць альбо пачуць нешта — і ён мог паўтарыць. Магчыма, гэта дазволіла хлопцу экстэрнам здаць экзамены на народнага настаўніка. Але спраўдзіцца марам працаваць з вучнямі не ўдалося: адна за адной грымелі войны, рэвалюцыі — і кожная пакінула след у лёсе будучага класіка.

У 1915 годзе Кандрат Атраховіч быў прызваны ў царскую армію, у 1916 годзе трапіў на Заходні, затым на Румынскі фронт. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі быў дэмабілізаваны як настаўнік і вярнуўся на Радзіму, уладкаваўся ў школу вёскі Каменка на Уздзеншчыне. Тут ажаніўся са сваёй зямлячкай з вёскі Нізок Аленай Махнач, з якой пражыў 45 гадоў, выгадаваў чацвярых дзяцей.

У 1920—1923 гадах зноў трапіў на службу, толькі ўжо ў Чырвоную Армію. Пасля дэмабілізацыі, папрацаваўшы вясковым настаўнікам, Кандрат Атраховіч пераехаў у Мінск.

З успамінаў. Кандрат Крапіва пра першыя месяцы службы ў школе камсаставу (каманднага саставу. — Аўт.) у Мінску пісаў: «Жылі мы ў вельмі цяжкіх умовах. У нас быў пакой у нейкім паўжылым памяшканні, у якім і намёку не было на якую-небудзь мэблю. Сядзелі мы на сасновых калодках, спалі на падлозе, а дзіцяці замест калыскі служыла збітая з грубых дошак скрынка. За драўлянымі перагародкамi заўсёды скрэбліся i грызліся пацукі. Ноччу яны выходзілі з сваіх сховішчаў, знішчалі ўсё, што знаходзілі прыдатнага для яды, завалаквалі ў свае норы дзіцячыя шапачкі i нават пялёнкі. Адзінай уцехай для нас была прыказка, што з мілым i ў шалашы рай…» (1922).

У літаратуру Кандрат Крапіва прыйшоў бліжэй да 1920-х гадоў, калі ў літаратуразнаўчых спрэчках акрэсліліся «дзве мастацкія плыні — нацыянальна-адраджэнская і пралетарска-рэвалюцыйная» (Ірына Багдановіч).

Пачынаў пісьменнік як лірык — мастак «сусветнай тугі», нават лічыў сатыру нечым несур’ёзным. Але з гадамі прыйшло жаданне «ўмяшацца ў жыццё і тое-сёе паправіць» — і адкрыўся талент «пякучкі-крапівы»: у байках, паэмах, артыкулах аўтар даў бой ворагам усяго беларускага.

Адным з першых зборнікаў гумару і сатыры Кандрата Крапівы стала кніга «Асьцё», што ўбачыла свет у бібліятэчцы «Маладняка». Таксама Кандрат Крапіва выступаў супраць звароту старэйшых пісьменнікаў да сівой даўніны і навамодных захапленняў формай маладнякоўцаў. Згодна павевам савецкага часу пільную ўвагу ён надаваў развенчванню «рэлігійных забабонаў». У 1930-я гады — «перагібам » у калектывізацыі: «Лозунг кінуў ён такі: // «Ці калгас, ці Салаўкі» (паэма «Хвядос — Чырвоны нос»).

Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта загадваў аддзелам у часопісе «Полымя рэвалюцыі» (цяпер часопіс «Полымя»). У верасні 1939 года ўдзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь, затым — у вайне з Фінляндыяй. На Вялікую Айчынную вайну Крапіва трапіў з першага ж яе дня — у рэдакцыю газеты «Чырвонаармейская праўда», потым — газеты «За Савецкую Беларусь». У ваенны перыяд паэт выкрываў фашысцкую ідэалогію (вершы «Фрыцавы трафеі», «Біблія людаеда »), сцвярджаў маральную перавагу савецкага чалавека (драма «Проба агнём»).

З 1943 года перайшоў рэдактарам у сатырычную газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну», якая пасля вайны стала часопісам «Вожык». У гэтым выданні і працягваў рэдактарскую дзейнасць да 1947 года.

Пасля 1947 года Кандрат Кандратавіч прыйшоў у навуку — абараніў кандыдацкую, доктарскую дысертацыі, загадваў сектарам мовазнаўства ў Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва, затым узначаліў Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук БССР, а ў 1956 годзе стаў віцэ-прэзідэнтам акадэміі. У 1982—1989 гадах лінгвіст працягваў працу ў якасці навуковага супрацоўніка-кансультанта.

Кандрату Крапіве былі адмераны лёсам доўгія 95 гадоў, яму наканавана было перажыць жонку, дзяцей і амаль усе войны ХХ стагоддзя.

Творчасць Кандрата Крапівы была ацэнена высокімі ўзнагародамі: драматург стаў тройчы лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР: у 1941 годзе — за сатырычную камедыю «Хто смяецца апошнім», у 1951-м — за лірычную камедыю «Пяюць жаваранкі», у 1971-м — за комплекс прац у галіне беларускай лінгвагеаграфіі. У 1974 годзе стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы — за фантастычную камедыю «Брама неўміручасці». У 1956 годзе Кандрату Крапіве было прысвоена званне народнага пісьменніка БССР.

Уклад у развіццё літаратуры

1. Крапіва, абапіраючыся на жанравыя набыткі Францішка Багушэвіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Альгерда Абуховіча, Ядвігіна Ш., стаў адным з самых таленавітых распрацоўшчыкаў жанру байкі на беларускім матэрыяле. Адметнасцю яго байкі сталі з’явы і персанажы беларускай рэчаіснасці (Парсюк, Баран, Каршун, Цецярук, Заяц), дэталізацыя і канкрэтызацыя месца, падзеі, вобраза. Сучасныя аўтары, якія працягваюць традыцыі байкапісання, шукаюць новыя формы. Гэта мікрабайкі, байкі цвёрдай формы (напрыклад, у форме санета), байкі, напісаныя традыцыйным страфічным вершам, байкі без маралі і інш. 

2. Ва ўмовах існавання тэорыі бесканфліктнасці адстойваў каштоўнасць, вартасць драматычных жанраў (артыкул «Канфлікт — аснова п’есы»).

3. Несумненным дасягненнем Крапівы сталі творчыя набыткі ў галіне драматургіі (камедыі «Хто смяецца апошнім», «Мілы чалавек», «Брама неўміручасці»).

4. Першыя яго вопыты ў прозе былі больш папулярныя, чым у паэзіі. Праз настраёвыя апавяданні, замалёўкі аўтар падышоў да напісання аднаго з самых моцных раманаў той пары — «Мядзведзічы», які пазней падштурхнуў Івана Мележа да напісання «Палескай хронікі».