Print bookPrint book

ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Рамантызм як літаратурны напрамак

Site: Профильное обучение
Course: Беларуская літаратура. 10 клас
Book: ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Рамантызм як літаратурны напрамак
Printed by: Guest user
Date: Friday, 11 October 2024, 2:04 PM

Рамантызм як літаратурны напрамак

Рамантызм як літаратурны напрамак

Вырашальнай перадумовай развіцця рамантызму сталі падзеі Французскай рэвалюцыі. З’яўленне рамантызму звязана з антыасветніцкім рухам, прычыны якога ляжаць у расчараванні ў сацыяльным, прамысловым, палітычным і навуковым прагрэсе.

Мысліцелі эпохі Асветніцтва ўяўлялі новае грамадства як самае «натуральнае» і «разумнае». Лепшыя розумы Еўропы абгрунтоўвалі і прадказвалі з’яўленне грамадства будучыні, але рэчаіснасць аказалася непадуладнай «розуму», будучыня — непрадказальнай, ірацыянальнай, а дзяржава стала пагражаць прыродзе чалавека і яго свабодзе.

Рамантызм (ад фр. romantisme — ‘рамантызм’) — мастацкі напрамак, які сфарміраваўся на мяжы ХVIII—ХІХ стагоддзяў у краінах Заходняй Еўропы. Цэнтр мастацкай сістэмы рамантызму — асоба, галоўны канфлікт — паміж асобай і грамадствам.

Асноўнай ідэяй рамантызму было прызнанне каштоўнасці духоўна­творчага жыцця кожнага чалавека і яго права на незалежнасць і свабоду. Вельмі часта ў творах эпохі рамантызму дзейнічалі героі, якія валодалі моцным, бунтарскім норавам, сюжэты былі напружаныя і дынамічныя. Адным з сусветна вядомых рамантыкаў­пачынальнікаў лічыцца англічанін Джордж Байран.

Рамантычны герой — вядучы мастацкі вобраз літаратуры рамантызму; выключная асоба ў выключных абставінах, герой, якога не разумее грамадства і які супрацьстаіць недасканаламу свету, пераўтвараючы рэчаіснасць паводле сваіх ідэалаў.

Уздым пачуццяў, выкліканы звышасабовым ідэалам, барацьбой героя з неспрыяльнымі абставінамі і складаным светам, спарадзіў рамантычны пафас.

У літаратуры Беларусі ХІХ стагоддзя рамантызм праявіўся ў творчасці Адама Міцкевіча, Яна Баршчэўскага, Уладзіслава Сыракомлі, якія папярэднічалі прыходу Янкі Купалы — аднаго з самых
вялікіх рамантыкаў і неарамантыкаў славянскага свету. Аказаў уплыў рамантызм і на беларускае мастацтва — творы Валенція Ваньковіча, Вікенція Дмахоўскага, некаторыя працы Яна Дамеля, Артура Бартэльса і многіх іншых мастакоў ХІХ стагоддзя.

У музычным мастацтве рамантыкам лічаць кампазітара Станіслава Манюшку, які звяртаўся ў творчасці да тэкстаў Яна Чачота, Уладзіміра Сыракомлі, Яна Карловіча — знаўцаў і папулярызатараў беларускага фальклору. Кампазітара прываблівалі песенная аснова іх вершаў, народнасць і лаканічная прастата тэкстаў.

Пытанні

1. Складзіце кластар па тэме «Рамантызм у беларускім мастацтве слова канца ХVІІІ — першай паловы ХІХ стагоддзя».
2. Дайце ўласнае азначэнне паняццю «рамантычны герой», абагульніўшы матэрыял раздзелаў «Тэорыя літаратуры. Літаратурныя напрамкі» і «Тэорыя літаратуры. Рамантызм як літаратурны напрамак».

3. Стварыце свайго рамантычнага героя, апішыце яго знешнасць, характар, узрост, дайце яму імя. Падумайце, персанажам якога твора (ужо напісанага або не) ён мог бы стаць.
Якія ў гэтага твора могуць быць сюжэт, назва?