Печатать книгуПечатать книгу

*§ 8-1. Дэмакратыя

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 10 клас
Книга: *§ 8-1. Дэмакратыя
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 30 Декабрь 2024, 20:23

Дэмакратыя. Паняцце «дэмакратыя» ўпершыню з’явілася ў антычнасці. У той перыяд дэмакратыю разглядалі як асаблівую разнавіднасць арганізацыі дзяржавы, у якой улада належыць не адной асобе і не групе асоб, а ўсім свабодным грамадзянам (толькі мужчынам), якія карыстаюцца роўнымі правамі на ўдзел у кіраванні дзяржавай.

icon-discussions
Параўнайце ілюстрацыі правядзення сходу ў старажытных Афінах і веча ў Полацку. Якія агульныя элементы можна вылучыць? У чым адрозненне?

Ужо першыя ўяўленні пра дэмакратыю зыходзілі з таго, што найбольш важнымі яе рысамі з’яўляюцца: народаўладдзе, наяўнасць роўнасці ўсіх грамадзян перад законам, роўнае права на ўдзел у кіраўніцтве грамадствам, прыняцце рашэнняў большасцю галасоў. У сучасных умовах дэмакратыя набыла новыя формы, але пры гэтым яна захоўвае сваю галоўную сутнасць — народаўладдзе.

Галоўнай асаблівасцю дэмакратыі ў сучасным грамадстве з’яўляецца тое, што гэта дэмакратыя прадстаўнічая. Прадстаўнічая дэмакратыя будуецца не на прамым волевыяўленні народа, а на тым, што народ абірае сваіх прадстаўнікоў у органы дзяржавы і тым самым надзяляе іх правам прымаць рашэнні ад яго імя, гэта значыць, дэлегуе ім пэўныя паўнамоцтвы. Галоўным элементам прадстаўнічай дэмакратыі з’яўляецца парламент (ад франц. parler — гаварыць). Першыя парламенты з’явіліся ў эпоху позняга феадалізму для таго, каб абмежаваць уладу манарха. Радзімай парламента з’яўляецца Англія. Парламент — гэта вышэйшы выбарчы орган, які здзяйсняе прадстаўніцтва асноўных сацыяльна-палітычных інтарэсаў розных пластоў грамадства. Парламент — гэта вышэйшы заканадаўчы орган сучаснага дэмакратычнага грамадства, яго галоўнай функцыяй з’яўляецца выданне законаў. Парламент абіраецца народам, увасабляе вяршэнства яго суверэннай улады, кіруе ад імя народа. У розных краінах ён называецца па-рознаму: парламент, кангрэс, рыксдаг, сойм і інш.

img
icon-discussions

Як вы лічыце, пра якую каштоўнасць або прынцып дэмакратыі выказаўся Вацлаў Гавел?

«Толькі грамадзянскае грамадства, у якім актыўныя грамадзяне свабодна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці, праяўляючы пры гэтым альтруізм і салідарнасць з іншымі, можа захоўваць дэмакратыю жыццяздольнай».

Для таго каб дзеянні палітычнай эліты былі на ўзроўні чаканняў грамадзян, узнікае неабходнасць у пастаянным удзеле апошніх у працэсе прыняцця рашэнняў, прычым не толькі шляхам галасавання раз у чатыры гады. Рэферэндумы, плебісцыты, апытанні грамадзянскай думкі — гэта элементы прамой дэмакратыі, якія дазваляюць шырокім пластам грамадства ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў. У дэмакратычным грамадстве грамадзяне актыўна ўдзельнічаюць у працэсах прыняцця рашэнняў па жыццёва важных пытаннях грамадства. Яны даводзяць да прадстаўнікоў улады свае праблемы, просяць прыняцця дзейсных рашэнняў і мер і актыўна ўдзельнічаюць у рэалізацыі пастаўленых задач.

Рэферэндум — форма непасрэднага волевыяўлення грамадзян, гэта інстытут прамой дэмакратыі. Радзімай рэферэндуму з’яўляецца Швейцарыя. Да сённяшняга дня самая вялікая колькасць рэферэндумаў праводзіцца ў гэтай краіне. Рашэнні, якія прымаюцца рэферэндумам, маюць два статусы: абавязковы і рэкамендацыйны. У заканадаўстве многіх краін (у тым ліку і ў нашай краіне) утрымліваецца норма, згодна з якой рашэнні, прынятыя на рэферэндуме, могуць быць скасаваны толькі рэферэндумам. Гэта падкрэслівае асаблівую ролю рэферэндуму ў дэмакратычным грамадстве. Таксама важным элементам дэмакратыі з’яўляецца плебісцыт.

