*§ 18-1. Дзяржава і эканоміка
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 10 клас |
Книга: | *§ 18-1. Дзяржава і эканоміка |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 22 Декабрь 2024, 06:03 |
Інфляцыя. Восень 1923 г., Берлін, поўдзень. Перад зачыненымі дзвярыма прадуктовай крамы ўжо сабраўся натоўп. Галодныя і раззлаваныя берлінцы чакаюць яе адкрыцця, але гаспадар крамы не спяшаецца запускаць пакупнікоў. Ён хоча пачуць бягучы курс долара да маркі, каб зразумець, узнімаць яму цану на булку з учарашніх трох мільярдаў марак да пяці або толькі да чытырох з паловай. Для людзей гэта азначае, што ўзятай раніцай з дому сумкі, поўнай грошай, можа не хапіць, каб купіць нават самае неабходнае.
Гіперінфляцыя, якая разыгралася ў Германіі ў 1920–1923 гг., стала адной з самых маштабных эканамічных трагедый ХХ ст. «Нішто не зрабіла нямецкі народ такім жорсткім, злосным і гатовым прыняць Гітлера, як інфляцыя», — пісаў пазней Стэфан Цвэйг.
«1923 год падрыхтаваў Германію не канкрэтна да нацызму, але да любой фантастычнай авантуры. Менавіта тады ўзнікла тое, што сёння робіць магчымым вар’яцкі нацысцкі марш: халоднае шаленства, сляпая рашучасць здзейсніць немагчымае, каб дзякуючы адной толькі сіле волі і бляску ўстаць над усімі. Перакананасць у тым, што “добра тое, што выгадна” і што няма слова “немагчыма”. Думаю, падобны жыццёвы вопыт ляжыць за мяжой таго, што народ можа перажыць, не пашкодзіўшы сваёй душы», — разважаў у 1930-я гг. будучы вядомы нямецкі публіцыст Себасцьян Хафнер, былы аднакласнік Хорста Веселя.
Вопыт гіперінфляцыі 1920-х сапраўды стаўся для нямецкага народа надзвычай цяжкім выпрабаваннем. Пасля паражэння ў Першай сусветнай вайне, крушэння кайзераўскай манархіі і істотнага скарачэння тэрыторыі краіны нямецкае грамадства губляла апошні элемент хаця б уяўнай стабільнасці. Грошы, аснова асноў, перасталі значыць хоць штосьці. У перыяд са студзеня 1920 г. па лістапад 1923 г. курс папяровай маркі да долара упаў у 100 млрд разоў, 1 долар каштаваў 4,2 трлн марак.
Цэны на прадукты харчавання, адзенне, вугаль раслі на вачах. Работнікі стараліся атрымоўваць зарплату штодзень і атаварваць атрыманыя грошы ў абед, але нават тады інфляцыя магла з’есці да трэці заробленага.
Рэстараны перасталі прастаўляць цэны ў меню — кошт абеду ўсё роўна змяняўся за той час, пакуль кліент сядзеў за столікам. Праўда, у рэстараны працягвалі хадзіць толькі палітыкі і спекулянты з чорнага рынку — у большасці насельніцтва назапашаныя пакаленнямі зберажэнні канчаткова абясцэніліся.
Цэрквы сталі збіраць ахвяраванні замест кубкаў у вялізныя кошыкі, а потым і зусім адмовіліся ад грошай — вугальныя брыкеты былі куды больш каштоўныя.
У краіне распаўсюдзіўся натуральны абмен. Усё больш магазінаў прымала аплату не грашыма, а рэчамі. За тры брыкеты вугалю або паўкіло бульбы можна было пайсці ў кіно ці тэатр, за дзіцячыя чаравікі — наведаць стаматолага. Эканоміка Германіі абвалілася, краіна апынулася ў эканамічнай яме.
Дзяржаўнае рэгуляванне эканомікі.
Метады дзяржаўнага рэгулявання эканомікі | |
Прававыя | Устаноўленыя дзяржавай правілы эканамічных паводзінаў для вытворцаў і спажыўцоў (Канстытуцыя, падатковы, працоўны, мытны кодэксы і інш.) |
Адміністрацыйныя | Разнастайныя дазволы і забароны, ліцэнзаванне, кантроль над сістэмаўтваральнымі цэнамі, валютным курсам і да т. п.; гэтыя меры маюць сілу загаду і не абапіраюцца на эканамічныя інтарэсы і стымулы |
Эканамічныя |
Прамыя (мэтавае фінансаванне з бюджэту, датацыі, дапамогі, ільготныя крэдыты, даплаты). Ускосныя (разнастайныя рычагі бюджэтнай, крэдытна-грашовай, падатковай, знешнеэканамічнай, мытнатарыфнай, сацыяльнай палітыкі) |
Пратэкцыянізм. Пратэкцыянізм — натуральная рэакцыя многіх краін на эканамічны крызіс. Дзяржава імкнецца захаваць рабочыя месцы, абараніць унутраны рынак ад замежнай канкурэнцыі праз сістэму пэўных абмежаванняў. Такая палітыка, з аднаго боку, аказвае садзейнічанне развіццю нацыянальнай вытворчасці і абароне айчыннага вытворцы, а з другога — можа сутыкнуцца з мерамі ў адказ іншых дзяржаў, прывесці да застойных з’яў у эканоміцы, узмацнення манапалізму і зніжэння канкурэнтаздольнасці нацыянальных тавараў.