Печатать книгуПечатать книгу

§ 26. СЕКТАР ПАСЛУГ У СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРЦЫ

Успамінаем. У чым заключаецца адрозненне ў эканоміцы постындустрыяльных краін ад індустрыяльных? Да якога сектару эканомікі адносіцца сфера паслуг? У якіх краінах свету па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця яна найбольш развітая? На якіх відах паслуг спецыялізуюцца ў міжнародным геаграфічным падзеле працы краіны Еўропы?

Для чаго мы гэта вывучаем? Якімі паслугамі ваша сям’я карыстаецца найбольш часта? Якія прафесіі звязаны з работай у сферы паслуг? На якой з прафесій сферы паслуг вы б спынілі свой выбар і чаму? Якія ўстановы адукацыі рыхтуюць спецыялістаў для працы ў розных галінах сферы паслуг?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 10 клас
Книга: § 26. СЕКТАР ПАСЛУГ У СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРЦЫ
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 4 Май 2024, 05:15

Структура сферы паслуг. Сфера паслуг адносіцца да трацічнага сектара сусветнай гаспадаркі. Ва ўмовах постындустрыяльнага грамадства яна становіцца прыярытэтнай у забеспячэнні эканамічнага росту як асобнай дзяржавы, так і ўсёй сусветнай супольнасці. У той час як долі першаснага і другаснага сектараў у сусветнай гаспадарцы скарачаюцца, доля сферы паслуг павялічваецца. У структуры сусветнага валавога прадукту доля сферы паслуг у 2017 г. складала 63 %, у развітых краінах — 75, у краінах, якія развіваюцца, — 50 %. Па меры развіцця постындустрыялізацыі ўсё большая колькасць відаў дзейнасці пераходзіць з першаснага і другаснага сектараў у сферу паслуг.

У залежнасці ад ролі паслуг і характару здавальняючых патрэбнасцей адрозніваюць: сферу паслуг матэрыяльнай вытворчасці (транспарт, сувязь, бытавое абслугоўванне), сферу паслуг духоўнага жыцця (адукацыя, фізічная культура, навука, мастацтва) і сферу паслуг у сацыяльнай сферы (гандаль, жыллёва-камунальнае абслугоўванне, ахова здароўя).

Сфера паслуг характарызуецца складанай структурай. На аснове прынцыпу спажывання паслуг вылучаюць: традыцыйныя паслугі (гандаль, транспарт, харчаванне, сувязь, фінансы, адукацыя, ахова здароўя і інш.); нетрадыцыйныя, звязаныя з узнікненнем новых патрэб чалавека (турызм, фінансавыя, банкаўскія, кансалтынгавыя, аўдытарскія, лагістычныя, інжынірынгавыя, клінінгавыя, інфармацыйна-камунікацыйныя (ІКТ) і інш.).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. У сучасным свеце атрымліваюць хуткае развіццё кансалтынгавыя паслугі. Па сваёй сутнасці яны выяўляюцца ў кансультаванні, калі адно прадпрыемства або чалавек прадастаўляе паслугі па рашэнні пэўных задач іншаму прадпрыемству/фірме ці чалавеку. Адной з разнавіднасцей кансалтынгавых паслуг з’яўляецца інжынірынг. Гэта кансультацыі па інжынернай падрыхтоўцы і забеспячэнні вытворчага працэсу і эксплуатацыі розных аб’ектаў.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. 1. Якія новыя прафесіі, звязаныя з работай у сферы паслуг, з’явіліся на рынку працы ў апошні час? 2. У чым заключаюцца сутнасці лагістыкі? 3. Дадатковыя веды якіх галін спатрэбяцца сучаснаму спецыялісту па лагістыцы?

Мал. 182. Віды паслуг
(паводле Міжнароднай стандартнай галіновай
класіфікацыі відаў эканамічнай дзейнасці)

У Міжнароднай стандартнай галіновай класіфікацыі відаў эканамічнай дзейнасці (МСГК) вылучаюць наступныя віды паслуг (мал. 182).

У сусветнай гаспадарцы вылучаюць чатыры групы краін паводле долі сферы паслуг у структуры ВУП, у %: 1) менш за 50; 2) 50–65; 3) 65–70; 4) больш за 70.

У першую групу, напрыклад, уваходзяць аграрныя дзяржавы Афрыкі — Ангола, ЦАР, Рэспубліка Конга і інш. У другой групе знаходзяцца краіны Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, якія развіваюцца, а таксама шэраг дзяржаў з пераходнай эканомікай (напр., Расія, Украіна, Перу, Філіпіны, Рэспубліка Карэя). Трэцяя і чацвёртая групы прадстаўлены пераважна эканамічна высокаразвітымі дзяржавамі або найбольш развітымі сярод краін, якія развіваюцца (напр., Бельгія, Францыя, ЗША, Германія, Японія, Бразілія, Мексіка, Уругвай і інш.).

