Маўленне існуе ў дзвюх формах — вуснай і пісьмовай. Вуснае маўленне — гэта зносіны, якія адбываюцца пры дапамозе вымаўленых услых слоў (гутарка, спрэчка і інш.). Пісьмовае маўленне ажыццяўляецца з апорай на запісаныя словы і фразы (чытанне тэксту, спісванне, выпраўленне памылак і інш.). Такім чынам, калі мы гаворым або слухаем, то карыстаемся вусным маўленнем, калі чытаем або пішам — пісьмовым. На працягу дня мы то гаворым, то слухаем, то чытаем, то пішам, гэта значыць мы ўвесь час уключаны ў працэс маўленчай дзейнасці. Маўленчая дзейнасць — гэта асобы від чалавечай дзейнасці (разам з працоўнай, пазнавальнай, гульнёвай і інш.), у час якой чалавек уступае ў маўленчыя зносіны з іншымі людзьмі.
Па меркаванні некаторых даследчыкаў, нашы зносіны з навакольным светам на 50 % адбываюцца праз слуханне, на 30 % — праз гаварэнне, на 20 % — праз чытанне і пісьмо.
|