Печатать книгуПечатать книгу

Максім Гарэцкі

1. Падумайце, якія адрозненні маюць філасофская, інтэлектуальная, гістарычная і ваенная проза.
2. Патлумачце значэнне слова «хутар». Чым хутар адрозніваецца ад вёскі?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 10 клас
Книга: Максім Гарэцкі
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 25 Ноябрь 2024, 00:59

*Біяграфія

Максім Гарэцкі раней за замежных пісьменнікаў «страчанага пакалення» (напрыклад, Рэмарка) напісаў мастацка-дакументальныя творы пра вайну, але аўтар быў рэпрэсіраваны і забыты на паўстагоддзя.

А праз 100 гадоў пасля Гарэцкага менавіта за мастацка-дакументальныя творы беларуская літаратура атрымала сваю першую Нобелеўскую прэмію.

Максім Гарэцкі нарадзіўся 18 лютага 1893 года ў вёсцы Малая Багацькаўка ў беднай сялянскай сям’і. Але бацькі пастараліся яго вывучыць: пасля Вольшынскай двухкласнай школы і настаўніцкіх класаў, якія давалі права вучыць грамаце дзяцей, ён быў прыняты ў Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча на казённы кошт. У час вучобы дэбютаваў з літаратурным творам — апавяданнем «У лазні» (1913).

У 1914 годзе пачалася Першая сусветная вайна, і Гарэцкі падаў заяву аб залічэнні ў «вольнапісаныя» ў войска Расійскай імперыі, часткай якой у той час была Беларусь. На фронце быў цяжка паранены. Акрыяўшы пасля ранення, зноў трапіў на фронт — ужо ў званні прапаршчыка.

У першы перыяд творчасці (1913—1914) Максім Гарэцкі замацаваў у беларускай літаратуры сацыяльна-псіхалагічнае апавяданне, у якім акцэнтаваў станоўчыя моманты сялянскага жыцця: пісьменнік праводзіў героя ад негатыўнай ацэнкі традыцыйнага вясковага жыцця да веры ў тое, што навука і культура выведуць беларускую вёску з цемры. Максім Гарэцкі першым сказаў пра неабходнасць берагчы нацыянальную інтэлігенцыю.

Галоўны герой ранніх твораў — адукаваны хлопец, які сутыкаецца з вясковым асяроддзем, цёмнымі і абыякавымі да свайго жыцця людзьмі.
Герой, выхадзец з вёскі, перажывае дваістасць сітуацыі: ён ужо не свой сярод сялян і яшчэ не свой у горадзе. Асваенне магчымасцей інтэлектуальнай, філасофскай прозы пачалося цыклам «Што яно?».
Пры гэтым філасофскае паказвалася ва ўзаемасувязі з сацыяльна-палітычным: закаснелае грамадства, якое баіцца ўсяго новага, наўрад ці здатнае да пошукаў ісціны, пазнання чалавека і прыроды.

Навукоўцы гавораць. «Найперш... у даробак беларускай літаратуры Максім Гарэцкі, поплеч з Якубам Коласам, стварыў тып беларускага інтэлігента — чалавека рэфлексуючага» (Людміла Корань. «Дынаміка жанравых структур у беларускай прозе ХХ ст.»).

Пісьменнік звярнуўся да твораў гістарычнай тэматыкі: паказаў, як беларусы змагаюцца за незалежнасць, і асуджаў здраду нацыянальным інтарэсам.

У драматызаванай аповесці «Антон» пісьменнік прапанаваў узор сацыяльнай аналітыкі. Не проста паказаў сюжэтныя калізіі, але патлумачыў вытокі трагедыі, як канкрэтная рэчаіснасць прывяла галоўнага героя да дэфармаваных уяўленняў пра жыццё і справядлівасць.

У творчасці пісьменнік хутка прыйшоў да паяднання двух літаратурных метадаў — рэалістычнага і мадэрнісцкага (лірыка-экспрэсіўнага).

У 1917 годзе цяжка захварэў і быў дэмабілізаваны ў Смаленск для лячэння. Пачаў супрацоўнічаць з мясцовымі газетамі. У 1918 годзе разам з Янкам Купалам Максім Гарэцкі быў слухачом факультэта гісторыі мастацтваў смаленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута, але вучыцца не змог з-за недахопу часу.

