Печатать книгуПечатать книгу

§ 20. Правапіс слоў разам, праз злучок і асобна

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 20. Правапіс слоў разам, праз злучок і асобна
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 6 Май 2024, 14:40

Правіла

Пішуцца разам:
  • складаныя назоўнікі, утвораныя пры дапамозе злучальных галосных або без іх: льнозавод, далягляд, хлебапякарня, філфак, медсястра;
  • складаныя словы з першай іншамоўнай часткай аэра-, аўта-, авія-, фота-, мота-, вела-, агра-, метэа-, гідра-, сацыя-, спарт-, стэрэа-, неа- і інш.: аэраклуб, аўтасалон, авіябілет, велагонка, метэаслужба, гідрастанцыя; а таксама з прыстаўкамі і падобнымі да іх пачатковымі часткамі а-, анты-, архі-, гіпер-, дэз-, дыс-, інфра-, звыш-, інтэр-, контр-, супер-, між-, паст-, псеўда-, ультра- і інш.: алагізм, антыгуманны,  архіважны, дэзактывацыя, контрагент (а л е: контр-адмірал), псеўдакультура, супермаркет, міжшкольны;
  • назоўнікі з дзеяслоўнай часткай на -і (-ы): сарвігалава, вярнідуб, пакацігарошак (а л е: перакаці-поле, узвей-вецер);
  • словы са скарочанай пачатковай часткай поў- (паў-): поўнач, паўгоддзе, паўяблыка (а л е з уласнымі назвамі: паў-Мінска, паў-Камароўкі);
  • складаныя прыметнікі, якія суадносяцца:
    а) са складанымі назоўнікамі, што пішуцца разам: водаправодны (водаправод), іншаземны (іншаземец);
    б) са словазлучэннямі: агульнаадукацыйны (агульная адукацыя), дрэваапрацоўчы (апрацоўваць дрэва);
    в) са спалучэннямі прыслоўя і прыметніка, прыслоўя і дзеепрыметніка, калі яны абазначаюць адно паняцце: вечназялёны, густанаселены;
    Заўвага. Захоўваюць сваю лексічную самастойнасць перад прыметнікамі і дзеепрыметнікамі прыслоўі, якія ўтварыліся ад адносных прыметнікаў: асабліва адказны, своечасова прыняты, адносна спакойны.
  • складаныя лічэбнікі з літарным напісаннем кожнай часткі: шэсцьдзясят, трохсоты, двухсотпяцідзесяцімільённы; але састаўныя лічэбнікі пішуцца асобна: сто трыццаць сем, дваццаць пяты, тры шостыя;
  • прыслоўі, утвораныя шляхам спалучэння прыназоўнікаў з іншымі часцінамі мовы: удвая, дабяла, здалёку, надоўга, урассыпную, бесперастанку, наўздагон, паблізу, дадому, уверсе, спачатку, звечара;
    Заўвага. Асобна пішуцца спалучэнні назоўніка з прыназоўнікамі без, з, да, па, на, у, калі пры назоўніку ёсць паясняльнае слова: з самага ранку, з верху дрэва, на векі вечныя.
  • прыназоўнікі, якія паходзяць ад прыслоўяў: насустрач, уперадзе, услед (услед за бацькам);
  • злучнікі, якія з’яўляюцца вынікам зліцця прыназоўніка з займеннікам ці словамі колькі, столькі: затое, прычым, паколькі, але словазлучэнні прыназоўнікаў з адпаведнымі займеннікамі ці неазначальна-колькаснымі словамі пішуцца асобна: паволі рабіў, затое грунтоўна — за што ўзяў, за тое і аддаў;
  • займеннікі і прыслоўі з постфіксамі -сь, -сьці: дзесь, хтосьці, калісьці.