Плебісцыт — гэта апытанне грамадзян, як правіла, з мэтай выявіць грамадскую думку.

Пытанне Апісанне
Хто можа ініцыяваць правядзенне рэспубліканскага рэферэндуму?
Хто можа ініцыяваць правядзенне мясцовага рэферэндуму?
Хто назначае рэспубліканскі рэферэндум?
Хто назначае мясцовы рэферэндум?
Якім з’яўляецца галасаванне на рэферэндуме?
Якім чынам можна змяніць рашэнне, прынятае на рэферэндуме?
icon-task
Вывучыце главу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прысвечаную рэферэндуму. Запоўніце табліцу.

Права грамадзян ініцыяваць законапраекты ці арганізоўваць рэферэндумы, выказваць сваё меркаванне з нагоды розных праектаў рашэнняў — усё гэта элементы «дэмакратыі ўдзелу», якая заклікана кампенсаваць пэўныя недахопы «прадстаўнічай дэмакратыі». Іншымі словамі, «дэмакратыя ўдзелу» — гэта няспынныя адносіны паміж абранымі і выбаршчыкамі, чыноўнікамі і выбаршчыкамі. Гэта, па сутнасці, «дыялог з грамадзянінам». Усе члены супольнасці павінны мець магчымасць браць удзел у агульным прыняцці рашэнняў.

Выбарчае права. Найважнейшай прыметай дэмакратычнай сістэмы з’яўляецца магчымасць грамадства кантраляваць уладу. Галоўнымі інструментамі кантролю з’яўляюцца сродкі масавай інфармацыі і дзейнасць апазіцыйных арганізацый і партый. Выбары таксама з’яўляюцца працэдурай, у якой рэалізуецца функцыя кантролю ўлады над грамадствам, бо выбары — гэта механізм змены кіруючых эліт, перадачы ўлады мірным, законным шляхам. Выбары рэгулююцца выбарчым правам.

Выбарчае права — гэта сукупнасць юрыдычных норм, якія рэгулююць удзел грамадзян у выбарах прадстаўнічых органаў улады. Выбарчае права рэгламентуе пытанне аб тым, хто можа абіраць і быць абраным.

Прынята вылучаць актыўнае і пасіўнае выбарчае права.

Актыўнае выбарчае права — гэта права грамадзяніна абіраць, асабіста ўдзельнічаць у выбарах.

Пасіўнае выбарчае права — гэта права быць абраным у прадстаўнічыя органы ці на выбарчую пасаду. У аснову сучаснага выбарчага права закладзены прынцып усеагульных, свабодных, прамых, таемных і роўных выбараў.

Выбарчае права для ўсіх?

icon-discussions

Барацьба за жаночае выбарчае права стала масавай у канцы XIX ст. і вялася як жанчынамі, так і мужчынамі самых розных поглядаў.

Адной з ідэалагічных асноў суфражызму лічыцца праца англійскага ліберальнага філосафа Джона Сцюарта Міля «Падпарадкаванне жанчын», выдадзеная ў 1869 г. У гэтай працы, якая прагрымела ў свой час па ўсёй Еўропе, ён адзначыў: «Заканадаўчая падтрымка падпарадкавання аднаго полу другому шкодная».

img
icon-task
Скарыстайцеся сэрвісам міжнароднай арганізацыі нацыянальных парламентаў (https://data.ipu.org/women-ranking?month=1&year=2020) і даведайцеся, якое месца займае Рэспубліка Беларусь у міжнародным рэйтынгу па колькасці жанчын у парламенце.
icon-discussions

Няўдзел у выбарах: апатыя выбаршчыкаў ці байкот?

На працягу шэрагу гадоў існуе заклапочанасць станам дэмакратыі, асабліва ў больш дэмакратычных краінах. Узровень удзелу грамадзян у выбарах зніжаецца, што, відаць, сведчыць пра адсутнасць цікавасці і ўцягнутасці з боку грамадзян. Нізкі ўзровень яўкі на выбары ставіць пад пытанне легітымнасць так званых дэмакратычна абраных прадстаўнікоў, якія ў некаторых краінах фактычна абіраюцца меншасцю выбаршчыкаў.

Абсентэізм (ад лац. absens — адсутны, англ. absenteeism) — ухіленне выбаршчыкаў ад удзелу ў галасаванні на выбарах, ці, у больш шырокім разуменні, палітычныя паводзіны, якія характарызуюцца бяздзейнасцю, ухіленнем ад якога-небудзь палітычнага ўдзелу. Галоўным чынам, маецца на ўвазе ўхіленне ад удзелу ў выбарах.

Чаму вы не галасавалі на мінулых выбарах? Якой была галоўная прычына вашага ўдзелу ў галасаванні на мінулых выбарах?