Паразважаем. 1. Як вы разумееце выказванне: «Сёння хуткімі тэмпамі ідзе працэс ператварэння інфармацыйнай індустрыі ў найбольш дынамічную, выгадную і прэстыжную сферу вытворчасці, якая забяспечвае лідзіруючую ролю асобных краін у сусветнай гаспадарцы»? 2. Інфармацыя і веды становяцца рухальнай сілай эканамічнага развіцця грамадства. Таму многія даследчыкі называюць яго інфармацыйным. У інфармацыйным грамадстве эканамічныя поспехі ўсё больш залежаць ад наяўнасці інавацый і сістэмы бесперапыннай адукацыі. Ці згодны вы з гэтым сцвярджэннем? Свой адказ абгрунтуйце.

Мал. 183. Медыцынскія работнікі
з Індыі вядомыя ва ўсім свеце

Адрозненні ў структуры сферы паслуг развітых краін і краін, якія развіваюцца. Паміж развітымі краінамі і краінамі, якія развіваюцца, існуюць адрозненні ў структуры аказваемых паслуг. Краіны, якія развіваюцца, з-за больш нізкага ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця і даходаў насельніцтва характарызуюцца перавагай традыцыйных паслуг — гандлю, транспарту, будаўніцтва і інш. Аднак і сярод іх ёсць прыклады краін, дзе актыўна развіваюцца інавацыйныя віды паслуг. Напрыклад, у Індыі разам з развіццём фінансавых, банкаўскіх, бухгалтарска-аўдытарскіх, страхавых, медыцынскіх паслуг (мал. 183) і іншых у апошнія гады хутка развіваюцца паслугі рынку нерухомасці, а таксама інфармацыйна-камунікацыйныя паслугі (ІКТ).

У свеце цікавага. Індыя хутка становіцца адной з вядучых краін на сусветным рынку інфармацыйных тэхналогій. Доказам таму стаў факт, што высокаразвітыя краіны зрабілі вялікія фінансавыя ўкладанні ў эканоміку Індыі. У прыватнасці, яны адкрылі ў краіне некалькі буйных цэнтраў па аказанні тэхналагічных паслуг і апрацоўцы інфармацыйных заказаў сваіх кліентаў па ўсім свеце і г. д. Па агульным прызнанні індыйскія работнікі ва ўсім свеце адрозніваюцца высокім прафесійным узроўнем выканання сваіх функцый.

Імкліва набірае абароты сфера паслуг у Кітаі. Актыўна развіваюцца банкаўскія паслугі, грамадскае харчаванне, турызм, фінансы, страхаванне, транспарт, рэклама, рыэлтарская сфера, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі і г. д.

У развітых краінах атрымаў развіццё ўвесь спектр паслуг. Аднак найбольш інтэнсіўна развіваюцца інавацыйныя віды паслуг, або сэрвісныя інавацыі: ІКТ; паслугі мабільнай сувязі, мабільныя дадаткі; інтэрнэт-сэрвісы, у тым ліку інтэрнэт-гандаль; паслугі інавацыйнай медыцыны (пластычная, касметычная хірургія); сеткавы гандаль; паслугі падзейнага турызму і многія іншыя.

У свеце ТНК. Найбуйнейшымі ТНК развітых краін у сферы паслуг з’яўляюцца, напрыклад, у рэкламным бізнесе — Grey Advertising (ЗША), міжнародных экспрэс-перавозках — DHL (Германія), падзейных паслугах — Pico Global Services LTD (Ганконг)).

Мал. 184. На штогадовы бразільскі карнавал
з’язджаюцца тысячы турыстаў з усяго свету

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Падзейны турызм за апошнія гады прыцягвае вялікую колькасць прыхільнікаў. Сёння стандартнага знаёмства з краінай турыстам ужо недастаткова. Яны хочуць атрымаць большае задавальненне ад падарожжа. Сярод папулярных падзейных тураў вылучаюць паездкі на карнавалы (мал. 184), музычныя фестывалі, нацыянальныя святы, спартыўныя падзеі, фэшнпаказы, гастранамічныя туры, канцэрты зорак эстрады, сафары, наведванне надзвычайных прыродных з’яў і інш. Падзейны турызм таксама распаўсюдзіўся на сферу спорту. Найбольш папулярнымі і наведвальнымі спаборніцтвамі з’яўляюцца: аўтагонкі «Формула-1», Зімовыя і Летнія Алімпійскія гульні, чэмпіянаты свету па футболе, тэнісныя турніры; бокс і інш.

Папрацуем з атласам. Назавіце краіны, якія на працягу некалькіх апошніх гадоў сталі цэнтрамі падзейнага турызму.

Мал. 185. Нацыянальны банк Швейцарыі

Геаграфія відаў паслуг і міжнароднага гандлю паслугамі. Сфера паслуг мае шырокую геаграфію. На карце свету няма дзяржаў, у якіх яна не была б прадстаўлена. Шэраг краін трывала замацавалі сваю міжнародную спецыялізацыю на сусветным рынку паслуг. Напрыклад, Швейцарыя спецыялізуецца на банкаўскіх паслугах (мал. 185), гандлі, кансалтынгу, лагістыцы; Вялікабрытанія — на страхавых і банкаўскіх паслугах, паслугах правядзення аўкцыёнаў, розных відах кансалтынгу; Сінгапур — у авіятранспарце; Злучаныя Штаты — у рэкламнай дзейнасці і гасцінічным бізнесе.

