Print this chapterPrint this chapter

Змітрок Бядуля

Біяграфія

У сям’і будучага пісьменніка ўсе валодалі нейкім рамяством. Маці шыла каптуры, дзед Лейзар рабіў меднае начынне — імбрыкі1, конаўкі2, чарпакі, місы.
Ды і Змітрок Бядуля вучнем падзарабляў разьбой па дрэве.
Выразаў для аднакласнікаў пеналы, скрынкі, нават цацачныя скрыпачкі.

Змітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік) нарадзіўся 23 красавіка 1886 года ў сям’і балагола — возчыка на лесасплаве. Жыла сям’я на Вілейшчыне, у вёсцы Пасадзец.

Бацькі аддалі хлопчыка вучыцца ў пачатковую школу, а пазней — у семінарыю.

Шкаляры сталаваліся ў мясцовых жыхароў.
За сямю сем’ямі быў «замацаваны» вучань, і ён па днях тыдня харчаваўся ў кожным доме.


Ра´біна з хлопца не атрымалася: падзарабляючы напісаннем асабістых лістоў ад дзяўчат да жаніхоў, ён наслухаўся рамантычных гісторый і стаў складаць уласныя вершы, прысвечаныя неіснуючай дзяўчыне Мірыям: «Ты мне даражэй за жыццё. Ты — маё неба. Ты — мая зямля. Ты — маё шчасце. Ты звіла навекі гняздо ў маім сэрцы. Мірыям... Мірыям... Я гляджу на зоркі і думаю, што гэта твае вочы. Я слухаю песні салоўкі і думаю, што гэта твой голас». Чуткі пра запісы юнага паэта дайшлі да духоўнага інспектара семінарыі, у якой не ўхвалялася не тое што пісаць — нават чытаць свецкія кнігі. Гэта паслужыла нагодай да выключэння Самуіла.

Хлопец вучыўся самастойна — дома і ў бібліятэцы, падзарабляў хатнім настаўнікам. У дарослым узросце пісьменнік валодаў некалькімі мовамі (беларускай, нямецкай, рускай, ідыш, старажытнаяўрэйскай, крыху польскай), быў вельмі адукаваным чалавекам. У 1902 годзе, падвучыўшыся ў бацькі, малодшы Плаўнік пайшоў працаваць канторшчыкам на лесараспрацоўкі.

Праз дзесяць гадоў Змітрок Бядуля накіраваўся ў Вільню. Якраз на гэты час прыпаў росквіт яго таленту.

Першы апублікаваны ў «Нашай ніве» твор пісьменніка «Пяюць начлежнікі» (1910) — імпрэсіянісцкі.

У 1913 годзе ў Пецярбургу, у выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца», выйшаў яго зборнік лірычных імпрэсій «Абразкі». Калі ў 1914 годзе Купала ўзначаліў «Нашу ніву», Змітрок Бядуля стаў адказным сакратаром рэдакцыі.

У 1915 годзе ён вымушаны быў пераехаць у Мінск. Пачалася Першая сусветная вайна — і Бядуля ўладкаваўся ў Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, зняў кватэру, дзе на два гады прытуліў Максіма Багдановіча. 

Падчас рэвалюцыі таленавіты лірык друкаваўся ў газеце «Вольная Беларусь». У гады нямецкай акупацыі Беларусі (1915—1918) Бядуля друкаваўся ў газеце «Беларускі шлях», а пры польска-савецкай вайне рэдагаваў часопіс «Беларускае жыццё».

У савецкі час Змітрок Бядуля супрацоўнічаў з газетай «Савецкая Беларусь» і быў рэдактарам аднаго з першых дзіцячых часопісаў «Зоркі». Выданне стала лагічным працягам той працы, якую праводзіла Цётка ў «Лучынцы» — Змітрок Бядуля актыўна друкаваў у часопісе ўласныя творы для дзяцей, уключаў тэксты пазнавальнага, выхаваўчага зместу Янкі Купалы, Якуба Коласа, Міхася Чарота, Янкі Журбы, таксама песні з нотамі, гульні, народныя казкі, загадкі, прыказкі.

З 1926 года пісьменнік загадваў краязнаўча-этнаграфічным часопісам «Наш край» пры Інстытуце беларускай культуры. У 1923 годзе Змітрок Бядуля ўвайшоў у новастворанае літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», а пазней
— ва «Узвышша». Пасля роспуску літаратурных аб’яднанняў быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР.

Літаратурныя сувязі. У 1921 годзе Якуб Колас прысвяціў Змітраку Бядулю адну са сваіх «Казак жыцця» — «Кучаравае дрэва». Назва была звязана са знешнасцю Бядулі і яго каранямі.
Кучаравае, адрознае ад іншых дрэва з твора Якуба Коласа гаворыць: «Так сталася. Я тут вырасла. Сокі гэтай зямлі, куды ўрасло маё карэнне, пераліліся ў сэрца маё і ў думкі мае, і гучаць яны ў песнях маіх...»
.


Вялікая Айчынная вайна прымусіла пісьменніка пакінуць Беларусь. Ён апынуўся ў Саратаўскай вобласці, дзе нарэшце злучыўся з сям’ёй, якая з’ехала раней. Здароўе падводзіла — і ў 1941 годзе ва Уральску падчас аднаго з пераездаў, даганяючы цягнік, Змітрок Бядуля памёр ад інфаркту. Хавалі пісьменніка акцёры Другога беларускага дзяржаўнага тэатра (сёння Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа (Віцебск)), якія гастралявалі недалёка: яны ўрачыста чыталі яго творы каля труны.

Уклад у развіццё літаратуры

1. Як Максім Багдановіч праз адаптацыю еўрапейскага вопыту жанрава ўзбагачаў беларускую паэзію, так Бядуля — жанры беларускай прозы.

2. Змітрок Бядуля даў нацыянальнай літаратуры ўзоры мадэрнісцкіх твораў.

3. Бядуля і Багдановіч надалі беларускай літаратуры «адзнаку інтэлігентнасці, культ пачуцця» (Віктар Каваленка).

4. Пісьменнік стаў распрацоўшчыкам беларускай літаратурнай казкі («Мурашка-палашка», «Скарб»). Позняя творчасць Змітрака Бядулі ў гэтым жанры ўзнімалася да высокага філасофскага абагульнення, глыбокага разумення быцця («Сярэбраная табакерка»).

5. Мова твораў Змітрака Бядулі была настолькі апрацаваная і багатая, што само існаванне яго тэкстаў паўплывала на плённае развіццё беларускай літаратурнай мовы.

________________
1 І´мбрык — медны чайнік.

2 Ко´наўка — кубак з ручкай.