Алесь Гарун
1. Назавіце творы пра Радзіму і родную мову, вывучаныя вамі ў папярэдніх класах. |
Site: | Профильное обучение |
Course: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Book: | Алесь Гарун |
Printed by: | Guest user |
Date: | Wednesday, 16 October 2024, 11:29 AM |
* Біяграфія
Алесь Гарун быў вельмі добры шахматыст. Гуляў адзін супраць некалькіх супраціўнікаў і амаль заўсёды выйграваў. |
Алесь Гарун (Аляксандр Прушынскі) нарадзіўся 11 сакавіка 1887 года ў фальварку Новы Двор (цяпер гэта межы Мінска) у сям’і рабочага. У пяць гадоў навучыўся чытаць, у сем пайшоў вучыцца ў прыходскае вучылішча, а потым — у мінскую школу рамесных вучняў, дзе выявіўся яго талент чырванадрэўшчыка. У 1902 годзе Гарун скончыў вучобу з кваліфікацыяй майстра-сталяра. Пэўны час працаваў у майстэрнях і на прадпрыемствах Мінска.
У 1904 годзе ўвайшоў у партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў, стаў актыўным агітатарам сярод моладзі. На гэты час прыпадае пачатак самастойнай літаратурнай дзейнасці. У 1905—1906 гадах напісаў дагэтуль не знойдзеныя некалькі вершаў — зваротаў да моладзі і працоўных («Чаму так, скажэце, жывецца на свеце?» і інш.).
У 1907 годзе за сваю актыўную дзейнасць быў арыштаваны ў мінскай падпольнай друкарні, а ў 1908-м высланы ў Сібір. Жыў у Іркуцкай губерні, займаўся сталярнай і цяслярнай працай. З 1914 года працаваў вадалівам на рацэ Лене, у гэты час займаўся зборнікам «Матчын дар», рукапіс якога восенню 1914 года даслаў у Вільню. Янка Купала, які ў 1916 годзе, скамянелы ад падзей Першай сусветнай вайны, перастаў пісаць вершы, у 1918-м атрымаў ад Максіма Гарэцкага кнігу Алеся Гаруна «Матчын дар» і быў настолькі ўражаны, што вярнуўся да літаратуры.
У 1915 годзе Гарун пераехаў у Бадайбо (Іркуцкая вобласць) працаваць на залатых капальнях кампаніі «Лензолата», там пазнаёміўся і пасябраваў з Язэпам Лёсікам.
Язэп Лёсік — беларускі пісьменнік, публіцыст, мовазнавец, педагог, грамадскі дзеяч. Вядомы як адзін з актыўных удзельнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады, акадэмік Беларускай акадэміі навук (цяпер — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі), аўтар шматлікіх прац па беларускім мовазнаўстве. Дзядзька Якуба Коласа. Максім Гарэцкі называў яго таленавітым апавядальнікам. |
У 1917 годзе Алесь Гарун вярнуўся ў Мінск і актыўна ўключыўся ў грамадскую працу, хоць моцна падводзіла здароўе. Быў абраны членам Цэнтральнага камітэта Беларускай сацыялістычнай грамады, сустаршынёй І Усебеларускага кангрэса, старшынёй Часовага беларускага нацыянальнага камітэта, рэдагаваў газету «Беларускі шлях», працаваў у дзіцячых прытулках.
У апошнія гады жыцця Алесь Гарун цяжка хварэў на сухоты. Змітрок Бядуля адзначаў, што ў апошні год паэт амаль не выходзіў з кватэры. «Жывыя казкі» яму прыходзілася пісаць у ложку, бо сядзець за сталом было цяжка. Блізкім сябрам удалося ўгаварыць Алеся Гаруна кінуць працу і паехаць лячыцца за мяжу. Гэта было апошняе падарожжа паэта.
28 ліпеня 1920 года Алеся Гаруна не стала. Ён пахаваны ў Кракаве на Ракавіцкіх могілках.
Уклад у развіццё літаратуры 1. Стварыў шматпланавы зборнік паэзіі «Матчын дар», у якім звернута ўвага на найважнейшую праблему: самавызначэнне народа, а таксама на мінуўшчыну з мэтай адраджэння былой славы беларусаў. 2. Пашыраў тэматычныя абсягі беларускай прозы, смела спалучаў фантастычную і рэалістычную плыні (у апавяданні «У Панасавым сяле»), не баяўся жанравых пошукаў. 3. Аўтар зборніка п’ес для дзіцячага тэатра «Жывыя казкі», у якіх удала спалучаюцца народныя фантастычныя традыцыі з арыгінальнымі аўтарскімі знаходкамі. |
Пытанні
1. Складзіце ланцужок дзясловаў, якія паэтапна ахарактарызавалі б жыццёвы шлях Алеся Гаруна. Пракаментуйце, чаму вы выбралі менавіта гэтыя лексічныя адзінкі. | |
2. Знайдзіце інфармацыю, якія таленты былі ў Алеся Гаруна. Паразважайце, якім чынам уплывае на літаратурную творчасць разнапланавасць заняткаў чалавека. |
|
3. Выкажыце ўласныя версіі пра паходжанне псеўданімаў Аляксандра Прушынскага (І. Жывіца, А. Навадворскі, А. Сумны, А. Гарун). Ці падобным шляхам ідзе ўзнікненне сучасных нікнэймаў1? Чым яны, на вашу думку, адрозніваюцца ад творчых псеўданімаў? |
_________________
1 Нікнэ´йм (англ. — ‘мянушка’) — імя або псеўданім, якім карыстальнікі называюць сябе ў інтэрнэце.