Print bookPrint book

ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Літаратурны працэс

Site: Профильное обучение
Course: Беларуская літаратура. 10 клас
Book: ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Літаратурны працэс
Printed by: Guest user
Date: Sunday, 8 December 2024, 6:44 PM

* Літаратурны працэс

Літаратурны працэс

Літаратурны працэс — гістарычнае развіццё літаратуры, якое абумоўлена масавым узаемадзеяннем і ўзаемаўплывам асоб, твораў, крытыкі, грамадска-палітычных абставін, літаратурнага канона і эстэтычных ідэалаў часу.

У працэсе фарміравання і развіцця літаратуры вылучаюцца найбольш выдатныя пісьменнікі, а іх творы з цягам часу становяцца нацыянальнай класікай.

Навукоўцы гавораць. «Для літаратурнага працэсу важная ідэйна-мастацкая пераемнасць. Беларуская літаратура развіваецца перарывіста. У выніку моўныя, геаграфічныя, дзяржаўныя, палітычныя, канфесійныя перамены1 ўскладняюць пераемнасць — і гэта на некалькі дзесяцігоддзяў або нават назаўжды змяняе натуральны ход літаратурнага працэсу.

На беларускі літаратурны працэс паўплывалі, напрыклад, наступныя падзеі: высылка філаматаў за межы тэрыторыі Беларусі; рэакцыя пасля паўстання 1863—1864 гадоў; пераслед рэвалюцыйна настроеных пісьменнікаў пачатку ХХ стагоддзя; гібель літаратараў падчас Першай сусветнай вайны; рэпрэсіі 1930-х гадоў; Другая сусветная вайна і г. д.» (Аксана Бязлепкіна).

__________________
1
Моўныя перамены выявіліся ў паслядоўным дамінаванні або наяўнасці ў літаратурным працэсе розных моў (старабеларуская, лацінская, польская, руская, беларуская). Геаграфічныя перамены — ва ўключэнні або выключэнні пэўных рэгіёнаў з беларускага літаратурнага працэсу (напрыклад, вельмі адрозніваецца статус Вільні ў пачатку ХХ стагоддзя і пачатку ХХІ стагоддзя). Дзяржаўныя перамены заключаюцца ў тым, што Беларусь уваходзіла ў склад розных дзяржаў — Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, палітычныя — у існаванні пэўнага грамадска-палітычнага ладу (царызм, сацыялізм), канфесійныя — у наяўнасці і актыўным узаемадзеянні хрысціянскіх канфесій, пазней — у атэізме.


У пачатку ХХ стагоддзя ў беларускай літаратуры пісьменнікі працавалі найперш у рэчышчы рэалізму і мадэрнізму. Рэалізм, напрыклад, праявіўся ў творчасці Якуба Коласа і Максіма Гарэцкага. Пры гэтым на тагачасных творцаў працягваў аказваць уплыў і рамантызм, прыметы якога ў пачатку ХХ стагоддзя заўважаюцца, напрыклад, у Янкі Купалы і Максіма Багдановіча. Таксама навукоўцы аперыруюць паняццем «неарамантызм», якое можна разумець і як працяг рамантызму, і як напрамак мадэрнізму.

Мадэрнізм — агульная назва многіх літаратурных плыняў, якія вызначаліся засяроджанасцю на ўнутраным свеце чалавека, адасобленасцю ад сацыяльна-гістарычных пераўтварэнняў, элітарнасцю, незвычайнасцю мастацкай формы.

Найбольш актуальнымі для беларускай літаратуры першай трэці ХХ стагоддзя былі такія яго напрамкі, як імпрэсіянізм, сімвалізм і неарамантызм (гл. табліцу «Літаратурны працэс»).

Імпрэсіянізм — літаратурная плынь, у якой дамінуюць суб’ектыўныя ўражанні аўтара і якая вызначаецца фрагментарнасцю і расплывістасцю адлюстравання, увагай да дэталей, адценняў. Адным з заснавальнікаў з’яўляецца французскі паэт Поль Верлен.

Сімвалізм — літаратурная плынь, якая вызначаецца зваротам да філасофскіх таямніц, выкарыстаннем сімволікі, недасказанасці, намёкаў, загадкавых вобразаў. Сімвал — гэта знак, што злучае рэальны свет з ірэальным. Адзін з творцаў узорнага сімвалізму — Аляксандр Блок.

Неарамантызм — «новы рамантызм», эстэтычная плынь, што ўзнікла ў Еўропе на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў, развівала эстэтыку рамантызму. У неарамантычных творах апяваліся амбівалентныя героі, якіх разрываюць гарачыя пачуцці; у творах не было адназначнай  перамогі дабра над злом.

Паралельна развіваўся авангардызм. Пад гэтай назвай звычайна аб’ядноўваюць наватарскія стылі і плыні мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў, якія адмаўлялі традыцыйныя падыходы ў мастацтве. Авангардных плыняў у сусветнай культуры шмат, але для беларускай літаратуры актуальныя найперш экспрэсіянізм, імажынізм і футурызм.

Экспрэсіянізм — адна з плыняў авангардызму, якая вызначаецца трагічным светапоглядам, напружанасцю пачуццяў, шматзначнасцю матываў, сімвалаў і пepaвaгай плана выражэння ўнутранага зместу над планам знешняга адлюстравання. Узнік як рэакцыя на імпрэсіянізм. Адзін са стваральнікаў экспрэсіянізму — аўстрыец Франц Кафка. 

Імажынізм — паэтычная школа, для якой маляванне словам, чыстая вобразнасць значаць больш за тэматыку твораў, дзе аўтары пазбягаюць неабавязковых слоў, цэняць нечаканыя і запамінальныя слоўныя малюнкі. Яскравым імажыністам у сваёй ранняй творчасці быў рускі паэт Сяргей Ясенін.

