Print bookPrint book

Патрыятычная лірыка Цёткі

Site: Профильное обучение
Course: Беларуская літаратура. 10 клас
Book: Патрыятычная лірыка Цёткі
Printed by: Guest user
Date: Sunday, 8 December 2024, 6:13 PM

* Патрыятычная лірыка Цёткі

Танічнае вершаскладанне
сістэма вершаскладання, у аснове якой — аднолькавая колькасць моцных, або апорных, націскаў у вершаваных радках. Колькасць жа ненаціскных складоў паміж націскнымі можа быць рознай.
_______________
Мастацкая дэталь — 
выяўленчая і выразная падрабязнасць, рыса або элемент прадмета, партрэта, інтэр’ера, пейзажу і іншага лiтаратурнага твора, якая нясе значную iдэйна-эмацыянальную i сэнсавую нагрузку.

У вершах паэткі прасочваюцца рысы вуснай народнай творчасці (танічнае вершаскладанне, фальклорныя вобразы і эпітэты, параўнанні, звароткі), звязаныя з песеннай традыцыяй, у творах прысутнічаюць рамантычна-сімвалічныя вобразы, засяроджваецца ўвага на мастацкіх дэталях. Паэтычны стыль Цёткі вылучаецца адмысловай («няроўнай») рытмікай і інтанацыйнай выразнасцю (прынцып інтанацыйнага падкрэслівання), выкарыстаннем гукапісу і тропаў, адметным паэтычным сінтаксісам.

Сінтаксіс паэтычнага твора больш складаны за сінтаксіс празаічнага тэксту. Да паэтычнага сінтаксісу найперш адносяцца рытарычныя фігуры, розныя віды і формы стылістычных (або сінтаксічных) фігур: у вершаваных творах сустракаюцца градацыя, недаказ, паралелізм, разнастайныя паўторы (анафара, эпіфара, шматпрыназоўнікавасць, шматзлучнікавасць) і інш.

Вершы «Мора», «Вера беларуса», «Мае думкі»

У вершы «Мора» (1905), які мае падзагаловак «Рэвалюцыя народная», паэтка стварыла алегарычны малюнак рэвалюцыйнай барацьбы. Вобраз бурнага мора ўвасабляе стыхію народнага бунту, гневу і рашучасці:

Мора вуглем цяпер стала,
Мора з дна цяпер гарыць,
Мора скалы пазрывала,    
Мора хоча горы змыць.   

Вобразы неба і нябеснага трона сімвалізуюць месцазнаходжанне абагоўленага цара. Пры гэтым у вершы не закладзены антырэлігійныя ідэі. Бой паміж «морам» і «небам» апісваецца паэтэсай як смяротны, але неабходны, жаданы, чым сцвярджаецца адпаведная эстэтыка гераічнага і ўзвышанага ў змаганні:

Такі бой вякамі жджэцца,
Такі бой гігантаў дасць…  

У вершы Цёткі «Мора» можна адзначыць дынамізм, эмацыянальнасць, узнёсласць, якія дасягаюцца праз паўторы, схільнасць да  гіпербалізацыі, наяўнасць адпаведных вобразаў і метафар, выкарыстанне гукапісу.

У вершы «Вера беларуса» (1905) створаны вобраз народа-змагара. У творы сцвярджалася думка, што беларусы «людзьмі стануць»: 

Веру, братцы: людзьмі станем,
Хутка скончым мы свой сон...  

Цётка ўскладала пэўныя надзеі на рэвалюцыю, чакала, што ў ХХ стагоддзі абуджаныя грамадзяне напішуць новы, справядлівы закон. Паэтка падрэслівала волю, загартаванасць, непераможную сілу народа. У тым ліку праз паўтор займенніка «мы» Цётка акцэнтавала ўвагу на еднасці, аб’яднанасці розных людзей адной мэтай:

Бачу, братцы, мы не з карт,       
Мы не з гіпсу, мы — з камення,
Мы — з жалеза, мы — са сталі...

Верш, у якім удала выкарыстана градацыя, узмоцненая паўторамі, завяршаецца заклікам:

Цяпер, братцы, мы з граніту,
Душа наша з дынаміту,          
Рука цвёрда, грудзь акута,     
Пара, братцы, парваць пута!