Свет і Беларусь. Якія змены ў сферы паслуг адбыліся ў Рэспубліцы Беларусь за апошнія дваццаць гадоў? Чаму нетрадыцыйныя паслугі, зыходзячы з прынцыпаў спажывання, усё часцей карыстаюцца попытам у насельніцтва нашай краіны? Якія віды транспарту атрымалі развіццё ў Рэспубліцы Беларусь?

Мал. 186. Першыя банкі з’явіліся
на аснове простых абменных кантор

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Швейцарскія банкі на працягу многіх стагоддзяў асацыіруюцца з надзейнасцю і бездакорным захаваннем банкаўскай тайны. Першымі кліентамі швейцарскіх банкаў былі французскія каралі, якія высока цанілі асцярожнасць сваіх крэдытораў. Жэнеўскія банкіры на самай справе былі пратэстантамі, часта французскага паходжання, якія цярпелі пераслед. Нягледзячы на ганенні, яны працягвалі фінансаваць французскага караля з Жэневы. У той час лепшага пазычальніка, чым кароль, нельга было і прыдумаць: з аднаго боку, ён вяртаў прадастаўленыя пазыкі, а з другога — яму пастаянна былі патрэбны грошы (мал. 186). Захоўваць асцярожнасць было вельмі важна — ніхто не павінен быў ведаць пра тое, што кароль займае грошы ў ерэтыкоў-пратэстантаў.

Сусветны гандаль паслугамі з’яўляецца адным з найбольш хутка растучых сектараў сусветнай гаспадаркі. Ён развіваецца больш хуткімі тэмпамі, чым гандаль таварамі. Сярод найбуйнейшых экспарцёраў і імпарцёраў паслуг лідарамі з’яўляюцца ЗША, Вялікабрытанія і Германія. Аднак у апошнія гады ў іх лік увайшлі таксама Кітай, Індыя, Ганконг, Сінгапур і Рэспубліка Карэя. Па аб’ёме экспарту вядучыя пазіцыі займаюць ЗША, Вялікабрытанія, Кітай, па аб’ёме імпарту — ЗША, Кітай, Германія.

Рост міжнароднага гандлю ў цяперашні час адбываецца ў асноўным за кошт краін Азіі (Кітай, Індыя, Рэспубліка Карэя, Ганконг (Кітай) і Тайланд), на долю якіх прыходзіцца 22,4 % сусветнага экспарту паслуг.

Падвядзём вынікі. Сфера паслуг адносіцца да сектара сусветнай гаспадаркі. Яна з’яўляецца прыярытэтнай у забеспячэнні эканамічнага росту дзяржавы. Адрозніваюць сферу паслуг ... і сферу паслуг ... . Краіны, якія развіваюцца, спецыялізуюцца ў сусветнай гаспадарцы на традыцыйных паслугах — ..., ..., ... і інш. У развітых краінах найбольш інтэнсіўна развіваюцца інавацыйныя віды паслуг — ..., ..., паслугі інавацыйнай медыцыны, ..., падзейныя паслугі і многія іншыя.

Праверым свае веды. 1. Якое месца сферы паслуг у структуры сусветнага валавога прадукту? 2. Якія віды паслуг адносяцца да традыцыйных, а якія — да новых? 3. Якія краіны характарызуюцца высокай доляй сферы паслуг у структуры ВУП, а якія — нізкай? 4. На якіх відах паслуг спецыялізуюцца краіны, што развіваюцца, а на якіх — развітыя?

Ад простага да складанага. 1. Існуе прамая ўзаемасувязь паміж узроўнем развіцця сферы паслуг і ўзроўнем сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Пацвердзіце ці аспрэчце дадзенае сцвярджэнне. 2. Распрацуйце крытэрыі, па якіх можна вызначыць узровень развіцця ІКТ у развітых краінах і краінах свету, якія развіваюцца.

Ад тэорыі да практыкі. 1. Падрыхтуйце вусны часопіс на тэму «Замежныя прадпрыемствы ў сферы паслуг Рэспублікі Беларусь». 2. Падрыхтуйце паведамленне на тэму «Як змянілася сістэма адукацыі ў свеце пры актыўным выкарыстанні інфармацыйна-камп’ютарных тэхналогій?».

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Матэрыялы Сусветнага банка па развіцці сферы паслуг.
Справаздача Сусветнага банка аб змене структуры занятасці свету ва ўмовах развіцця інфармацыйных тэхналогій.

Ад тэорыі да практыкі. Выканайце практычную работу 29* «Параўнальны аналіз геаграфіі і структуры экспарту паслуг у развітых краінах і краінах, якія развіваюцца».