Печатать книгуПечатать книгу

*§ 4-1. Сацыяльная камунікацыя

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 10 клас
Книга: *§ 4-1. Сацыяльная камунікацыя
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 29 Апрель 2024, 05:09

Сацыяльная камунікацыя. У навуковай літаратуры ёсць мноства падыходаў да класіфікацыі сацыяльнай камунікацыі, што адлюстроўвае шматаспектнасць дадзенага працэсу. Так, вылучаюць вербальную і невербальную камунікацыю. Вербальная камунікацыя выкарыстоўвае ў якасці знакавай сістэмы чалавечае маўленне, натуральную гукавую мову (сістэму фанетычных знакаў). Пры гэтым вербальная камунікацыя падзяляецца на вусную і пісьмовую. Невербальная камунікацыя выкарыстоўвае так званую мову цела, калі ў якасці знакаў выступаюць жэсты, міміка, пантаміміка, вобразы, інтанацыі і да т. п. У паўсядзённых зносінах сродкі невербальнай камунікацыі часцей за ўсё служаць для дапаўнення чалавечага маўлення. Уключэнне час ад часу ў маўленне эмацыйных жэстаў, мімікі, паўз, кашлю, плачу, смеху дазваляе ўзмацніць інтанацыю, падкрэсліць значнасць выказвання.

У залежнасці ад спосабу ўстанаўлення кантакту вылучаюць непасрэдную і апасродкаваную камунікацыю. Непасрэдная камунікацыя характарызуецца наяўнасцю візуальнага кантакту паміж камунікатарам і аўдыторыяй. Апасродкаваная камунікацыя заснавана на выкарыстанні адмысловых сродкаў сувязі (пошта, тэлеграф, тэлефон). Пры гэтым сучасныя сродкі сувязі, якія дазваляюць забяспечыць двухбаковы аўдыёвізуальны кантакт, у значнай ступені сціраюць межы паміж непасрэднай і апасродкаванай камунікацыяй.

У залежнасці ад характарыстыкі суб’ектаў зносін, як правіла, вылучаюць міжасобасную, міжгрупавую і масавую камунікацыю. Міжасобасная камунікацыя рэалізуецца паміж двума або некалькімі індывідамі. У межах міжгрупавой камунікацыі плыні інфармацыі цыркулююць паміж дзвюма або некалькімі групамі (арганізацыямі) з мэтай ажыццяўлення сумеснай дзейнасці або процідзеяння адзін аднаму.

Масавая камунікацыя.

icon-persona

Ніклас Луман: «Тое, што мы ведаем пра наша грамадства і нават пра свет, у якім жывём, мы ведаем дзякуючы масмедыя.

Далей паняццем “масмедыя” павінны быць ахоплены ўсе грамадскія ўстановы, якія выкарыстоўваюць тэхнічныя сродкі для распаўсюджвання паведамленняў (Kommunikation). Перш за ўсё маюцца на ўвазе кнігі, часопісы, газеты, якія вырабляюцца на друкарскім станку; а таксама іншыя вынікі фота- ці электроннага капіравання ў тым выпадку, калі масавыя прадукты вырабляюцца для яшчэ не вызначаных адрасатаў.

Распаўсюджванне паведамленняў у эфіры таксама трапляе пад гэтае паняцце, калі паведамленне агульнадаступнае, а не служыць выключна для тэлефоннай сувязі асобных удзельнікаў. Масавая вытворчасць рукапісаў пад дыктоўку, якая нагадвае старажытныя скрыпторыі, не можа задавальняць дадзенаму паняццю, як і агульнадаступнасць прасторы, у якой ажыццяўляецца камунікацыя, а значыць, гутарка ідзе не пра даклады, тэатральныя прадстаўленні, выставы, канцэрты, а пра іх распаўсюджванне на касетах або дысках. Гэтае абмежаванне можа выглядаць крыху штучным, але сэнс у тым, што толькі машынная вытворчасць якога-небудзь прадукту як носьбіта камунікацыі, а не пісьменнасць сама па сабе, прывяла да адасаблення сістэмы масмедыя. Тэхналогія распаўсюджвання тут з’яўляецца амаль такім самым дасягненнем, якім для эканомікі стала апасродкаваная функцыя грошай: сама гэта тэхналогія канстатуе толькі медыум  умову тых магчымасцей для формаўтварэнняў, якія затым адрозніваюцца ад самога медыума, утвараюць камунікацыйныя аперацыі, якія забяспечваюць адасабленне і замкнутасць аперацый сістэмы».

img
icon-discussions
Ці можна выкарыстоўваць дадзеную візуалізацыю для ілюстрацыі поглядаў Н. Лумана і М. Маклюэна?
icon-persona

Фрагмент інтэрв’ю з канадскім філосафам Маршалам Маклюэнам «Мы глядзім на свет праз люстэрка задняга віду»:

Можаце расказаць нам гісторыю развіцця медыя з самага пачатку, але сцісла?

