1. Раздзяляльны мяккі знак пішацца пасля зычных л, с, ц (парны да [т]), дз (парны да [д]) і непрыставачных н і з перад галоснымі е, ё, ю, я, і:
- у словах іншамоўнага паходжання: калье, канферансье, каньён (а л е: булён);
- ва ўласных імёнах і назвах, утвораных ад імёнаў на -ій (-ый), перад суфіксальным -еў- (-ев-): Васільеў, Арсеньевіч, Анатольеўна;
Заўвага. Пасля г, к, х і збегу зычных, акрамя нц, перад суфіксальным -еў- (-ев-) пішацца і (ы): Георгіеў, Ануфрыевіч, Дзмітрыеўна (а л е: Вікенцьевіч, Лаўрэнцьеўна, Кліменцьевіч).
- у словах Ілья, Ульяна, Касьян, Емяльян, Юльян, Юльяна і вытворных ад іх: Ільін, Ульянаўск, Касьянавіч, Емяльянавіч;
- у словах, утвораных ад дзеяслова ліць: льецца, разалье, падальюць.
2. Апостраф пішацца:
- пасля прыставак, якія заканчваюцца на зычны, перад е, ё, ю, я і націскным і: аб’езд, з’едлівы, раз’юшаны, між’ярусны, аб’інець;
- у сярэдзіне слова пасля губных б, м, п, в, ф і іншых зычных, акрамя з, л, н, с, ц (парны да [т]), дз (парны да [д]): аб’ём, куп’істы, п’еса, надвор’е, Дзям’ян, Лук’янаў, Пракоф’еў, В’етнам;
- у складаных словах пасля частак двух-, трох-, чатырох-, шмат- : двух’ярусны, шмат’ёмісты.
3. Апостраф не пішацца:
- пасля ў перад літарамі е, ё, ю, я, і: салаўі, разнатраўе, любоўю;
- у складаных і складанаскарочаных словах на мяжы састаўных частак, у тым ліку калі яны пішуцца праз злучок: дзяржюрвыдавецтва, трэд-юніён.
|