* «Страцім-лебедзь»
Site: | Профильное обучение |
Course: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Book: | * «Страцім-лебедзь» |
Printed by: | Guest user |
Date: | Wednesday, 4 December 2024, 5:28 AM |
Гісторыя напісання твора
«Страцім-лебедзь» (1916) — адзін з самых вядомых твораў Максіма Багдановіча.
Балада — драматычна напружаны, сюжэтны ліра-эпічны верш казачна-фантастычнага, легендарна-гістарычнага ці гераічнага зместу (Вячаслаў Рагойша). |
У беларускім літаратуразнаўстве няма агульнага падыходу да вызначэння яго формы. Гэты твор называецца то паэмай (Рыгор Бярозкін, Мікалай Грынчык), то вершам (Іван Навуменка), большасць даследчыкаў лічаць, што «Страцім-лебедзь» — гэта балада (Ірына Багдановіч, Вячаслаў Рагойша і інш.).
Максім Багдановіч напісаў баладу «Страцім-лебедзь» на аснове сюжэта апокрыфа пра Вялікі патоп, апублікаванага Еўдакімам Раманавым у «Беларускім зборніку» (1891). Але ў параўнанні з фальклорным запісам значна пашыраны і паглыблены ідэйны змест. Калі ў апокрыфе звярталася ўвага на фізічную сілу птушкі і яе вымушаную дабрыню, то Максім Багдановіч шмат увагі надаваў унутранаму стану свайго героя і ўсвядомленаму выбару служэння іншым.
Значны ўплыў на напісанне твора аказалі ўласныя перажыванні аўтара. Максім Багдановіч аднойчы прызнаваўся Змітраку Бядулю: «Я задумаў твор на тэму біблейскага міфа. Гэтую тэму навеяла мне вайна, гібель мільёнаў і мой уласны лёс. Да чаго абрыдла мне такое жыццё! Дзень за днём у земстве. Справаздачы. Калонкі лічбаў…» Напісаны незадоўга да смерці Максіма Багдановіча, «Страцім-лебедзь» можа лічыцца своеасаблівым паэтычным запаветам. Паэт, працуючы над творам, адчуваў, што жыць яму засталося нядоўга, і вельмі востра гэта ўспрымаў.
З успамінаў. Змітрок Бядуля прыгадваў: «Праз некалькі дзён, калі “Страцім-лебедзь” быў начыста напісаны дробным бісерным почыркам, Максім чытаў мне гэты верш. Ён чытаў усхваляваным глухаватым голасам. Канцоўку ён прагаварыў надломным тонам: Ад усіх цяпер патомкі ёсць, Ён запнуўся і тут жа паправіўся: Ды няма адных — Страцімавых». |
Характарыстыка вобразнай сістэмы
У цэнтры ўвагі балады — моцная і гордая птушка Страцім-лебедзь:
Яго звычаі — арліныя,
Яго ўцехі — сакаліныя;
Пер’і-пер’ечкі бялеюцца
Ды на золку агнявеюцца.
У яго крыле — трыста тры пяра:
Узмахне крылом — быццам бор шуміць,
Узмахне другім — што мяцель гудзіць.
У беларускім фальклоры лебедзь — адзін з улюбёных вобразаў, які ўвасабляе вернасць у каханні, хараство, чысціню і святасць. У Максіма Багдановіча гэта сімвал творчага пачатку і волі, незалежнасці, перакананасці ў сваёй праўдзе, унікальнасці, абранасці:
Ды ўзяў туды Ной і птах і звяроў,
Каб не звёўся іх род з зямлі.
Ды не плыў к яму з мора сіняга
Страцім-лебедзь — горды, моцны птах.
Толькі гэта птушка была здольна абараніць ад смерці «дробных птахаў», якія «енчаць жаласна, ад нуды крычаць, // Выглядаюць стуль прытулачку». Максім Багдановіч не адлюстроўваў ваенных падзей, але паказваў сітуацыю не менш страшную — знішчэнне слабых і безабаронных, калі ўратавацца немагчыма. Аднак заўсёды знаходзіўся той, хто быў здольны ахвяраваць сабой дзеля іншых, дзеля дасягнення высокіх мэт. Як знаходзяцца і тыя, хто праз свой эгаізм, няўдзячнасць і няздольнасць да спачування можа загубіць жыццё іншых:
Лебедзь з сілы выбіваецца,
Птушкі ажна усцяшаюцца.
Колькі ні прасіў-маліў Страцім-лебедзь пра адпачынак, але птушкі не паслухалі яго. Фінал балады трагічны: «горды, моцны птах» загінуў у сінім моры. Учынак птушкі абуджае пачуццё павагі да моцных духоўна і дальнабачных людзей, здольных паказаць іншым іх лепшыя і горшыя бакі.
Ідэйны змест твора
Балада Максіма Багдановіча можа ўспрымацца як гімн высакароднасці і актыўнай жыццёвай пазіцыі.
Мікалай Грынчык адзначаў: «Сацыяльна-эстэтычны сэнс алегарычных вобразаў і падзей зразумелы ў кантэксце агульнай задумы твора — імкнення аўтара паказаць трагічны лёс той часткі сялянства, якая, разгубіўшыся перад тварам грозных падзей, гінула на палях імперыялістычнай вайны ці на шляхах бежанства. Такі ж лёс чакаў і тую частку дэмакратычнай інтэлігенцыі, якая ішла на бессэнсоўныя ахвяры ў імя абстрактных ідэалаў дабра і справядлівасці».
Характарыстычная формы балады «Страцім-лебедзь»
У баладзе «Страцім-лебедзь», як і ў іншых творах Максіма Багдановіча, назіраецца гармонія зместу і формы.
З мэтай стылізацыі пад народную песню паэт выкарыстаў традыцыйны для вуснай народнай творчасці танічны верш з перавагай асананснай рыфмоўкі, падабраў інтанацыю, блізкую да рэчытатыву.
Для характарыстыкі свайго героя Максім Багдановіч карыстаўся гіпербалай. Як і ў фальклоры, гераічныя рысы лебедзя пададзены праз знешнія дэталі (рухі крылаў нагадваюць шум бору і гул завірухі), шматразовыя паўторы.
«Страцім-лебедзь» — адзін з апошніх твораў Максіма Багдановіча, у якім найбольш значна праявіўся талент мастака.
Пытанні
1. Паразважайце над цытатай з даследавання Мікалая Грынчыка, змешчанай у тэксце раздзела.
З якімі тэзісамі вы згодны? З якімі — не?
Акрэсліце ваша асабістае разуменне ідэі твора.
2. З якім персанажам верша асацыюе сябе лірычны герой?
Якімі словамі перадаюцца яго перажыванні?
У чым выяўляецца сувязь аўтара і героя балады?
3. Які агульнавядомы сюжэт Максім Багдановіч паклаў у аснову балады?
Як вы думаеце, чаму лебедзь адмовіўся ратавацца ў каўчэгу?
4. Знайдзіце ў баладзе народна-паэтычныя матывы, якія яднаюць яе з фальклорнымі творамі.
Падбярыце адпаведныя ілюстрацыі з тэксту.
5. Параўнайце, як вырашана тэма паэта і паэзіі ў баладзе «Страцім-лебедзь» і паэме Якуба Коласа «Сымон-музыка».
У якім творы пераважае трагічны пафас, а ў якім — рамантычны?