— Даволі складана сцісла выкласці, каб застацца ў межах фармату такога інтэрв’ю, але я паспрабую пералічыць асноўныя медыяпрарывы. Пры гэтым хачу нагадаць, што мая трактоўка тэрміна «медыя» вельмі шырокая: яна мае на ўвазе наогул любую тэхналогію, якая ўзмацняе ўспрыманне чалавека і магчымасці чалавечага цела,  гэта можа быць што заўгодна, ад адзення да камп’ютараў. І яшчэ адзін істотны момант, на які я хачу звярнуць увагу: грамадства заўсёды фарміруецца непасрэдна прыродай медыя, якія выкарыстоўваюць людзі, а не іх зместам. Любой тэхналогіі ўласцівы «мідасаўэфект»: як толькі ў грамадстве ўзмацняецца які-небудзь уплыў, усё астатняе тут жа пачынае змяняцца, каб укараніцца ў гэтую навінку. Як толькі ў грамадстве з’яўляецца новая тэхналогія, яна тут жа змяняе ўсю структуру гэтага грамадства. Такім чынам, новая тэхналогія  рэвалюцыйны па сваёй натуры інгрэдыент. Мы можам упэўніцца ў гэтым, назіраючы, як развіваюцца электрычныя медыя. Мы бачылі гэта шмат тысяч гадоў таму, калі вынайшлі фанетычны алфавіт, які на той час быў такой жа перспектыўнай навінкай, якая мела велізарныя наступствы для чалавецтва.

Калі нават, як вы сцвярджаеце, медыя нясуць у сабе ўсё пасланне, як вы можаце зусім не браць у разлік кантэнт? Няўжо змест выказванняў Гітлера па радыё не аказваў уплыў на немцаў, напрыклад?

— Акцэнтуючы ўвагу на тым, што медыя, а не кантэнт,  гэта пасланне, я не кажу, што кантэнт не адыгрывае ролі, хутчэй яму адводзіцца другасная роля. Нават калі б Гітлер перадаваў лекцыі па батаніцы, які-небудзь іншы дэмагог пачаў бы выкарыстоўваць радыё для рэтрайбалізацыі немцаў, зноў распальваючы цёмны, атавістычны бок племянной культуры, якая спарадзіла еўрапейскі фашызм ў 20-я і 30-я гг. XX ст. Калі надаваць усю ўвагу зместу і амаль нічога носьбіту, мы страчваем усе шанцы зразумець і паўплываць на ўздзеянне новых тэхналогій на чалавека, робячыся такім чынам заўсёды ашаломленымі і непадрыхтаванымі да рэвалюцыйных змен навакольнага свету, выкліканымі новымі медыя. Ашаломлены гэтымі зменамі, не здольны іх зразумець, чалавек паўтарае апошні адчайны крык свайго племяннога продка Тарзана ў момант яго падзення на зямлю: «Хто змазаў тлушчам маю ліяну?» Нямецкі яўрэй, якога пераследвалі фашысты з-за таго, што яго стары племянны лад сутыкнуўся з іх новым, не мог зразумець, чаму свет перавярнуўся, гэтак сама як зараз амерыканцы не разумеюць рэканфігурацыю сацыяльных і палітычных інстытутаў, выкліканую электрычнымі медыя ў цэлым і тэлебачаннем у прыватнасці.

icon-task

Перачытайце фрагмент інтэрв’ю, выкарыстоўваючы прыём INSERT (назва ўяўляе сабой абрэвіятуру):

interactive (інтэрактыўная);

noting (пазнавальная);

system for (сістэма для);

effective (эфектыўнага);

reading (чытання);

thinking (і разважання).

У працэсе чытання рабіце паметкі:

«+» — я гэта ведаю;

«!» — новая для мяне інфармацыя;

«-» — супярэчлівая інфармацыя (супярэчыць таму, што я ведаў);

«?» — узніклі пытанні, мне незразумела, патрэбны тлумачэнні, удакладненні.