1. У беларускай мове спалучэнні галосных літар ужываюцца звычайна ў словах іншамоўнага паходжання. Напісанне такіх слоў перадаецца ў адпаведнасці з беларускім літаратурным вымаўленнем: у большасці іншамоўных слоў развіўся ўстаўны гук [й], што перадаецца на пісьме спалучэннямі іе (ые), іё (ыё), ія (ыя):
- іе (ые): у пачатку слова і пасля мяккага зычнага пішацца іе, а пасля цвёрдага ці зацвярдзелага зычнага — ые: іерогліф, кліент; абітурыент, дыета;
- іё (ыё), ія (ыя): у сярэдзіне слова пад націскам пішацца іё (ыё), не пад націскам — ія (ыя): рэгіён, патрыёт (а л е: Эфіóпія, мільён, трыльён); рэгіянáльны, патрыяты́чны (а л е: рáдыё);
- іо (іа): у пачатку слова пад націскам пішацца іо, не пад націскам — іа: іóн, Іóсіф; іанізáцыя, Іанíчнае мора;
- ео (еа), эо (эа): у сярэдзіне слова пад націскам пішацца ео, эо, не пад націскам еа, эа: археóлаг, харэóграф; археалóгія, харэагрáфія; Неáпаль, рэáлія, тэáтр (а л е: акіян).
Спалучэнне иа (руск.) перадаецца на пісьме як ія (ыя) незалежна ад націску: авія́цыя, піянíст, варыя́нт, дыялóг.
2. Спалучэнне зычнага гука [й] з галоснымі ў запазычаных словах перадаецца ётавымі галоснымі, як і ў словах уласнабеларускіх:
- у пачатку слова: ёг, ёгурт, ёд, Нью-Ёрк;
- пасля галоснага ў сярэдзіне слова: маёр, маянэз, раён;
- пасля галоснага на канцы слова: фае, секвоя, Мая.
|