Пішуцца праз злучок:

  • словы, утвораныя спалучэннем двух аднолькавых, блізкіх або супрацьлеглых па значэнні слоў: сіні-сіні, мама-мамуся, дзе-нідзе, раз-пораз, сям-там, больш-менш (а л е: з вока на вока, дзень у дзень, раз за разам і інш.);
  • складаныя словы, першай або апошняй часткай якіх з’яўляюцца лічбы, літары ці літарныя абрэвіятуры любога алфавіта: 70-годдзе, 9-павярховы, α-часціца (альфа-часціца), МАЗ-60;
  • складаныя назоўнікі:
    а) утвораныя з дзвюх і больш асноў, якія спалучаюцца без злучальных галосных, а таксама назоўнікі з прыдаткам: лён-даўгунец, жар-птушка, сон-трава, прэм’ер-міністр, норд-ост;
    б) са значэннем цэласнай адзінкі вымярэння: тона-кіламетр, самалёта-вылет, чалавека-дзень (а л е: працадзень);
    в) з пачатковай часткай віцэ-, лейб-, максі-, міні-, обер-, унтэр-, штаб- (штабс-), экс-: віцэ-прэм’ер, міні-матч, обер-майстар, экс-чэмпіён;
    г) якія абазначаюць састаўныя імёны, прозвішчы, уласныя геаграфічныя назвы: Бялыніцкі-Біруля, Давыд-Гарадок, Растоў-на-Доне
  • складаныя прыметнікі:
    а) утвораныя ад складаных назоўнікаў, якія пішуцца праз злучок: генерал-губернатарскі (генерал-губернатар), санкт-пецярбургскі;
    б) утвораныя з дзвюх і больш асноў, якія абазначаюць раўнапраўныя паняцці: электронна-вылічальны, мяса-малочны, беларуска-руска-ўкраінскі;
    в) якія абазначаюць асаблівасці ці адценні разнароднай якасці: кісла-салодкі, жоўта-зялёны;
    г) з першай часткай усходне-, заходне-, паўднёва-, паўночна-, цэнтральна-, якая абазначае напрамкі свету ў іх спалучэнні: паўднёва-ўсходні, паўночна-заходні;
  • лічэбнікі, якія абазначаюць прыблізны лік або ў якіх першая частка напісана лічбамі, а другая — літарамі: восем-дзесяць гадоў, 2-3 гады́, 25-ы, на 10-м кіламетры, 10-мільённы;
  • прыслоўі, якія складаюцца з пачатковай часткі па- і наступнай часткі на канцавыя -ку, -і (-ы), -аму (-яму), -ому (-ему), -йму: па-беларуску, па-латыні, па-чалавечы, па-мойму, а так-сама словы па-першае, па-другое і інш.;
  • складаныя прыназоўнікі з-за, з-пад, з-над, з-паміж, па-за, па-над;
  • складаныя выклічнікі і гукапераймальныя словы: о-го-го, вой-вой, о-ё-ёй, ха-ха-ха, ку-ку;
  • словы з прыстаўкай абы-, постфіксамі -небудзь, -колечы (-кольвечы, -кольвек), часціцай -то: абы-хто, як-небудзь, як-колечы, сказаць-то сказаў;
    Заўвага. Займеннікі абы-хто, абы-што, абы-які пры спалучэнні з прыназоўнікамі пішуцца ў тры словы: абы ў каго, абы з чым, абы з якімі (а л е: у абы-каго, з абы-якім). 
    Словы, утвораныя ад прыслоўя абы-як, з прыстаўкай абы- пішуцца разам: абыякавы, абыякавасць.
  • часціца -такі, калі яна стаіць пасля дзеяслова: прыйшоў-такі, а таксама ў словах усё-такі, так-такі, зноў-такі, даволі-такі.

АБЫ-ЯКІ — АБЫЯКАВЫ

Абы-які' — які-небудзь, усякі; хоць які: абы-якая вопратка.

Абыя́кавы — які не выяўляе ніякай цікавасці, увагі да каго-, чаго-небудзь, раўнадушны: абыякавыя адносіны да працы.

Практыкаванне № 155

Утварыце і запішыце складаныя словы паводле прапанаваных схем. Вусна растлумачце іх правапіс.

а) кніга + сховішча = назоўнік;
б) газавая + прамысловасць = назоўнік;
в) высокая + якасць = прыметнік;
г) шмат + галасы = прыметнік;
д) генерал + маёр = назоўнік;
е) кілават + гадзіна = назоўнік;
ж) паўночны + заходні = прыметнік;
з) доўга + доўга = прыслоўе.

Практыкаванне № 156

 Прачытайце табліцу.
Утварыце і запішыце складаныя словы з прыве­дзенымі ў табліцы часткамі.

