Францішак Багушэвіч
1. У якім беларускамоўным драматычным творы ХІХ стагоддзя гумарыстычна адлюстравана жыццё дробнай беларускай шляхты? Якім паказана гэта жыццё? |
Site: | Профильное обучение |
Course: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Book: | Францішак Багушэвіч |
Printed by: | Guest user |
Date: | Wednesday, 16 October 2024, 11:02 AM |
* Біяграфія
Падчас паўстання 1863—1864 гадоў былы настаўнік Доцішскай школы Францішак Багушэвіч ваяваў у атрадзе Людвіка Нарбута. У сутычцы з рускай арміяй ён быў паранены. Ад смерці пісьменніка выратавалі сяляне. Праз колькі гадоў юрыст Багушэвіч стане «сялянскім адвакатам» і будзе бясплатна абараняць правы простых людзей у судзе. |
Францішак Багушэвіч нарадзіўся 21 сакавіка 1840 года ў фальварку Свіраны каля Вільні. Сям’я паходзіла са старадаўняй збяднелай шляхты.
Бацька паэта Казімір Багушэвіч мусіў даказваць сваё шляхецтва ў геральдычнай камісіі расійскага Сената. Неўзабаве пасля нараджэння Францішка Багушэвічы пераехалі ў спадчынны маёнтак Кушляны, што ў Ашмянскім павеце. Там прайшло дзяцінства хлопчыка. Пачатковую адукацыю ён атрымаў, хутчэй за ўсё, дома, а працягнуў вучобу ў Віленскай гімназіі. У навучальнай установе Багушэвіч надзвычай зацікавіўся гісторыяй і нават прыняў удзел у збіранні экспанатаў для Віленскага музея старажытнасцей.
Ёсць вялікая верагоднасць таго, што ў Вільні Францішак пазнаёміўся з вядомым польскабеларускім паэтам Уладзіславам Сыракомлем. Ва ўсякім разе Францішак быў запрошаны на адкрыццё музея, дзе прысутнічала ледзь не ўся інтэлектуальная эліта: Адам Кіркор, Яўстах Тышкевіч, Вінцэсь Каратынскі, Ігнат Ходзька. Словам, паэт трапіў у кола патрыятычна настроеных, надзвычай адукаваных і прагрэсіўных людзей, якія, безумоўна, паўплывалі на яго сталенне. Атмасфера ў гэтым асяроддзі нагадвала тую, што некалі была сярод філаматаў і філарэтаў, і зусім невыпадкова, што менавіта філаматы (Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан) сталі для Багушэвіча своеасаблівым маральным і жыццёвым арыенцірам.
У 1861 годзе Францішак Багушэвіч завяршыў навучанне ў гімназіі. Яго прозвішча згадвалася ў ліку лепшых выпускнікоў. Наперадзе — бліскучыя перспектывы. Паэт паступіў на фізікаматэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, аднак вучыцца там яму не давялося. Пачаліся студэнцкія хваляванні супраць новых правілаў, якія абмяжоўвалі правы студэнтаў. У лістападзе Францішак Багушэвіч прасіў рэктара аб звальненні «з прычыны цяжкай хваробы». Тым часам студэнцкі пратэст стаў такім сур’ёзным, што хутка прашэнне аб звальненні падаў сам рэктар, а напрыканцы снежня ўніверсітэт наогул быў часова закрыты ўладамі.
Таленавіты юнак вярнуўся на Радзіму, дзе вучыў беларускіх дзетак у прыватнай школе на Лідчыне. Беларусь (як і іншыя землі былой Рэчы Паспалітай) знаходзілася ў перадрэвалюцыйным стане, людзі марылі аб свабодзе. У 1863 годзе выбухнула паўстанне, і Францішак Багушэвіч прыняў у ім удзел. Змагаўся ў Аўгустоўскіх лясах, дзе быў паранены. Нейкім цудам яму ўдалося пазбегнуць трагічнага лёсу кіраўнікоў паўстання. Багушэвіч быў вымушаны скрывацца, з’ехаць з Беларусі на тэрыторыю Украіны, хоць у тагачасных умовах гэта было перамяшчэнне ў межах адной дзяржавы — Расійскай імперыі.