Футурызм — мастацкі рух 1920-х гадоў, які сцвярджаў мастацтва будучыні праз адмаўленне традыцыйнай культуры. У творах апяваліся гарадская эстэтыка і індустрыялізацыя. Славуты футурыст — рускі паэт Уладзімір Маякоўскі.

* Табліца «Літаратурны працэс»

Паняцце  Аўтары  Прыклады

Сентыменталізм

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Як сягоння, здаецца, бачу век праснёны,
Калі з мілым Каролем у гэты лес зялёны
Мы хадзілі спакойна пад апекай Бога.
Нашы сэрцы дзіцячы не зналі трывогаў.
     Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. «Ідылія»

Рамантызм

Янка Купала

Цётка

Уладзімір Жылка

Скурганіў бы душу чырванцом тваім я;
Гуслям, княжа, не пішуць законаў:
Небу справу здае сэрца, думка мая,
Сонцу, зорам, арлам толькі роўна.
Бачыш, княжа, загоны, лясы, сенажаць, —
Ім пакорны я толькі з гуслямі,
Сілен, княжа, караць, галаву сілен зняць, —
Не скуеш толькі дум ланцугамі.
     Янка Купала. «Курган»

Рэалізм Якуб Колас

I тут у першы раз Міхала
Вось гэта думка напаткала:
Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,
Каб з панскіх выпутацца пут,
I там зажыць сабе нанова:
Свая зямля — вось што аснова!
     Якуб Колас. «Новая зямля»

Імпрэсіянізм

Максім Багдановіч

Змітрок Бядуля

Ядвігін Ш.

Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог,
Улажылі спаць мяне вы на зямлі.
Не курыцца светлы пыл усцяж дарог,
Ў небе месяца праглянуў бледны рог,
Ў небе ціха зоркі расцвілі.
     Максім Багдановіч«Цёплы вечар, ціхі вецер...»

Хваёвая смала ў руках і кмін
і папараці ліст пажоўклы.
Узвеяў лісціной — і пацяклі
над вуліцамі мроі зёлак.
     Уладзімір Дубоўка. «Кругі»

Сімвалізм

Янка Купала

Максім Гарэцкі

Уладзімір Жылка

На крыжавых пуцінах з ёй сустрэўся —
Куды ісці, не ведала яна,
І я не ведаў — ў полі я ці ў лесе,
І мне ляжала сцежка не адна.
Як путнікі, заблуканыя ўночы,
Стаялі мы пад труднай ношкай дум;
Адно другому пазіралі ў вочы
І слухам клікалі найменшы шум.
     Янка Купала. «Яна і я»

Выходзяць дзяўчаты
Выгукваць вясну...
Я славу вам, хаты,
На дзідзе вярну!

Голас яе...
Бурай пяе...
Я ж вачэй не ўзніму, багавіца,
Толькі ўзрушаны думкі чамусь.
О, як соладка сэрцу маліцца:
Беларусь, Беларусь, Беларусь!
      Уладзімір Жылка. «Уяўленне»

Неарамантызм

Янка Купала

Вацлаў Ластоўскі

Так страшны той разбойнік згінуў,
Што ўмеў любіць і забіваць;
На грэх пусціўся праз дзяўчыну
І мусіў праз яе сканаць.
     Янка Купала. «Магіла льва»

Экспрэсіянізм

Максім Гарэцкі

Вацлаў Ластоўскі

Ніхто не ведаў, што гора ў мяне. Ніхто не ведаў, што цяжка мне. З кім мне было гора падзяліць? З кім мне было цяжкасць аблягчыць? Вакол людзі сцюдзёныя, чужыя... Што ім да мяне... Горка мне было, што песень хаўтурных не пачую, што гутарак спачувальных не будзе...
     Максім Гарэцкі. «Скарбы жыцця»

Імажынізм

Язэп Пушча

Уладзімір Дубоўка

Пальцы жоўтых кляновых лістоў 
мкнуцца восень схапіць за шыю.
Не парушаць яе хараство, 
не парушаць лісты залатыя.
     Уладзімір Дубоўка«Пальцы жоўтых кляновых лістоў»

Раніца жытняя
ў сіні блакітнай
вудзіць далі праменнямі.
А з-пад чоўна гукае белы кіт
старыну святымі імкненнямі.
     Адам Бабарэка. «Раніца жытняя...»

Футурызм

Паўлюк Шукайла

Уладзімір Дубоўка

Перагрупоўка настрояў,
стыляў:
самалёты...
лапці...
галіфэ...
Новае ўсё шырыцца няспынна,
ля касцёла ж —
фэст...
     Уладзімір Дубоўка. «Кругі»

Прыйшоў час,
паўсталі мы.
І мёртвыя
вышлі на барыкады.
На шляхох у нас —
агні… агні
у барацьбе за волю
і праўду…
      Паўлюк Шукайла. «На Беларусі…»

Пытанні

1. Растлумачце, што такое літаратурны працэс.
Якое значэнне для яго мае бесперапыннасць?
2. Якія літаратурныя напрамкі ўласцівы прозе і паэзіі пачатку ХХ стагоддзя?
3. Разгледзьце табліцу «Літаратурны працэс».
Знайдзіце ў мастацкіх прыкладах праяўленне асаблівасцей адпаведных напрамкаў (плыняў, школ і г. д.).
4. Адшукайце ў інтэрнэце карціны сімвалістаў і імпрэсіяністаў.
Падбярыце словы, якімі вы маглі б іх апісаць, і складзіце адпаведны невялікі слоўнік эмоцый.