Паэма «Кепска будзе!», Апавяданне «Тралялёначка»
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Книга: | Паэма «Кепска будзе!», Апавяданне «Тралялёначка» |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Суббота, 21 Декабрь 2024, 16:22 |
Паэма «Кепска будзе!»
Адным з найбольш яркіх, самабытных твораў Францішка Багушэвіча з’яўляецца паэма «Кепска будзе!». У цэнтры ўвагі паэтадэмакрата — лёс беларускага хлопца, у якім, без перабольшання, увасоблены лёс беларускага народа. З самага маленства герою паэмы спадарожнічаюць гора і няўдачы. Нарадзіўся ён у сакавіку, калі ў сялянскай хаце не было чаго есці, а ўжо каб справіць хрэсьбіны, пра тое не даводзілася нават марыць. Замест таго каб везці немаўля ў касцёл, спрытная кума хрысціць яго вадою з Бярэзіны і сама выдумляе імя — Аліндарка.
— Вот і хрэст увесь тут, — кажа, —
І ксёндз хрысце гэтаксама,
Толькі яшчэ чымсь памажа ,
А хлопцу ўсё роўна — яма!
Не быў шчаслівым і далейшы лёс Аліндаркі — спачатку памірае маці, потым гіне бацька. Хлопец застаецца сіратой, жыве нейкі час у цёткі, пакуль не трапляе да добрага чалавека — айчыма, які прымае небараку як роднага сына. Жыццё беларускіх сялян паказвалася Францішкам Багушэвічам надзвычай рэалістычна. Паэт не хаваў сацыяльнай няроўнасці, бездапаможнасці мужыка перад чыноўніцтвам.
Беларус нібыта нараджаўся пад злой зоркай, усё жыццё імкнуўся пазбавіцца ад галечы, але вынікам гэтых намаганняў нязменна станавіліся крыж і магіла. Праўда, свет сялянства не аднастайны. Былі сярод вяскоўцаў і п’яніцы, і прайдзісветы, але былі і сумленныя людзі. Гэта яшчэ раз сведчыць, што паэт імкнуўся крытычна глядзець на суайчыннікаў, не прыхарошваў, не ідэалізаваў беларускія рэаліі.
У літаратуры Беларусі пазнейшага перыяду (Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі і інш.), у дарэвалюцыйных творах 1910х гадоў, звычайна прысутнічаў востры сацыяльны канфлікт паміж панам і мужыком. Пры гэтым пан разглядаўся як асноўная крыніца зла.
У мастацкім свеце паэмы «Кепска будзе!» такога звыклага для нас супрацьстаяння няма. Вобраз злога пана замяняе чыноўнік. Францішак Багушэвіч паказвае чыноўніка як бяздушны інструмент беспрычыннага гвалту царскага самаўладства. Матыў неабароненасці чалавека перад сістэмай паўстае надзвычай яскрава ў сцэне, дзе Аліндарка спрабаваў заступіцца за сябе і айчыма перад асэсарам.
Дваццацігадовы Аліндарка — сумленны, працавіты, старанны, свабодалюбівы юнак. Ён трапіў у турму. Тое, як успрымае Аліндарка астрог і яго насельнікаў, вельмі падобна да адпаведных момантаў з часткі ІІІ паэмы Адама Міцкевіча «Дзяды»: спрытныя, падобныя да чарцей, юрысты, людзіздані, якія вартуюць «злачынцаў», і людзіздані, якія знаходзяцца пад вартай. Турма для Аліндаркі — гэта своеасаблівы чысцец (згадаем верш паэта «Быў у чысцы!»), адкуль яго мусіць вызваліць айчым. У фінале герой атрымлівае надзею на шчаслівую будучыню, калі даведваецца сваё сапраўднае імя. На думку даследчыкаў літаратуры, лёс Аліндаркі сімвалізуе лёс Беларусі. Францішак Багушэвіч спадзяваўся, што родная старонка набудзе лепшую долю.
Вобразу айчыма трэба надаць асаблівую ўвагу. Ён, звычайны селянін, у паэме з’яўляецца носьбітам якасцей праведніка, бо здолеў захаваць веру ў справядлівасць, у тое, што «праўда выйдзе, як з магілы!». Намаганнямі айчыма галоўны герой вяртаецца на Радзіму.