Верш «Вера беларуса» ўспрымаецца адначасова і як разважанне аўтара, і як палымяны заклік да дзеяння, да станоўчых пераўтварэнняў.

У вершы «Мае думкі» (1905—1906) праз зварот да зразумелых чытачу вобразаў (напрыклад, зерне, рэчка) Цётка выказвала сваю любоў да Радзімы, выяўляла імкненне служыць людзям:

Хацела б быць зярном пшаніцы,
Упасць на ніўкі вёскі,                   
Зазалаціцца, без мятліцы            
Даць хлеб смачнейшы трошкі.   

Самаадданае жаданне быць карыснай свайму народу, Радзіме гучыць і ў наступных радках:

Думаць усюды аб народзе,
Родны край усюды сніць... 

Персаніфікацыя (увасабленне)
разнавіднасць метафары, якая заключаецца ў наданні чалавечых уласцівасцей рэчам, прадметам і з’явам прыроды.

Аднак словы персаніфікаванага ветру, якімі заканчваецца твор, гучаць з некаторым песімізмам, што ўказвае на пэўныя сумненні лірычнай гераіні і яе адпаведны душэўны стан:

Я там біўся, я там віўся,     
Я ім хаты паламаў,             
А ўсё ж такі не дабіўся,      
Каб народ свой голас даў!..

Такім чынам, у разгледжаных вершах Цёткі выказваецца занепакоенасць лёсам Бацькаўшчыны і выяўляецца адметны паэтычны стыль.

Літаратурныя сувязі. Грамадскую дзейнасць Цёткі і яе мужа згадаў Максім Гарэцкі ў рамане «Віленскія камунары». У паэзіі Цёткі і Якуба Коласа маюць падабенства лірычныя героі: іх мары вызначаюцца канкрэтнасцю, рэалістычнасцю.

Пытанні

1. Якія тэмы і праблемы ўздымаюцца ў вершах «Мае думкі», «Вера беларуса», «Мора»?
Дакажыце, што на гэтыя вершы Цёткі паўплывала фальклорная традыцыя.
2. Знайдзіце ў вершы «Вера беларуса» гіпербалы, якія паказваюць народную сілу.
Для чаго аўтар выкарыстала іх у творы-закліку?
Які тэмп верша ў фрагменце з іпербаламі — хуткі, энергічны або ўрачысты, запаволены?
Якія знакі прыпынку ўказваюць на тэмп?
3. Параўнайце эмоцыі, якія перадаюцца ў першай («Хацела б быць…») і другой («Альбо ветрам абярнуся…») частках верша «Мае думкі».
Прасачыце, якімі часцінамі мовы пераважна выражаецца настрой твора. Як ён змяняецца ад пачатку да фіналу верша?
4. Прааналізуйце верш Цёткі «Мора» паводле алгарытму аналізу паэтычнага твора.
Звярніце ўвагу на выкарыстанне ў гэтым вершы сінтаксічных сродкаў выразнасці.
5. Зборнік Цёткі «Скрыпка беларуская» быў падпісаны псеўданімам Гаўрыла з Полацка.
Як гэты псеўданім указвае на сувязь творчасці пісьменніцы са спадчынай Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага, Францішка Багушэвіча?
Паразважайце, чаму Алаіза Пашкевіч узяла такое літаратурнае імя.
6. Пазнаёмцеся з песнямі на словы Цёткі.
Уявіце, што вы — прадзюсар, якому прапанавалі падрыхтаваць музычную кампазіцыю для сучаснай моладзі, створаную на вершы пісьменніцы.
Які тэкст і па якіх крытэрыях вы выбераце?
Якім чынам вы будзеце дзейнічаць: возьмеце гатовы трэк, прапануеце кавер або створыце новую песню? Як будзеце папулярызаваць кампазіцыю?

* Апавяданне «Асеннія лісты»

Проза Цёткі прадстаўлена найперш падарожнымі нататкамі і апавяданнямі («Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», «Прысяга над крывавымі разорамі», «Лішняя» і інш.), а таксама тэкстамі для дзяцей. Для празаічнай творчасці пісьменніцы характэрны лірызм і філасафічнасць, сузіральнасць і метафарычнасць.

