Print this chapterPrint this chapter

Беларуская літаратура 1920—1930-х гадоў

*Проза 1920-х гадоў

Пры асэнсаванні гістарычных падзей пачатку ХХ стагоддзя пісьменнікі падзяліліся на дзве групы:

  • адны імкнуліся растлумачыць і апраўдаць помсту прыгнятальнікам (Змітрок Бядуля, маладое пакаленне);
  • іншыя — зафіксаваць у мастацкіх вобразах элементы «аджылай» свядомасці (Максім Гарэцкі).

Старэйшыя пісьменнікі прытрымліваліся пазіцый гуманізму, а для маладзейшага пакалення сацыяльнае было важней за індывідуальнае.

Для прозы гэтага часу характэрны стварэнне вобраза «новага чалавека» (Кузьма Чорны, Міхась Зарэцкі, Кандрат Крапіва, Міхась Лынькоў, Платон Галавач), акцэнт на гераізме, знешніх эфектах, перавага прыгодніцкага сюжэта, што спрыяла экранізацыі. Так, першы беларускі мастацкі фільм «Лясная быль» (1926) быў зняты паводле твора Міхася Чарота «Свінапас».

У гэты час былі завершаны першыя беларускія раманы1 (Цішка Гартны «Сокі цаліны»; Міхась Зарэцкі «Сцежкі-дарожкі»), Якуб Колас напісаў дзве аповесці з будучай трылогіі — «У палескай глушы», «У глыбі Палесся».

Навукоўцы гавораць. «Зусім натуральна, у кампазіцыі прыгодніцкага рамана выключнае месца заняў герой. <…> Бакавыя лініі сюжэта, перакрыжоўваючыся з сюжэтнай магістраллю, даюць авантурную сітуацыю, але ніякай самастойнай ролі не граюць, — яны толькі пункты прылажэння сіл галоўнага героя. Арганізуецца лінія героя па схеме несканчонага налыгвання (накладання, нанізвання. — Аўт.) аднае прыгоды на другую» (Юры Бярозка. «Праблемы прыгодніцкага романа» (1927)).

Упершыню ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя з’явілася рабочая (Міхась Лынькоў) і эмігранцкая (Максім Гарэцкі) тэматыка.

_______________
1 Раман «Золата» Ядвігіна Ш. так і застаўся недапісаным, таму яго часам называюць аповесцю.