У другі перыяд творчасці (1915—1918) вельмі змяніліся герой і пафас твораў Максіма Гарэцкага. У ранніх тэкстах герой верыў у сілу асветы, бачыў перспектыву, якая падсвечвалася аўтарскім аптымізмам. Цяпер героямі сталі ахвяры вайны — і пісьменнік засяродзіўся на тыповых характарах.

Максім Гарэцкі прыйшоў да высновы, што герой, нават ахвяра сацыяльнага ладу і злой людской волі, сам адказны за свае ўчынкі і справы. Творчасць гэтага перыяду, які супадае па часе з Першай сусветнай вайной, прасякнута антываенным пафасам.

У 1919 годзе пераехаў у Вільню разам з рэдакцыяй газеты «Звязда» і ў гэтым жа годзе ажаніўся з настаўніцай Віленскай Беларускай гімназіі Леанілай Чарняўскай. У іх нарадзілася двое дзяцей. 

У пачатку 1920-х гадоў пісьменнік быў удзельнікам многіх гурткоў і, адпаведна, быў знаёмы з іх кіраўнікамі і ўдзельнікамі — Антонам Луцкевічам, Францішкам Аляхновічам. У 1923 годзе Гарэцкі разам з сям’ёй атрымаў у Варшаве дазвол на пераезд у БССР. Сям’я жыла ў Мінску і Горках.

У трэці перыяд (1919—1923) пісьменнік шмат займаўся навукова-метадычнай дзейнасцю і стварыў «Гісторыю беларускае літэратуры», на якую абапіраліся ўсе наступныя пакаленні літаратуразнаўцаў.

Навукоўцы гавораць. «Ведама: дрэнна крытыка такая, што крытыкуе не творы, а аўтара. <...> Што значыць крытыкаваць творы? Па-мойму, крытыкаваць — значыць шукаць таго ж, чаго шукаў аўтар, і рабіць думку яго яснейшай чытачу...» (Максім Гарэцкі).

У прозе гэтага перыяду (культавая аповесць «Дзве душы» і інш.) раскрывалася тэма рэвалюцыі, новай улады і яе стаўлення да беларусаў. Галоўны герой Ігнат Абдзіраловіч — сялянскі сын, які яшчэ немаўляткам быў падменены на панскага сына, свайго равесніка. У творы паказваецца эвалюцыя поглядаў героя, які не змог прыняць ідэалогію рэвалюцыйнай барацьбы, бо яна прыводзіла да гвалту, жорсткасці і бессэнсоўнай гібелі людзей.

Навукоўцы гавораць. Міхась Мушынскі ў артыкуле пра аповесць «Дзве душы» Максіма Гарэцкага адзначыў яе прарочы характар, выказаў думку, што «твор, напісаны ў 1919 годзе, дакладна прадказваў чорныя ночы 1930-х і наступных гадоў у жыцці народа».

У чацвёрты, савецкі, перыяд (1923—1937) пісьменнік завяршыў адзін з першых дакументальных твораў у беларускай літаратуры — «На імперыялістычнай вайне». Вайна ўпершыню была паказана з пункту гледжання яе радавога ўдзельніка. У «Сібірскіх абразках» пісьменніка найбольш хвалявала пытанне абароны нацыянальных інтарэсаў беларусаў: ці можна захаваць сваю культуру без дзяржаўнасці? «Сібірскія абразкі» — незавершаны цыкл апавяданняў і замалёвак, дзе закранаецца тэма беларускіх перасяленцаў у Сібіры. Максім Гарэцкі ў 1926 годзе ездзіў збіраць матэрыял для гэтага цыкла і новага твора — «Камароўскай хронікі» — у далёкі Благавешчанск.

Навукоўцы гавораць. Крытык Антон Навіна, пішучы ў 1931 годзе пра напрамкі ў сучаснай яму літаратуры, вылучыў найперш рацыяналізм і містыцызм. У прыхільнікі другога напрамку ён запісаў Максіма Гарэцкага: «…гэта незвычайна цікаўны ідэолаг новае беларускае адраджэнскае інтэлігенцыі, якая часта шукае ў містыцы адказу на недаўменныя пытанні, каторыя так востра паўстаюць перад выхаджэнцамі з народнае гушчы». Да творцаў-«містыкаў» крытык прылічыў таксама Алеся Гаруна і Змітрака Бядулю. Прызнаўшы, праўда, што Максім Гарэцкі і Змітрок Бядуля пазней адышлі ад гэтага напрамку.