У 1865 годзе ён паступіў у Нежынскі юрыдычны ліцэй, навучанне ў якім завяршыў толькі ў 1868 годзе. Гэта быў надзвычай складаны перыяд жыцця паэта: яму даводзілася літаральна змагацца за жыццё, хапацца за любую магчымасць зарабіць на кавалак хлеба. Атрымаўшы атэстат, Багушэвіч спачатку пераехаў у Чарнігаў, потым — у Кралявецкі павет, потым зноў у Чарнігаў. Працаваў судовым следчым.
У 1871 годзе яго перавялі ў Валагодскую губерню. Для такіх частых пераездаў, зразумела, была свая прычына — былы паўстанец скрываўся, не мог рабіць кар’еру, бо гэта прыцягнула б да яго залішнюю ўвагу. Толькі ў 1883 годзе, праз 20 гадоў пасля паўстання, пасля каранацыі Аляксандра ІІІ была аб’яўлена амністыя. Тады сотні «ўдзельнікаў польскага мяцяжу» пачалі вяртацца на Бацькаўшчыну.
У 1884 годзе Францішак Багушэвіч прыехаў у Вільню, прывёз небагаты набытак, а таксама жонку Габрыэлю, якая нарадзіла яму дачку Канстанцыю і сына Тамаша.
На Радзіме Багушэвіч зарабляў на жыццё адвакацкай дзейнасцю, пры гэтым набыў рэпутацыю абаронцы мужыкоў. З бедных людзей Багушэвіч грошы не браў, чым ускладняў і без таго няпростае матэрыяльнае становішча ўласнай сям’і.
Першыя вядомыя паэтычныя спробы Францішка Багушэвіча датуюцца 1880 годам, хаця не выключана і тое, што да мастацкага слова паэт звяртаўся значна раней, яшчэ падчас свайго навучання ў Нежынскім ліцэі.
Паэтычныя зборнікі Францішка Багушэвіча выклікалі неадназначную рэакцыю ў сучаснікаў. Знаходзіліся «добразычліўцы», якія папракалі паэта ў залішняй увазе да «мужыцкай» мовы і культуры. Надзвычай прыхільна да беларускамоўных вершаў Багушэвіча паставілася пісьменніца Эліза Ажэшка. Яна адзначыла і мілагучнасць, і хараство беларускай мовы, і багатую палітру паэтычнага таленту аўтара «Дудкі беларускай».
У 1891 годзе ў Кракаве першы зборнік паэта «Дудка беларуская» выйшаў неверагодным па тым часе тыражом у 3000 экзэмпляраў і актывізаваў кнігавыданне: пасля яго пачалі штогод выходзіць кнігі пабеларуску, аўтарскія або перакладныя. Беларуская мова ў ім перадавалася не кірылічным, а лацінскім
шрыфтам — беларускай лацінкай. Зборнік складаўся з 16 вершаў і паэмы «Кепска будзе!». Самыя вядомыя публіцыстычныя вершы гэтай кнігі — «Мая дудка», «Бог не роўна дзеле», «Праўда».
У 1907 годзе, праз сем гадоў пасля смерці Францішка Багушэвіча, кніга «Дудка беларуская» была перавыдадзена суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца» ў дарагім (50 капеек) і танным (25 капеек) афармленні. Потым кніга вытрымала яшчэ пяць перавыданняў і была адной з самых шматтыражных на мяжы стагоддзяў. |
Францішак Багушэвіч узяў сабе псеўданім — Мацей Бурачок. Такое імя спатрэбілася, каб чытач хутчэй даверыўся аўтару, які нібыта быў такім самым селянінам, а не збяднелым шляхціцам татарскага паходжання, кім па крыві насамрэч быў Францішак Багушэвіч.
Навукоўцы гавораць. Паводле Ігара Запрудскага, псеўданімы Мацей і Сымон былі абраныя Францішкам Багушэвічам невыпадкова: Мацей выступае як «той, хто гаворыць», а Сымон (у перакладзе са старажытнаяўрэйскай мовы) — як «той, хто чуе». Так, у другім зборніку «Смык беларускі» паэт зрабіў адсылку да першай кнігі: быццам бы Сымон Рэўка зпад Барысава, прачытаўшы «Дудку беларускую» Мацея Бурачка, пачуў беларускае слова і таксама стаў пісаць. |
Другі прыжыццёвы зборнік «Смык беларускі» Францішак Багушэвіч выдаў, хутчэй за ўсё, у Познані ў 1894 годзе.
