*§ 13-1. Уласнасць і даходы
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Грамадазнаўства. 10 клас |
Книга: | *§ 13-1. Уласнасць і даходы |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 22 Декабрь 2024, 06:08 |
Уласнасць. З эканамічнага пункту гледжання уласнасць выражае адносіны, якія складваюцца паміж людзьмі адносна сродкаў вытворчасці і прадметаў спажывання (тавараў і паслуг).
Вылучаюць наступныя формы ўласнасці:
● дзяржаўная — аб’екты, якія з’яўляюцца здабыткам усіх грамадзян краіны (кіраванне і распараджэнне такой уласнасцю ад імя народа ажыццяўляюць органы дзяржаўнай улады);
● прыватная — аб’екты індывідуальнай уласнасці, якія прапануюцца ў карыстанне і спажыванне за плату іншым асобам або выкарыстоўваюцца ўласнікам з мэтай атрымання дадатковага даходу (гэты падыход у асноўным адносіцца да сродкаў вытворчасці).
У рамках дадзеных форм існуюць тыпы ўласнасці:
● рэспубліканская дзяржаўная ўласнасць — зямля, яе нетры, сродкі рэспубліканскага бюджэту, дзяржаўныя банкі, дзяржаўныя прадпрыемствы, дзяржаўныя вучэбныя ўстановы і іншыя буйныя аб’екты рэспубліканскага значэння;
● камунальная дзяржаўная — уласнасць у распараджэнні мясцовых органаў улады (гэта сродкі мясцовых бюджэтаў, аб’екты ЖКГ, дзяржаўнага гандлю і бытавога абслугоўвання, гарадскі транспарт, школы, паліклінікі і г. д.);
● асабістая — аб’екты індывідуальнай уласнасці, якія спажываюцца самім уласнікам;
● акцыянерная — тып уласнасці, якая ўзнікае шляхам выпуску і продажу акцый на ўвесь кошт прадпрыемстваў;
● арэндная з наступным выкупам — маёмасць, узятая ў арэнду, за якую ўносіцца арэндная плата (працэнт ад кошту маёмасці) з мэтай паступовага выкупу арэндаванай маёмасці;
● кааператыўная — маёмасць кааператываў як добраахвотнага аб’яднання грамадзян для сумеснай дзейнасці, заснаванай на асабістым працоўным удзеле членаў кааператыва; уласнасць у кааператыве падзелена на часткі па паях і долях;
● уласнасць грамадскіх арганізацый — маёмасць, набытая грамадскімі і рэлігійнымі арганізацыямі, дабрачыннымі і іншымі фондамі.
Артыкул 130. Нерухомыя і рухомыя рэчы
1. Да нерухомых рэчаў (нерухомая маёмасць, нерухомасць) належаць зямельныя ўчасткі, участкі нетраў, паверхневыя водныя аб’екты і ўсё, што трывала звязана з зямлёй, іншымі словамі, аб’екты, перамяшчэнне якіх без несувымернай шкоды іх прызначэнню немагчыма, у тым ліку лес, шматгадовыя насаджэнні, капітальныя пабудовы (будынкі, збудаванні), незавершаныя закансерваваныя капітальныя пабудовы, ізаляваныя памяшканні, машына-месцы.
Да нерухомых рэчаў таксама прыраўноўваюцца прадпрыемствы ў цэлым як маёмасны комплекс, абавязковыя для дзяржаўнай рэгістрацыі паветраныя і марскія судны, судны ўнутранага плавання, судны плавання «рака-мора», касмічныя аб’екты. Заканадаўчымі актамі да нерухомых рэчаў можа быць аднесена і іншая маёмасць.
2. Рэчы, што не належаць да нерухомасці, у тым ліку грошы і каштоўныя паперы, прызнаюцца рухомай маёмасцю. Рэгістрацыя правоў на рухомыя рэчы не патрабуецца, акрамя выпадкаў, указаных у законе.
Вызначце, якія з пералічаных рэчаў з’яўляюцца нерухомымі: статак кароў; яблыневы сад; матацыкл; вельмі цяжкая шафа, якую немагчыма зрушыць з месца; пакаёвая кветка; печ; трактар; ліфт у будынку; млын; сабачая будка; калодзеж.
Якім чынам нерухомыя рэчы могуць стаць рухомымі? Калі гэта немагчыма?
Якім чынам рухомыя рэчы могуць стаць нерухомымі?
Даход. Да фактараў вытворчасці належаць праца, капітал, зямля, прадпрымальніцкая здольнасць і інфармацыя. За фактарамі вытворчасці стаяць пэўныя групы людзей: за «працай» — работнікі, за «зямлёй» — землеўладальнікі (прыватная асоба або дзяржава), за «капіталам» — яго ўласнікі, за «прадпрымальніцкай дзейнасцю» — арганізатары вытворчасці, кіраўнікі, за «інфармацыяй» — стваральнікі тэхналогій, уладальнікі патэнтаў на вынаходствы. Кожная з груп прэтэндуе на пэўную долю ў агульным даходзе.
