Печатать книгуПечатать книгу

§ 5-2. Маўленчыя памылкі і спосабы іх выпраўлення

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 5-2. Маўленчыя памылкі і спосабы іх выпраўлення
Напечатано:: Гость
Дата: Вторник, 30 Апрель 2024, 21:21

Правіла

Маўленчымі называюцца памылкі, звязаныя з парушэннем патрабавання правільнасці маўлення, незахаваннем асноўных якасцей культуры маўлення (дакладнасці, лагічнасці, чысціні, дарэчнасці, багацця і выразнасці). Свядома выбіраючы слова, мы павінны мець на ўвазе яго значэнне, стылістычную афарбоўку, спалучальнасць з іншымі моўнымі адзінкамі.

Да маўленчых памылак адносяцца:

  1. ужыванне слова ва неўласцівым яму значэнні: Падарожнік ішоў то наперад, то наадварот;
  2. змешванне часава-трывальных форм дзеяслова: Вясной з’яўляюцца пралескі і расцвілі краскі. Шпак забіраўся ў шпакоўню і сядзіць там;
  3. непрадуманае ўжыванне займеннікаў у кантэксце, што стварае двухсэнсоўнасць: Калі дачкаразвітвалася з маці, яна (?) не плакала.;
  4. неапраўданае выкарыстанне слоў-паразітаў, прастамоўных і дыялектных адзінак: так сказацъ, ну, вось, гэгпа самае, блін, шузы (‘модныя. чаравікі’), (ён) ідзець (літ. ідзе), (я) роблю (літ. раблю) і інш.;
  5. змешванне паронімаў: Гэта была добрая, бескарысная дзяўчынка;
  6. ужыванне сэнсава збыткоўных слоў (плеаназм): Рака замерзла лёдам;
  7. парушэнне лексічнай спалучальнасці: Солдаты выканалі клятву;
  8. паўтарэнне аднаго і таго ж слова ў межах невялікага кантэксту: Чаканае свята набліжаецца. Заўтра яно будзе блізка. Паслязаўтра — зусім блізка. А потым — блізка-блізка;
  9.  ужыванне ў блізкім кантэксце аднакаранёвых слоў: Аднаго разу са мной адбыўся адзін выпадак.

Выправіце маўленчыя памылкі ў сказах-прыкладах да правіла.

Прааналізуйце свае творчыя працы. Якія маўленчыя памылкі вы дапускаеце найчасцей?

Практыкаванне № 45-8

Паўтор слоў не заўсёды выступае паказчыкам маўленчай памылкі. Ён можа быць кампазіцыйным прыёмам: служы́ць для сувязі частак тэксту, падкрэсліваць важную для аўтара думку, надаваць ёй асаблівую эмацыянальную афарбоўку.
Прачытайце тэкст, знайдзіце ў ім паўторы, растлумачце дарэчнасць іх ужывання.

Галоўнае — дабрыня. Дабрыня, веру я апантанал, гэта тая каштоўнасць, якая перамагае ўсё: жорсткасць, сквапнасць, двудушнасць, неразуменне і недавер… Дабрыня асвятляе душу́, дабрыня — гэта стрыжань спрадвечны, на якім трымаецца чалавецтва.сн Дабрыня з’яднае людзей, нягледзячы ні на што (А. Асташонак).

Паспрабуйце замяніць слова, якое паўтараецца, сінонімам або займеннікам. Растлумачце, ці магчымая такая замена.
Што агульнага і адрознага — у лексічным і словаўтваральным плане — у выдзеленых словах?

• Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў тэксце.
 Якую рысу характару вы лічыце галоўнай? Прадоўжыце сказ: Галоўнае — … .

Практыкаванне № 45-9

Знайдзіце і выпраўце маўленчыя памылкі ў сказах з вучнёўскіх сачыненняў. Растлумачце неабходнасць правак.

1. Усе госці атрымалі памятныя сувеніры. 2. Дзякуючы пажару, які ўспыхнуў ад непатушанага вогнішча, загарэлася сухая трава. 3. Было відаць, што кіраўнік настроены на добры настрой. 4. Куртка ў хлопца зусім худая. 5. Я прывык аддаваць брату поўныя справаздачы.  6. Калі наступіў снежань, пагода рэзка змяняецца. 7. Кругом было пустынна, насустрач толькі ішла адна істота. 8. Пісьменнік паказаў вобраз героя ў сваім развіцці. 9. Яна пераказвала думкі героя, выказаныя другім галоўным героем.  10. Перад ёй стаяў рамантычны белабрысы юнак. 11. Калі дзяўчынка падышла да форткі, яна засмяялася.

Практыкаванне № 45-10

Знайдзіце і выпраўце маўленчыя памылкі.

1. Пры неабходнасці мы будзем браць адэкватныя меры. 2. Калі я памыляюся, вы ўдакладніце мяне. 3. Маці Наталлі, калі яна захварэла, стала вельмі нервовай. 4.  Ён наадрэз адмовіўся ад паступіўшай прапановы. 5. Хачу выказаць удзячнасць бібліятэкаршы, якая дапамагла мне падабраць літаратуру. 6. У навуковай канферэнцыі прымала ўдзел мноства народу.  7. Паважаныя бацькі! Паколькі Ваш сын у чарговы раз адхапіў пару, я вымушаны выставіць яго са школы. 8. У яго была дзіўная манера гаварыць, ён выразна вымаўляў кожную літару.

Практыкаванне № 45-11

Дапоўніце табліцу прыкладамі з практыкаванняў 45-9 і 45-10, запісваючы нумар сказа ў графе «Прыклады». Пры неабходнасці падбярыце ўласныя прыклады.

 Раскажыце, як вы працуеце з чарнавікамі ўласных тэкстаў (пераказаў, сачыненняў, эсэ). Да якіх даведнікаў звяртаецеся, каб пазбегнуць памылак, знайсці патрэбнае слова? Ці згодныя вы з думкай пісьменніка Барыса Сачанкі: «Пошукі дакладнага, адзіна-адзінюсенькага слова — цяжкія, пакутлівыя. У слове  не толькі сэнс, у ім i колер, i гук; слова жывапісуе, нясе думку i музыку»?