Print this chapterPrint this chapter

Алесь Гарун

* Біяграфія

Алесь Гарун быў вельмі добры шахматыст.

Гуляў адзін супраць некалькіх супраціўнікаў і амаль заўсёды выйграваў.


Алесь Гарун (Аляксандр Прушынскі) 
нарадзіўся 11 сакавіка 1887 года ў фальварку Новы Двор (цяпер гэта межы Мінска) у сям’і рабочага. У пяць гадоў навучыўся чытаць, у сем пайшоў вучыцца ў прыходскае вучылішча, а потым — у мінскую школу рамесных вучняў, дзе выявіўся яго талент чырванадрэўшчыка. У 1902 годзе Гарун скончыў вучобу з кваліфікацыяй майстра-сталяра. Пэўны час працаваў у майстэрнях і на прадпрыемствах Мінска.

У 1904 годзе ўвайшоў у партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў, стаў актыўным агітатарам сярод моладзі. На гэты час прыпадае пачатак самастойнай літаратурнай дзейнасці. У 1905—1906 гадах напісаў дагэтуль не знойдзеныя некалькі вершаў — зваротаў да моладзі і працоўных («Чаму так, скажэце, жывецца на свеце?» і інш.).

У 1907 годзе за сваю актыўную дзейнасць быў арыштаваны ў мінскай падпольнай друкарні, а ў 1908-м высланы ў Сібір. Жыў у Іркуцкай губерні, займаўся сталярнай і цяслярнай працай. З 1914 года працаваў вадалівам на рацэ Лене, у гэты час займаўся зборнікам «Матчын дар», рукапіс якога восенню 1914 года даслаў у Вільню. Янка Купала, які ў 1916 годзе, скамянелы ад падзей Першай сусветнай вайны, перастаў пісаць вершы, у 1918-м атрымаў ад Максіма Гарэцкага кнігу Алеся Гаруна «Матчын дар» і быў настолькі ўражаны, што вярнуўся да літаратуры.

У 1915 годзе Гарун пераехаў у Бадайбо (Іркуцкая вобласць) працаваць на залатых капальнях кампаніі «Лензолата», там пазнаёміўся і пасябраваў з Язэпам Лёсікам.

Язэп Лёсік — беларускі пісьменнік, публіцыст, мовазнавец, педагог, грамадскі дзеяч.

Вядомы як адзін з актыўных удзельнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады, акадэмік Беларускай акадэміі навук (цяпер — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі), аўтар шматлікіх прац па беларускім мовазнаўстве. Дзядзька Якуба Коласа. Максім Гарэцкі называў яго таленавітым апавядальнікам.

У 1917 годзе Алесь Гарун вярнуўся ў Мінск і актыўна ўключыўся ў грамадскую працу, хоць моцна падводзіла здароўе. Быў абраны членам Цэнтральнага камітэта Беларускай сацыялістычнай грамады, сустаршынёй І Усебеларускага кангрэса, старшынёй Часовага беларускага нацыянальнага камітэта, рэдагаваў газету «Беларускі шлях», працаваў у дзіцячых прытулках.

У апошнія гады жыцця Алесь Гарун цяжка хварэў на сухоты. Змітрок Бядуля адзначаў, што ў апошні год паэт амаль не выходзіў з кватэры. «Жывыя казкі» яму прыходзілася пісаць у ложку, бо сядзець за сталом было цяжка. Блізкім сябрам удалося ўгаварыць Алеся Гаруна кінуць працу і паехаць лячыцца за мяжу. Гэта было апошняе падарожжа паэта.

28 ліпеня 1920 года Алеся Гаруна не стала. Ён пахаваны ў Кракаве на Ракавіцкіх могілках.

Уклад у развіццё літаратуры

1. Стварыў шматпланавы зборнік паэзіі «Матчын дар», у якім звернута ўвага на найважнейшую праблему: самавызначэнне народа, а таксама на мінуўшчыну з мэтай адраджэння былой славы беларусаў.

2. Пашыраў тэматычныя абсягі беларускай прозы, смела спалучаў фантастычную і рэалістычную плыні (у апавяданні «У Панасавым сяле»), не баяўся жанравых пошукаў.

3. Аўтар зборніка п’ес для дзіцячага тэатра «Жывыя казкі», у якіх удала спалучаюцца народныя фантастычныя традыцыі з арыгінальнымі аўтарскімі знаходкамі.