ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Жанры літаратуры Адраджэння
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Книга: | ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Жанры літаратуры Адраджэння |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 22 Декабрь 2024, 14:49 |
Жанры літаратуры Адраджэння
Жанры літаратуры Адраджэння
Эпоха Адраджэння, або Рэнесансу (XVI стагоддзе), — перыяд у гісторыі культуры Еўропы паміж Сярэдневякоўем і Новым часам. На тэрыторыі сучаснай Беларусі падчас Адраджэння дзейнічала цэлая плеяда асветнікаў-гуманістаў: Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі. У прадмовах і пасляслоўях яны не толькі тлумачылі змест надрукаваных кніг, выказвалі свае эстэтычныя, маральныя, філасофскія погляды, але і заклікалі сучаснікаў далучацца да навукі, ствараць дзяржаву на прынцыпах справядлівасці і ўзаемапавагі, шанаваць сваю мову. Гэты элемент закліку, ацэнкі сучаснасці, уздзеяння на чытача зрабіў літаратурныя тэксты Адраджэння публіцыстычнымі, гэта значыць звернутымі да шырокай грамадскасці, дзеля абмеркавання актуальных палітычных, эканамічных, літаратурных, філасофскіх і іншых праблем, іх ацэнкі з мэтай змянення сітуацыі.
Прадмова — уступнае слова да кнігі, у якім выдавец, рэдактар або аўтар паведамляе чытачу звесткі, неабходныя для лепшага разумення прапанаванага тэксту. |
У прадмове могуць быць апісаны мэты выдання, структура кнігі, растлумачана задума, значнасць, як, напрыклад, у прадмовах Васіля Цяпінскага да Евангелля, Сымона Буднага да «Катэхізіса».
Пасляслоўе — змешчаны пасля твора дадатак, прысвечаны ўдакладненню, абмеркаванню, каментаванню асноўнага тэксту, які ўжо вядомы чытачу. |
У пасляслоўі можа змяшчацца інфармацыя пра выданне ад складальніка або рэдактара, як гэта было зроблена ў пасляслоўях Францыска Скарыны да кніг Бібліі.
Супрацьстаянне пратэстанцкіх і традыцыйных плыняў у тагачаснай царкве вяло да ўзнікнення палемічнай публіцыстыкі — адкрытых спрэчак, публічнай перапіскі паміж прадстаўнікамі розных канфесій і грамадскіх структур у выглядзе лістоў, пасланняў, водпаведзяў, памфлетаў, чалабітных, скаргаў (су´плік). Гэтым творам уласцівы непрымірымасць аўтарскай пазіцыі, адстойванне пастулатаў сваёй веры, багатая аргументацыя, а таксама іронія, сарказм у адносінах да апанентаў.
Пытанні
1. Чаму многія творы эпохі Адраджэння мелі публіцыстычны характар? | |
2. Якія магчымасці даваў у той час творцам жанр прадмовы? Чым прадмовы адрозніваліся ад пасляслоўяў? |
|
3. Які рэлігійна-грамадскі рух паспрыяў узнікненню палемічнай публіцыстыкі? Назавіце яе вызначальныя прыметы. |
|
4. Як выглядала б прадмова да гэтага вучэбнага дапаможніка, калі яе напісаў бы Васіль Цяпінскі або Сымон Будны? Аргументуйце адказ. |