Печатать книгуПечатать книгу

§ 57. Шляхі захавання біяразнастайнасці

  • Успомніце, якія мерапрыемствы з мэтай аховы прыроды праводзяцца ў вашым раёне, у Рэспубліцы Беларусь у цэлым.
  • Як вы думаеце? Ці можа дзейнасць чалавека спрыяльна ўплываць на стан прыроды і на біялагічную разнастайнасць відаў?
  • Вы даведаецеся пра мерапрыемствы па захаванні біяразнастайнасці, якія праводзяцца на ўзроўні дзяржавы.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: § 57. Шляхі захавання біяразнастайнасці
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 24 Ноябрь 2024, 05:42

*Захаванне біяразнастайнасці жывых сістэм на Зямлі

Захаванне біяразнастайнасці жывых сістэм на Зямлі — неабходная ўмова для выжывання чалавека і ўстойлівага развіцця біясферы. Сярод асноўных экалагічных праблем сучаснасці скарачэнне разнастайнасці відаў і экалагічных сістэм займае асаблівае месца. Прыродныя экалагічныя сістэмы цалкам зменены на begin mathsize 14px style 1 fifth end style часткі сушы.

Вычарпанне прыродных рэсурсаў і негатыўныя змяненні ў навакольным асяроддзі выклікалі сур’ёзную заклапочанасць самых розных груп людзей, урадавых і няўрадавых арганізацый ва ўсім свеце. Па гэтай прычыне апошняя чвэрць ХХ ст. адзначана пошукам новага падыходу да прыродакарыстання, распрацоўкай прынцыпаў устойлівага развіцця.

На канферэнцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН) па навакольным асяроддзі і развіццю, якая адбылася ў Рыа-дэ-Жанэйра ў 1992 г., быў прыняты «Парадак дня на 21-е стагоддзе», які з’яўляецца стратэгіяй сусветнай супольнасці на будучыню. У гэтым дакуменце адзначаецца, што прытрымліванне чалавецтва ранейшых шляхоў непрымальна, бо значная частка прыродных рэсурсаў планеты вычарпана і экалагічная сітуацыя становіцца ўсё больш неспрыяльнай. Неабходны пераход да ўстойлівага развіцця.

Неабходнасць устойлівага развіцця вельмі актуальная і для Беларусі. Развіццё Рэспублікі Беларусь не можа супярэчыць тэндэнцыі развіцця сусветнай цывілізацыі, таму нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця распрацавана на аснове прынцыпаў, выкладзеных у «Парадку дня на 21-е стагоддзе», з улікам інтарэсаў нашай дзяржавы. Экалагічны аспект устойлівага развіцця прадугледжвае ахову навакольнага асяроддзя, рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў і захаванне біялагічнай разнастайнасці.

У Беларусі распрацаваны шэраг законаў, якія рэгулююць ахову і выкарыстанне аб’ектаў расліннага і жывёльнага свету: «Аб ахове навакольнага асяроддзя», «Аб раслінным свеце», «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях» і іншыя нарматыўныя прававыя акты. Для зніжэння ўзроўню знікнення відаў раслін і жывёл у прыродзе Рэспублікі Беларусь, як і ў сусветнай практыцы, ужываюць розныя меры. Вывучаецца флора і фаўна краіны, вызначаюцца рэдкія і знікаючыя віды, нарматыўна-прававымі актамі рэгулююцца правілы і нормы паводзін чалавека ў прыродзе, выдаецца Чырвоная кніга. Уся гэта праца вядзецца на рэгулярнай аснове.

У 2010 г. у Рэспубліцы Беларусь была распрацавана Стратэгія па захаванні і ўстойлівым выкарыстанні біялагічнай разнастайнасці на 2011—2020 гг. і план дзеянняў да яе.

Рашэнне праблем захавання біяразнастайнасці

План дзеянняў, паводле Стратэгіі, уключае каля 90 мерапрыемстваў па ахове біяразнастайнасці, у аснове якіх ляжаць два падыходы: папуляцыйна-відавы і экасістэмны.