A. «Я лічыў, што мой голас ніяк не паўплывае на вынікі выбараў».

Б. «Ніхто з кандыдатаў не выклікаў у мяне сімпатыі».

В. «Я не быў згодны ні з адной з прапанаваных палітычных платформ».

Г. «А мне было ўсё роўна…»

Д. Іншыя прычыны (адзначыць якія).

A. «Я лічу гэта сваім дэмакратычным абавязкам».

Б. «Я хацеў аддаць свой голас за … [кандыдата]».

В. «Я хацеў аддаць свой голас за … [партыю]».

Г. «Я не хацеў, каб перамог нехта яшчэ [іншы кандыдат / іншая партыя]».

Д. Іншыя прычыны (адзначыць якія).

icon-discussions
Якія адказы, на вашу думку, характарызуюць дэмакратычны і недэмакратычны палітычныя рэжымы?

Выбарчая сістэма. У кожнай краіне складваецца свая выбарчая сістэма. Выбарчая сістэма — гэта сукупнасць усталяваных законам правіл, прынцыпаў і прыёмаў, з дапамогай якіх вызначаюцца вынікі галасавання і размяркоўваюцца дэпутацкія мандаты. Мандат — месца ў парламенце, атрыманае пасля перамогі на выбарах, выдаецца на перыяд да наступных выбараў. Асноўнымі тыпамі выбарчых сістэм з’яўляюцца: мажарытарная, прапарцыянальная, змешаная.

Мажарытарная сістэма можа быць сістэмай абсалютнай большасці і адноснай большасці. У першым выпадку абраным лічыцца кандыдат, які атрымаў абсалютную большасць галасоў — 50 % плюс адзін голас ад ліку грамадзян, што з’явіліся на выбары. Пры такой сістэме выбары часта праходзяць за два туры. Калі ў першым туры (першае галавасаванне) ні адзін кандыдат не перамог, то два кандыдаты, якія набралі найбольшую колькасць галасоў, выходзяць у другі тур. Абраным лічыцца той, хто атрымаў больш за палову галасоў выбаршчыкаў, якія бралі ўдзел у паўторным галасаванні. На выбарах па мажарытарнай сістэме адноснай большасці кандыдату для перамогі дастаткова набраць больш галасоў, чым каму-небудзь з яго канкурэнтаў, і не абавязкова больш за палову.

Галоўнае адрозненне прапарцыянальнай сістэмы ад мажарытарнай вызначаецца ў тым, што яна будуецца не на прынцыпе большасці, а на прынцыпе прапарцыянальнасці паміж атрыманымі галасамі і месцамі ў абраным органе. Дэпутатамі становяцца члены партый у адпаведнасці з колькасцю пададзеных за іх галасоў. Выбаршчыкі галасуюць не за асобных кандыдатаў, а за партыйныя спісы. Прапарцыянальнай сістэме для вызначэння вынікаў галасавання ўсталёўваецца квота — мінімум галасоў, неабходных для абрання аднаго дэпутата. Для вызначэння квоты агульная колькасць галасоў дзеліцца на колькасць дэпутацкіх месцаў. Месцы паміж партыямі размяркоўваюцца дзяленнем атрыманых імі галасоў на квоту. У шэрагу краін з прапарцыянальнай сістэмай дзейнічае так званы выбарчы парог. Гэта азначае, што дзеля таго, каб быць прадстаўленым у парламенце, партыя павінна атрымаць не менш за пэўны працэнт галасоў выбаршчыкаў, пераадолець пэўны бар’ер (у розных краінах ён розны, ад 2 да 10 %). Партыі, якія не пераадолелі гэтага бар’ера, не атрымліваюць месцаў у парламенце. Прапарцыянальная сістэма можа выкарыстоўвацца толькі на выбарах у парламент ці іншыя (мясцовыя) прадстаўнічыя органы.

Змешаная сістэма — гэта сістэма, пры якой адна частка парламента абіраецца па мажарытарнай сістэме адноснай большасці, а другая — па прапарцыянальнай. Кожны выбаршчык пры такой сістэме мае два галасы. Адзін голас ён аддае за кандыдата, які абіраецца па мажарытарнай сістэме, а другі голас — за партыйны спіс. Пры падвядзенні вынікаў асобна падлічваюцца і першыя, і другія галасы выбаршчыкаў. Прадстаўніцтва любой партыі ў парламенце складваецца з тых яе прадстаўнікоў, якія абраны і па мажарытарнай, і па прапарцыянальнай сістэме. Выбары праходзяць за адзін тур.

У сучасных дэмакратычных сістэмах прынцыпы выбарчага права распаўсюджваюцца і на ўдзел грамадзян у рэферэндумах.