Здаецца, зло пераможана, праўда ўзяла верх. Аднак вяртанне ў родную вёску не азначала для Аліндаркі сацыяльнага і нацыянальнага разняволення. Вяртанне — толькі невялікі адпачынак перад новымі выпрабаваннямі. І разам з тым змест паэмы не пакідае ўражання бесперспектыўнасці, беспрасветнасці. Аліндарка і айчым у паэме Багушэвіча — «людзі Божыя», што значыць, маюць трывалую веру ў дабро. Менавіта вера дапамагае ім захоўваць чалавечнасць у сапраўды нечалавечых умовах.
Літаратурныя сувязі. Кнігі Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская» і «Смык беларускі» ідэйна паўплывалі на «Прамову» (1893) Каруся Каганца1 і кампазіцыйна — на кнігі «Скрыпка беларуская» (1906) Цёткі, «Жалейка» (1908) Янкі Купалы, «Песніжальбы» (1910) Якуба Коласа, «Чыжык беларускі» (1912) Гальяша Леўчыка. |
_________________________
1 Карусь Каганец (Казімір Кастравіцкі) быў стрыечным дзядзькам французскага пісьменніка, паэта і крытыка Гіёма Апалінэра (Вільгельма Альберта Уладзіміра Аляксандра Апалінары Вонж Кастравіцкага).
Пытанні
1. Вызначце ідэю паэмы Францішка Багушэвіча «Кепска будзе!». Як яна звязана з загалоўкам? | |
2. Якія элементы сюжэта ёсць у паэме? Коратка перакажыце сюжэт у стылі сучаснага рэпартажу з месца падзей. | |
3. Дайце характарыстыку мастацкага вобраза — персанажа Аліндаркі паводле прыкладнага плана разгорнутага адказу. (Характарыстыка мастацкага вобраза-персанажа) | |
4. Якія нацыянальныя і агульначалавечыя каштоўнасці ўвасоблены ў вобразе айчыма? Якую ролю ён адыграў у лёсе Аліндаркі? | |
5. Назавіце сродкі мастацкай выразнасці, выкарыстаныя Францішкам Багушэвічам у паэме «Кепска будзе!». Як паэма звязана з фальклорам? Прывядзіце прыклады з тэксту. | |
6. Існуе думка, што ў паэме «Кепска будзе!» Францішак Багушэвіч паказаў жыццястойкасць беларускага народа. Паразважайце ў мікрагрупах, ці можна пагадзіцца з такім меркаваннем. | |
7. Уявіце, што паэму «Кепска будзе!» апублікуюць на інтэрнэтпартале для вучняў. Падбярыце да твора адпаведны візуальны, тэкставы і аўдыяматэрыял. Растлумачце, як вы ажыццяўлялі выбар. |
* Апавяданне «Тралялёначка»
Атмасфера паслярэформеннай Беларусі яскрава паўстала ў апавяданні Францішка Багушэвіча «Тралялёначка». Адмена прыгоннага права хоць і зменшыла сацыяльнае напружанне, аднак не прынесла сялянам той свабоды, пра якую яны марылі. На змену пану-прыгонніку і аканому прыйшлі свае ж, больш спрытныя і хітрыя аднавяскоўцы, якія цягнулі з мужыка апошнюю капейку, даводзілі да жабрацтва.
У цэнтры апавядання — селянін Бартак Сасок. Аўтар ахарактарызаваў яго наступным чынам: «…нядобры быў чалавек: як пазыча суседу рубель, то яму трэба дзень араць, дзень касіць, дзень жаць, кожны дзень па грошу працэнту аддаць, а рубель рублём». Філасофія Бартака простая — там добра, дзе ёсць прыбытак. Аднак грошы не самамэта для яго. Бартак разумеў, што разам з багаццем атрымае ўладу над аднавяскоўцамі, зажыве па-панску.