Матэрыяльнае становішча індывіда і тое, як ён ацэньвае гэта становішча, у значнай ступені вызначае яго адносіны да жыцця, навакольных, дзяржаўных і сацыяльных інстытутаў, вызначае яго эмацыянальную сферу. Таму ў працэсе сацыялагічных даследаванняў, як правіла, вывучаецца меркаванне рэспандэнтаў пра іх дабрабыт і дынаміку дастатку.
Пры выкарыстанні ў працэсе вытворчасці або аказання паслуг рабочай сілы яе ўласнікі (наёмныя работнікі) атрымоўваюць даход у выглядзе заработнай платы. Вылучаюць дзве асноўныя формы заработнай платы — пачасавую і здзельную.
Аплата працы пры пачасавай форме ўстанаўліваецца на аснове фактычна адпрацаванага часу па пэўных стаўках, у залежнасці ад кваліфікацыі работніка, складанасці, якасці і ўмоў яго працы. Пры здзельнай форме заработная плата разлічваецца на аснове колькасці вырабленай прадукцыі ўстаноўленай якасці або аказаных паслуг.
Сярэдняя працягласць працоўнага тыдня (у гадзінах) у індустрыяльна развітых краінах (з сярэдзіны XIX ст. да канца XX ст.) |
|||
Год | Працягласць (у гадзінах) | Год | Працягласць (у гадзінах) |
1850 | 70 | 1950 | 40 |
1880 | 64 | 1970 | 36 |
1900 | 60 | 1980 | 34 |
1920 | 49 | 1990 | 32 |
1940 | 44 | 2000 | 30 |
Для дыферэнцыяцыі заработнай платы ў Рэспубліцы Беларусь шырока выкарыстоўваецца тарыфная сістэма, якая фарміруецца ў залежнасці ад якасці працы (складанасць, цяжкасць, значнасць, шкоднасць).
Заработная плата работнікаў бюджэтнай сферы фарміруецца на аснове базавай стаўкі. Памер базавай стаўкі ўстанаўліваецца Урадам, як правіла, 1 студзеня каляндарнага года з улікам прагнозу асноўных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь. Аклад вызначаецца шляхам памнажэння базавай стаўкі на каэфіцыент тарыфнага разраду.
Пры выбары прафесіі немалаважна ўмець на перспектыву ацэньваць матэрыяльны бок (заработную плату) і ўласную будучую пазіцыю на рынку працы ў Беларусі і за мяжой.
Прыватызацыя, раздзяржаўленне. Раздзяржаўленне — працэс абмежавання дзяржаўнага ўплыву на дзейнасць суб’ектаў гаспадарання, у выніку якога ліквідуецца дзяржаўная манаполія, фарміруецца шматукладная, змешаная эканоміка. У ходзе раздзяржаўлення ствараецца недзяржаўны сектар з разнастайнымі тыпамі гаспадарак, ажыццяўляюцца пераўтварэнні тых гаспадарак, што застаюцца ў веданні дзяржавы, і адбываецца працэс прыватызацыі.
Прыватызацыя ўяўляе сабой змену ўласніка ў выніку продажу ці бязвыплатнай перадачы аб’ектаў дзяржаўнай або муніцыпальнай уласнасці іншым эканамічным суб’ектам. Напрыклад, дзяржаўныя прадпрыемствы могуць быць прададзены на аўкцыёне, удзельнікамі дадзеных таргоў могуць стаць прыватныя асобы або іх аб’яднанні, у тым ліку замежныя інвестары.
Продаж дзяржаўных прадпрыемстваў (арганізацый) прыватнаму бізнэсу з’яўляўся тэмай эканамічнай палітыкі ў многіх краінах, у тым ліку ў нашай. У Законе Рэспублікі Беларусь «Аб імянных прыватызацыйных чэках» ад 6 ліпеня 1993 г. былі вызначаны правілы выпуску і абарачэння каштоўных папер імянных прыватызацыйных чэкаў «Маёмасць». Яны забяспечаны дзяржаўнай уласнасцю і ўлічваюцца ў банкаўскіх рахунках. Тэрмін дзеяння чэкаў вызначаецца Саветам Міністраў. Чэкі «Маёмасць» выпушчаны для забеспячэння магчымасці грамадзян стаць уладальнікамі часткі дзяржаўнай уласнасці шляхам яе прыватызацыі. Сума чэкаў, што выдзяляюцца канкрэтнай асобе, з’яўляецца выражэннем яго долі ў агульным аб’ёме маёмасці, падлеглай бязвыплатнай перадачы грамадзянам.