Печатать книгуПечатать книгу

*§ 16-1. Канкурэнцыя і яе роля ў эканоміцы

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 10 клас
Книга: *§ 16-1. Канкурэнцыя і яе роля ў эканоміцы
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 30 Декабрь 2024, 20:53

Канкурэнцыя. Канкурэнцыя — гэта эканамічная катэгорыя, і каб вызначыць эканамічную сутнасць дадзенага паняцця, звычайна вылучаюць тры падыходы: паводзінскі, структурны і функцыянальны.

icon-persona

Паводзінскі падыход да вызначэння канкурэнцыі лічыцца гістарычна першым (англійскія эканамісты Адам Сміт і Давід Рыкарда). Канкурэнцыю звязваюць са спаборніцтвам, саперніцтвам за ўстанаўленне кантролю на рынку. Ключавым элементам канкурэнтнай барацьбы тут выступаюць цэны, якія ўстанаўліваюцца прадаўцамі на рынку. У прыватнасці, А. Сміт атаясамліваў канкурэнцыю з «сумленным, без змовы, саперніцтвам паміж прадаўцамі за больш выгадныя ўмовы продажу або куплі тавараў».

З канца XIX ст. стаў фарміравацца структурны падыход (англійскія эканамісты Фрэнсіс Эджуорт і Джаан Робінсан), згодна з якім канкурэнцыя характарызуецца тыпам рынку і тымі ўмовамі, якія пераважаюць на дадзеным рынку. У рамках гэтага падыходу надаецца ўвага не столькі самому тавару і яго ўласцівасцям, колькі аналізу структуры рынку, колькасці яго ўдзельнікаў і занятай імі доляй на рынку. У залежнасці ад характару канкурэнцыі звычайна вылучаюць наступныя тыпы рынкаў: дасканалая канкурэнцыя, манапалістычная канкурэнцыя, алігаполія і манаполія.

У рамках функцыянальнага падыходу канкурэнцыя разглядаецца як абавязковы элемент рыначнага механізма, які адыгрывае важную ролю ў нармальным развіцці эканомікі. Прыхільнікамі дадзенага падыходу з’яўляюцца аўстрыйскія эканамісты Іозэф Шумпетэр і Фрыдрых фон Хаек. У прыватнасці, Шумпетэр разумее пад канкурэнцыяй барацьбу «старога з новым», гэта значыць, калі вытворца ўкараняе на рынак новы прадукт (тавар, паслугу) і яму ўдаецца замацаваць там свае пазіцыі, то з рынку будуць выцеснены канкурэнты, якія не ўжываюць інавацыі, прытрымліваюцца састарэлых тэхналогій або іх прадукцыя даўно не цікавая спажыўцам.

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне эканомікі Ф. Хаек прапанаваў разглядаць канкурэнцыю як «працэдуру адкрыцця». На думку выдатнага эканаміста і філосафа, канкурэнцыя ўяўляе каштоўнасць толькі таму, што яе вынікі загадзя невядомыя і непрадказальныя, яны адрозніваюцца ад тых, да якіх кожны прадпрымальнік свядома імкнецца. Калі б фактары, што вызначаюць дзеянні канкурэнтаў, а адпаведна і вынікі канкурэнцыі, былі вядомыя загадзя, зварот да канкурэнцыі не быў бы апраўданы. Але вынікі канкурэнцыі непрадказальныя, таму грамадства, якое арыентуецца на канкурэнцыю, у рэшце рэшт больш паспяхова, чым іншыя, дасягае сваіх мэт.

icon-task
Запоўніце табліцу, выкарыстоўваючы класіфікацыю рынкаў у залежнасці ад тыпу канкурэнцыі і характэрныя рысы асноўных рыначных структур.
Тып рынку Колькасць фірм у галіне Тып тавараў Бар’еры для ўваходжання на рынак Уплыў фірмы на цэны сваіх тавараў Прыклады галін
Дасканалая канкурэнцыя
Манапалістычная канкурэнцыя
Алігаполія
Манаполія

Стыў Джобс і Біл Гейтс. Саперніцтва. Падтрымка канкурэнта. Канкурэнцыя як адкрыццё

У 1997 г. Джобс стаў кіраўніком Apple. Падчас першага выступлення на канферэнцыі Macworld Джобс абвясціў пра атрыманне інвестыцый ад Microsoft, для таго каб Apple змагла застацца на рынку. На вялікім экране праз спадарожнікавую трансляцыю з’явілася выява Біла Гейтса. Калі Apple запусціла iTunes, Гейтс накіраваў супрацоўнікам Microsoft ліст па ўнутранай пошце, у якім гаварылася:

«Здольнасць Стыва Джобса факусіравацца на самых значных рэчах, знаходзіць людзей, якія правільна разумеюць сутнасць карыстальніцкіх інтэрфейсаў, і падносіць новыя прадукты як рэвалюцыйныя проста здзіўляе» (https://rb.ru/story/gates-vs-jobs).

Маркетынг. Маркетынг у эканоміцы закліканы прывесці вытворчасць у адпаведнасць з попытам. Намаганні маркетынгавых службаў накіраваны на стварэнне такога асартыменту тавараў, які адпавядаў бы грамадскаму попыту. Шмат увагі надаецца знешняму выгляду тавару, яго спажывецкім характарыстыкам, абслугоўванню пасля продажу. Пры гэтым маркетынгавыя намаганні павінны быць накіраваны на тое, каб пераканаць пакупніка, што дадзены тавар з’яўляецца самым лепшым, стварыць «прыхільнасць» пакупніка да таварнай маркі.

Маркетынг закліканы адыгрываць важную эканамічную ролю ў рыначнай сістэме гаспадарання. Не толькі таму, што ён забяспечвае эфектыўнае спалучэнне попыту і прапановы, але і таму, што маркетынг выяўляе нездаволеныя патрэбы, распрацоўвае і ажыццяўляе план дзеянняў па стварэнні і росце попыту на новыя тавары.

img
icon-search
Знайдзіце інфармацыю пра дэвізы (слоганы) вядомых беларускіх брэндаў і абраную імі стратэгію прасоўвання прадукту на рынку.

Менеджмент. Амерыканскі эканаміст Фрыдэрык Тейлар лічыцца заснавальнікам тэорыі навуковага менеджменту. У сваіх даследаваннях, апублікаваных у кнігах «Кіраванне прадпрыемствам» (1903) і «Прынцыпы навуковага кіравання» (1911), Тейлар разглядаў выкарыстанне навуковых метадаў у якасці замены старых, традыцыйных, практычна сладзеных спосабаў працы як найважнейшую ўмову ўдасканалення кіравання. Ён развіў навуковы менеджмент у трох асноўных напрамках: нарміраванне працы; сістэматычны адбор і навучанне персаналу; грашовыя стымулы як узнагарода за канчатковы вынік. Усе яны маюць мэтай зніжэнне колькасці памылак пры ажыццяўленні стандартных аперацый і мабілізацыю патэнцыялу работніка для выканання задач, што стаяць перад ім.