Неўзабаве гэта мара вясковага скнары спраўдзілася. Бартак набыў суседні маёнтак, куды пераехаў разам з сям’ёй. Багушэвіч стварыў гратэскны вобраз хцівага селяніна, які пераапранаецца ў сурдут, набывае сякі-такі глянец, аднак па сутнасці застаецца тым самым драпежнікам, які з яшчэ большым размахам эксплуатуе вяскоўцаў. Колькі слоў варта сказаць і пра жонку Бартака — Касю. Яна моцна нагадвае Франку — гераіню аповесці Элізы Ажэшкі «Хам», напісанай за некалькі гадоў да апавядання Францішка Багушэвіча. Лёс абедзвюх жанчын шмат у чым падобны. У юнацтве яны патрапілі ў маёнтак да багатага пана, дзе набраліся «панскага духу», забыліся на сялянскую працу і сталі з пагардай глядзець на простых людзей. Касю спакусіў Камісар — і даў ёй 300 рублёў пасагу. Сквапны Бартак праз гэты пасаг і ўзяў Касю за жонку.
Ці магла такая сям’я быць шчаслівай? Пісьменнік адказаў на гэта пытанне адмоўна: у доме, дзе пануе не каханне, а халодны разлік, рана ці позна выбухне бяда. Бартак і Бартачыха разышліся, але толькі на пэўны час, каб у фінале апавядання яшчэ раз схапіцца ў непрымірымым змаганні за маёмасць. Грошы, багацце не прынеслі шчасця персанажам апавядання. Хутчэй, наадварот, сталі іх праклёнам.
Бартаку Саску і яго філасофіі нажывы супрацьпастаўлены свет працавітых і сумленных вяскоўцаў, якія за безліччу жыццёвых клопатаў не забываліся на міласэрнасць і спагаду. Тут зноў нельга не правесці паралель з вобразамі, якія стварыла Эліза Ажэшка ў аповесцях «Хам», «Дзюрдзі», «Людзі і кветкі на берагах Нёмана», «Нізіны», бо яны ўвасобілі агульны падыход да селяніна як асобы ў літаратуры ХІХ стагоддзя. Пісьменнікі ў адным ключы паказвалі беларускіх сялян як людзей з прыродным адчуваннем дабра, «інстынктам праўды», якія супрацьпастаўляліся людзям «цывілізаваным», бяздушным, для якіх грошы галоўнае. Падобны канфлікт, дарэчы, таксама стаў адным з асноўных у «Паляўнічых акварэльках з Палесся» Янкі Лучыны (вобраз Грышкі)1.
Другая жонка Бартака бліжэй да простых людзей, яны яе празвалі Тралялёй. Вось што паведаміў пісьменнік пра жанчыну: «…добрая была, вечны ёй пакой: бывала, хто ў вёсцы захварэе, то яна і па доктара пашле, і на лякарства дасць, і дзецям то па грушачцы, то па яблычку. Любілі тыкі мы яе, гэту Тралялю». На жаль, лёс гэтай жанчыны склаўся трагічна. Яна памерла, пакінуўшы малую дачку. «Тралялёначку ж тую бедную мы, злажыўшыся з душы па дзесяць грошы, аддалі, як сваё дзіця, да Марціскі крывой на мамкі на рок (да карміцелькі на год. — Аўт.), а далей не ведалі, што рабіць з беднай сіротачкай, дык ксёндз зыскаўся літасцівы — узяў малую кузянятачку да старой арганісціхі».
Канфлікт паміж светам сялян і светам сляпой нажывы хоць і меў востры сацыяльны характар, быў пададзены аўтарам у хрысціянскім этычным напрамку. За ўчынкі, тыя крыўды, якія здзяйсняў, Бартак быў пакараны — маёнтак згарэў, а сам ён трапіў у турму, дзе хутка і памёр.
______________________
1 Названы твор Янкі Лучыны разгледжаны далей.
* Пытанні
1. Чаму сяляне празвалі Трялялёй другую жонку Бартака Саска? Якое сэнсавае адценне ў гэтай мянушкі? Як яно адлюстроўвае стаўленне людзей да гераіні? |
|
2. Ці мог, на ваш погляд, аўтар даць назву апавяданню «Бартак», «Кася»? Чаму даў назву «Тралялёначка»? Як гэта звязана з ідэяй твора? |
|
3. Прааналізуйце сінтаксічную будову сказаў у адным з абзацаў апавядання (на выбар). Як яна ўплывае на чытэльнасць, лёгкасць успрымання твора? |
|
4. Знайдзіце ў апавяданні словы, не ўласцівыя сучаснай беларускай мове. |