У апавяданні «Асеннія лісты» (1910—1912), тыпалагічна блізкім да лірычнай імпрэсіі, старыя Сымон і Сцяпан аглядаюцца на свой цяжкі лёс. Яны параўноўваюцца з асеннімі лістамі, што атрасае вецер, — алегорыяй жыццёвых бур у творы. Гэта параўнанне можна заўважыць у словах Сымона: «А мы з табою, Сцяпане, праўду сказаць, асеннія лісты, патрасе шчэ крыху намі, патрасе, і адпадзём!» Апалае лісце выступае сімвалам канца жыцця. У творы выразна гучаць філасофскія думкі: героі апавядання спрабуюць ацаніць пройдзены шлях, знайсці яго сэнс, разважаюць пра смерць: «Уcкaлыxнyўcя вeцep нa cyxix гaлiнкax, быццaм cмepць cмiгaнyлa лёгкiм цeнeм пa лiцax cтapцaў.

— Эй, Сцяпaнe, Сцяпaнe, cтapыя мы ўжo пнi! Аднoю пaлaвiнaй нa гэтым бaкy, дpyгoю нa тым. Фю! Жыццё, як тaя мyxa, бззз! i пpaляцeлa, — пcтpыкae пaльцaмi Сымoн y пaвeтpы».

Прысутнічаюць у апавяданні і біблейскія сімвалы. Нельга абмінуць вобраз крыжа, да якога звяртаецца пісьменніца: успомнім крыж каля варот, радзімы знак у форме крыжа на лапатцы Сцяпана. Такім чынам абыгрываецца ідэя, што кожны чалавек нясе свой крыж — гэта значыць, перажывае наканаванае яму.

Праз дыялогі і мастацкія дэталі раскрываецца псіхалагічны стан герояў, перадаецца іх настрой. Аповед пераходзіць з сацыяльна-бытавога плана (апісанне гутаркі старых) ва ўмоўна-сімвалічны (разважанне пра хуткаплыннасць чалавечага існавання, наканаванасць лёсу). Таксама для тэксту характэрны пэўная музычнасць гучання і ірацыянальнасць у падыходзе да рэчаіснасці.

Апавяданне «Асеннія лісты» — адзін з найлепшых празаічных твораў пісьменніцы.

* Пытанні

1. Ці можна сцвярджаць, што апавяданне «Асеннія лісты» прысвечана праблеме ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей?
Адказ абгрунтуйце цытатамі з тэксту. 
2. Ахарактарызуйце вобразы Сымона і Сцяпана (Характарыстыка мастацкага вобраза-персанажа). 
3. Прачытайце выказванне літаратурнага крытыка Рыгора Бярозкіна: «Ніводзін беларускі паэт так не любіў дзеяслова і так шырока, можна сказаць, так універсальна не карыстаўся ім, як Цётка».
Ці перадае яно, на вашу думку, асаблівасці творчага майстэрства Цёткі?
Прывядзіце прыклады, якія пацвердзяць ваш адказ.
4. Прааналізуйце структуру твора, мастацкія прыёмы, дэталі і вобразы-сімвалы, ужытыя ў ім, апісанне псіхалагічнага стану персанажаў, філасофскія матывы. 
5. Параўнайце вобраз асенніх лістоў у апавяданні Цёткі і ў вершы Уладзіміра Караткевіча «Лісце», які вывучаўся ў VI класе.
Ці можна пагадзіцца з меркаваннем, што ў названых творах пейзажная лірыка паказвае ў першую чаргу перажыванні чалавека? 
6. Якой аўдыторыі можа быць цікавы фільм паводле апавядання Цёткі «Асеннія лісты»?
Абгрунтуйце сваё меркаванне. 

7. Распрацуйце ў групах кадраплан апавядання «Асеннія лісты».

№ кадра План (дэталь, буйны, сярэдні, агульны, дальні)  Персанажы Фон (дэкарацыі) Дзеянне
ў кадры
Гукавое афармленне