Першая частка
складаных слоў
Значэнне Другая частка складаных слоў
метэа- 1) які мае адносіны да метэаралогіі;
2) які мае адносіны да даследаванняў зямной атмасферы, да метэаралагічных з’яў
цэнтр, станцыя, назіранні
агра- агранамічны тэхніка, сядзіба, турызм
сацыя- які мае адносіны да грамадства, да навук пра грамадства лінгвістыка, псіхалогія
гідра- які мае адносіны да вады, воднай энергіі касцюм, вузел, пушка
неа- новы

капіталізм, класіцызм, калонія

Практыкаванне № 157

Прачытайце тэкст. Вызначце яго тып.

Бачыў я сон. Іду я нібыта полем. Раса пад нагамі, як срэбра, блі­шчыць, пераліваецца. А жыта высокае-высокае — увесь у ім схаваешся. Каласы поўныя-поўныя, аж хіляцца да зямлі і шасцяць, шас­цяцьф. А неба сіняе-сіняе, ні воблачка на ім. А за возерам сонца ўзыходзіць. Я іду, дыхаю. А паветра чыстае-чыстае. І так лёгка мне, так радасна, што заспяваў бы (Паводле І. Навуменкі).

Сфармулюйце правіла, якому адпавядае правапіс выдзеленых слоў.
Якую сэнсава-стылістычную ролю выконваюць у тэксце гэтыя словы?

Практыкаванне № 158

 Запішыце словы, якім адпавядаюць прыведзеныя лексічныя значэнні.

1. Папяровая вокладка, што агортвае пераплёт кнігі.
2. У царскай Расіі і некаторых іншых краінах: начальнік края з вышэйшай ваенна-адміністрацыйнай уладай.
3. Былы міністр.
4. Месца размяшчэння вайсковага штаба.
5. Адважны чалавек, а таксама гарэза, свавольнік.
6. Службовае званне намесніка консула.
7. Тое, што не з’яўляецца сапраўдным мастацтвам, а толькі выдаецца за яго.
8. Адзінка вымярэння энергіі і работы, роўная рабоце, што выконваецца за 1 гадзі´ну пры магутнасці току ў 1 кілават.
9. Удар, які наносяць войскі па арміі праціўніка з мэтай яго разгрому і пераходу ў наступленне.
10. Вак­зал аэрапорта.

Д л я  д а в е д к і: штаб(?)кватэра, контр(?)удар, супер(?)вокладка, псеў­да(?)мастацтва, аэра(?)вакзал, кілават(?)гадзіна, віцэ(?)консул, сарві(?)гала­-ва, генерал(?)губернатар, экс(?)міністр.

Практыкаванне № 159

Прачытайце тэкст. Чаму Мінск лічыцца галоўным прамысловым цэнт­рам нашай краіны?

Прамысловасць Мінска

Сучасны Мінск галоўны прамысловы цэнтр нашай краіны. Ён размешчаны на перакрыжаван..і гандлёвых шляхоў што звяз..ваюць Балтыку і Чорнае мора а таксама Заходнюю і Усходнюю Еўропу.

В..лізарны навукова(?)тэхнічны і прамысловы патэнцы..л беларускай сталіцы складаецца з два..цаці пяці тыс..ч малых і буйных пр..дпрыемстваў. Гэта машына(?)будаўнічыя і метала(?)апрацоўчыя заводы а так(?)сама пр..дпрыемствы электра(?)энергетыкі л..сной дрэва(?)апрацоўчай хімічнай нафта(?)хімічнай галін. Прадукцыя аўтамабільнага  падшыпнікавага  авія(?)рамонтнага  трактарнага маторнага оптыка(?)механічнага заводаў в..домая ў многіх краінах свету (Паводле Н. Гальпяровіча, Н. Ванінай, В. Чаропкі, Т. Сівец).

Спішыце тэкст, устаўляючы, дзе трэба, прапушчаныя літары, раскрываючы дужкі і расстаўляючы знакі прыпынку.
Ад выдзеленых слоў і словазлучэнняў утварыце складаныя словы (прымет­нікі, лі­чэбнікі). Запішыце іх.
• Запішыце 3-5 назваў мінскіх заводаў і прадпрыемстваў, пра якія ідзе гаворка ў тэксце.

Практыкаванне № 160

Спішыце сказы, устаўляючы прапушчаныя літары і раскрываючы дужкі. Растлумачце напісанне слоў разам, праз злучок ці асобна.