У сваёй галоўнай кнізе «Камароўская хроніка» ў летапіснай дзённікавай манеры і ў форме перапіскі Максім Гарэцкі знітаваў побытавае жыццё герояў і грамадска-палітычныя падзеі.

У рамане-хроніцы «Віленскія камунары» Максім Гарэцкі развіў думку, якая была агучана яшчэ ў аповесці «Дзве душы», а таксама паказаў, што людзі ў глыбінцы не разумелі рэвалюцыі, а экскурс у гісторыю роду Мышкаў выявіў вытокі трагедыі беларускага народа.

Развітальны твор Максіма Гарэцкага «Скарбы жыцця» — гэта і філасофская прыпавесць, і пісьменніцкая споведзь, і прароцтва. Аўтабіяграфічны апавядальнік, як і пісьменнік у час напісання твора, знаходзіўся на мяжы жыцця і смерці. А таму асноўнымі ў «Скарбах жыцця» сталі такія філасофскія матывы, як вечнасць, шлях, маўчанне, холад, небыццё і збавенне, што стылёва набліжала тэкст да своеасаблівага галашэння. Ён завяршаецца так: «Браму скарбаў сваіх зачыняю. Цану рэчам пазнаў. Людзей да самых глыбінь уведаў. Жыццём даражыць навучыўся».

У 1938 годзе Максім Гарэцкі быў рэпрэсіраваны, а яго творы, якія да 1930 года актыўна выдаваліся, чыталіся і разглядаліся ў навучальных установах, былі ўзорам для пісьменнікаў-пачаткоўцаў, аказаліся забароненымі на некалькі дзесяцігоддзяў. Толькі ў 1960-я гады яго творчасць пачала вяртацца ў літаратурны працэс: з’яўляліся кнігі навукоўцаў Дзмітрыя Бугаёва, Алеся Адамовіча, Міхася Стральцова, прысвечаныя творчасці і лёсу пісьменніка. Сёння Максім Гарэцкі з’яўляецца бясспрэчным класікам беларускай літаратуры, але яго ўплыў на развіццё айчыннай культуры мог бы быць непараўнальна большы.

Уклад у развіццё літаратуры

1. Максім Гарэцкі стварыў канцэпцыю беларускага нацыянальнага характару, прааналізаваўшы спецыфіку беларускай самаідэнтыфікацыі.

2. Заснаваў традыцыю філасофскай, інтэлектуальнай, гістарычнай, ваеннай прозы (з антываенным пафасам і асуджэннем вайны). Даў беларускай літаратуры першыя ўзоры сацыяльна-псіхалагічнага апавядання.

3. У адрозненне ад многіх сваіх сучаснікаў змог па-мастацку асэнсаваць рэвалюцыю і савецкую ўладу з беларускіх пазіцый і выказаць гэта ў творах.

4. Пачаў асэнсоўваць тэму бяспраўнасці чалавека. Напісаў адзін з першых у Савецкай Беларусі лагерных дзённікаў («Лявоніус Задумекус»).

5. Максім Гарэцкі «стаў заснавальнікам гісторыка-літаратурнай канцэпцыі і прынцыпаў навуковага даследавання літаратуры мінулага, заснавальнікам школьнага і акадэмічнага літаратуразнаўства» (Зоя Мельнікава). Большасць навуковых ідэй Максіма Гарэцкага была скарыстана яго паслядоўнікамі, часта без спасылкі на забароненага аўтара.

6. Як Аляксандр Герцэн і Мікалай Чарнышэўскі сфармулявалі галоўныя пытанні для рускай культуры ў ХІХ стагоддзі — «хто вінаваты?» і «што рабіць?», так Максім Гарэцкі сфармуляваў галоўнае пытанне для беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя — «за што?».

___________________________

1 Упершыню эмігранцкая тэма закраналася ў кнігах «Выбіраймася ўпрочкі! Скарэй у Томск!», «Нашы перасяленцы» (1896) Аляксандра Ельскага і «На перасяленне: Расказ цёткі Домны з Палесся» (1903) Марыі Косіч.

Пытанні

1. Чаму для пісьменніка важна менавіта асуджэнне вайны?
2. Якія тэмы і жанры Максім Гарэцкі распрацаваў адным з першых у беларускай літаратуры?
3. Як класік ацэньваў рэвалюцыю? Чаму?
4. Чаму творы Максіма Гарэцкага, напісаныя ў 1930-я гады, былі надрукаваны толькі ў 1960-я?
5. Які ўклад пісьменнік унёс у беларускую літаратурную крытыку?