Навукоўцы гавораць. Верш «Смык», што даў назву другой кнізе паэта, верагодна, прысвечаны яго дачцэ Канстанцыі (Туні), на будучыню якой паэт ускладаў шмат спадзяванняў, нават вазіў яе ў Дрэздэн для навучання музыцы і спевам. Дзяўчына раптоўна страціла свой чароўны голас. А смык — гэта музыкатворчы інструмент, які павінен быў даць голас, відаць, не толькі самому паэту (Паводле Ігара Запрудскага). |
Як і першая кніга, ён быў надрукаваны лацінкай, хоць пазней перавыдаваўся і кірыліцай. Падобна да таго, што, ужываючы некалькі псеўданімаў, Францішак Багушэвіч імітаваў наяўнасць актыўнага літаратурнага жыцця, прысутнасць на беларускім паэтычным Парнасе адразу некалькіх аўтараў. «Смык ёсць, а хтось скрыпку, можа, даробе, а там была “Дудка” — вот і мы зробім музыку». Гэта спатрэбілася, каб давесці чытачу, што беларусы нарэшце абудзіліся, што ўсё часцей з іх шэрагаў выходзяць паэты, а значыць, ёсць надзея на нацыянальнае і сацыяльнае адраджэнне.
Увогуле, тагачасныя псеўданімы мелі шмат функцый. Даследчыца Жанна Некрашэвіч-Кароткая лічыць, што прыналежнасць да шляхецкага саслоўя была ў ХІХ стагоддзі спосабам ідэнтыфікацыі: калі шляхціц, то паляк. Прычым слова «паляк» выкарыстоўвалася для абазначэння не этнічнай, а дзяржаўнай прыналежнасці.
У гэтых умовах Францішак Багушэвіч напісаў: «Маліся ж, бабулька, да Бога, каб я панам ніколі не быў», сцвярджаючы нешляхецкую і няпольскую нацыянальную прыналежнасць мясцовага насельніцтва. З той жа прычыны Цётка ў прадмове да «Скрыпкі беларускай» звярталася да чытачоў ад імя Гаўрылы з Полацка — тутэйшага чалавека: «Доўга я гадаў і думаў, як сябе зваць, ці то палякам, ці то літоўцам, бо слова “тутэйшы” мне нексьць не смакавала. І так колькі гадоў я хістаўся то на ту, то на другую сторану, аж покі не папала ў мае рукі “Дудка” Мацея Бурачка». Іншымі словамі, Цётка, як і многія чытачы твораў Францішка Багушэвіча, зразумела беларускасць гэтага аўтара праз яго адмаўленне ад «шляхецкасці» на карысць «мужыцкасці», што паказвалі і абраныя ім псеўданімы — Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава.
Змест зборніка «Смык беларускі» вельмі блізкі паводле сацыяльнай скіраванасці і вобразнага напаўнення да кнігі «Дудка беларуская». У яго ўвайшлі творы розных жанраў: вершы, песні, калыханка, балада, байка.
Навукоўцы гавораць. «Адзін сходзіць к народу са сваёю творчасцю. Другі сваёй творчасцю выходзіць з гэтага народу. Ад свету да народу — зверху ўніз — такі шлях Марцінкевіча (Дуніна-Марцінкевіча. — Аўт.) і, наадварот, ад народу да асветы — знізу ўверх — ішоў Францішак Багушэвіч» (Крытык Адам Бабарэка, член літаратурнага аб’яднання «Узвышша» (1920-я гады)). |
У 1896 годзе Францішак Багушэвіч неспадзявана атрымаў спадчыну і адбудаваў сядзібу ў Кушлянах. Паэт падаў у адстаўку і вырашыў прысвяціць астатак жыцця творчасці. У красавіку 1900 года пад страхой бацькоўскага дома Францішак Багушэвіч памёр, аднак пакінуў пра сябе самую светлую памяць, застаўся ў гісторыі Беларусі як адзін з пачынальнікаў новай нацыянальнай літаратуры.
Уклад у развіццё літаратуры 1. Францішак Багушэвіч даў беларускай літаратуры ўзор аўтарскай сялянскай паэзіі. Нават псеўданімы падбіраў адпаведныя: Мацей Бурачок, Сымон Рэўка зпад Барысава. Да яго беларускамоўныя творы былі альбо ананімныя, альбо напісаныя шляхціцамі пра мужыкоў. Шляхціц жа Багушэвіч для актывізацыі літаратурнага працэсу пісаў ад імя селяніна.
|