1. (Дзе)нідзе толькі віднеліся на гэтай н..абсяжнай з..лёнай роўн..дзі асобныя купкі (бела)ногіх б..розак, якія стаялі м..сцінамі, як тыя дз..ўчаты ў карагодзе (П. Броўка).
2. Напалеон Орда стаў (мастаком)вандроўнікам, аб(?)ездзіў амаль (паў)Еўропы, кожны раз прывозячы з падарож..аў сотні малюнкаў, акварэляў (Л. Пракопчык).
3. Дзень стаяў ціхі, (па)асенняму цёплы і (па)летняму празрыстым — такія дні ў верасні бываюць даволі часта (В. Хомчанка).
4. Але (ўсё)роўна сонца (з)за лесу ўзыходзіла і (за)лес заходзіла (І. Навуменка).
5. Дзік то ў адным, то ў другім месцы выбіраў (як)раз тыя куточкі, дзе лепей за ўсё раслі баравікі і падасінавікі (З. Бяспалы).

Практыкаванне № 161

 Спішыце афарызмы, раскрываючы дужкі.
Вусна растлумачце іх сэнс.

1. Ды калі ты не бязродны сын — гавары са мной (па)беларуску (Я. Янішчыц).
2. Жыві, шукай, усё рабі (як)след, каб на Радзіме твой свяціўся след (С. Грахоўскі).
3. Усе шляхі вядуць (да)хаты, выток шануючы (с)прад(?)вексн (У. Мазго).
4. Жыццё заўжды — іспыт на мужнасць. Яе(ж) не возьмеш (на)пракат (Н. Мацяш).
5. Быць беларусам — гэта значыць за родны край згараць (на)дым, (па)беларуску чуць і бачыць (на)гэтым свеце і (на)тым (Р. Барадулін).

Практыкаванне № 162

 Вусна перакладзіце тэкст на беларускую мову.

Вскоре долгожданная Масленица подкатила, настоящая, сибирская: с блинами, пельменями, жаренной в сметане рыбой, вся в бубенцах, в гривастых тройках, с кострами, песнями.

Дня за три-четыре целая орава ребятишек на широкой площади ладила «город» — очень высокий вал из снега, по гребню там-сям ёлочки утыканы. В «прощёное» воскресенье удальцы на конях «город» будут брать.
«Прощёное» воскресенье началось честь честью: православные к обедне повалили. Даже трезвон колоколов точно весёлый пляс. «Четверть блина, четверть блина!» — задорно подбоченивались, выплясывали маленькие колокола. «Полблина, полблина!» — приставали медногорлые середняки. И основательно, не торопясь, бухал трёхсотпудовый дядя: «Блин!» (По В. Шишкову).

Запішыце па-беларуску словы з тэксту, напісанне якіх адпавядае правілу «Правапіс слоў разам, праз злучок і асобна».
Чаму перазвон параўноўваецца ў тэксце з гучаннем слова блін?

Практыкаванне № 162-1

Выканайце тэставыя заданні.

1. Адзначце словы, якія пішуцца разам:
1) міні(?)рынак;                                 
2) фота(?)рэпарцёр; 
3) чыста(?)сардэчны;
4) паўднёва(?)заходні;
5) куды(?)сьці.

2. Адзначце словы, якія пішуцца праз злучок:
1) робат(?)пыласос;
2) перакаці(?)поле;
3) з(?)далёк;
4) Эпімах(?)Шыпіла;
5) агра(?)камбінат.

3. Адзначце правільна напісаныя словы:
1) псеўда-культура;
2) у адзіночку;
3) восемдзесят шосты;
4) лёгкаатлетычны;
5) напамяць.

4. Знайдзіце слова, у якім дапушчана арфаграфічная памылка, запішыце яго згодна з арфаграфічнай нормай:
1) буда-кашалёўскі;
2) паў-вёскі;
3) суперзорка;
4) віцэ-спікер;
5) змалку.

5. Устанавіце адпаведнасць паміж словамі і асаблівасцямі іх правапісу.
1) пед(?)вучылішча
2) выключна(?)старанны
3) кілават(?)гадзіна
4) таварна(?)грашовы

а) пішацца разам
б) пішацца асобна
в) пішацца праз злучок

6. Ад словазлучэння восем тон утварыце складаны прыметнік. Запішыце яго ў пачатковай форме.