*Папуляцыйна-відавы падыход складаецца ў стварэнні пералікаў знікаючых і малаколькасных відаў раслін і жывёл, што падлягаюць ахове. Гэтыя віды заносяцца ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. У 2015 г. у Рэспубліцы Беларусь выдадзена чацвёртая рэдакцыя Чырвонай кнігі, у якую занесена 202 віды жывёл і 303 віды раслін. Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь — дзейсны інструмент захавання біяразнастайнасці на тэрыторыі нашай дзяржавы. Яна не толькі з’яўляецца апісальным спісам рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін, але і змяшчае рэкамендацыі па захаванні і павелічэнні колькасці жывых арганізмаў. Занясенне відаў у Чырвоную кнігу — толькі першы крок на шляху захавання асобных відаў і ўсёй біялагічнай разнастайнасці. За гэтым ідзе сур’ёзная мэтанакіраваная навуковая і практычная праца па ахове рэдкіх відаў, месцаў іх жыцця і росту. Гэта работа ў нашай краіне праводзіцца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі  і іншымі навуковымі арганізацыямі.

Яшчэ адзін шлях рэалізацыі папуляцыйна-відавога падыходу — вырошчванне рэдкіх і знікаючых жывёл у заапарках і спецыяльных гадавальніках, а раслін — у батанічных садах з наступным вяртаннем віду, які размножыўся, у прыроднае асяроддзе. Напрыклад, зубр еўрапейскі, да пачатку 30-х гг. мінулага стагоддзя захаваны толькі ў няволі, быў паспяхова размножаны ў запаведніках пры напаўвольным утрыманні і затым выпушчаны ў прыроду. Пры гэтым, паколькі для аднаўлення віду выкарыстоўвалі скрыжоўванне з блізкім відам — бізонам амерыканскім, была атрымана дастатковая колькасць нечыстакроўных зуброў, якія склалі аснову статка зуброў Каўказскага запаведніка. У Белавежскай пушчы жывуць толькі чыстакроўныя зубры.

 

!  Гэта цікава

У Окскім біясферным запаведніку (Расія) вядзецца работа па аднаўленні колькасці стэрхаў — белых жураўлёў. Штогод у экспедыцыях у тундру заолагі збіраюць яйкі ў іх гнёздах. Птушкі звычайна адкладаюць па два яйкі, хоць выкормліваюць толькі аднаго птушаня. Вучоныя дастаўляюць сабраныя яйкі ў спецыяльны жураўліны гадавальнік Окскага біясфернага запаведніка. Там у інкубатары выводзяць птушанят. Іх выкормліваюць і падгадоўваюць, каб стварыць у гадавальніку паўвольную папуляцыю, якая размнажаецца. Тым самым з’явілася магчымасць захаваць від з перспектывай яго вяртання ў прыроду.

*Асноўнымі задачамі аховы рэдкіх і знікаючых раслін з’яўляюцца: вывучэнне і аналіз геаграфічных і экалагічных умоў пражывання віду, вылучэнне з агульнага спіса відаў найбольш каштоўных, стварэнне банка насення і калекцыйнага генафонду рэдкіх і знікаючых відаў флоры Беларусі. 

Гэта цікава

Першыя гербарныя зборы на тэрыторыі Беларусі адносяцца да перыяду прыезду ў Гродна з Францыі прафесара біялогіі Жана Эмануэля Жылібера для арганізацыі медычнай школы (1770—1781-х гг.).

Але папуляцыйна-відавы падыход сам па сабе не можа забяспечыць дастатковай захаванасці відавой разнастайнасці.

Справа ў тым, што прычынай знікнення біялагічнага віду звычайна бывае не столькі свядомае знішчэнне яго чалавекам, колькі захоп ці парушэнне яго экалагічнай нішы. У свеце штогод непрыметна знікаюць шматлікія сотні відаў дробных жывёл і раслін, а іншыя аказваюцца на мяжы вымірання не таму, што іх знішчылі, а таму, што занята іх месца пражывання ці недастаткова кармавых рэсурсаў. Таму захаванне цэлых прыродных біягеацэнозаў — неабходная ўмова захавання біяразнастайнасці Зямлі. Усе кампаненты біясферы — атмасфернае паветра, ваду, глебу — трэба ахоўваць не паасобку, а ў цэлым, як адзіную прыродную сістэму біясферы. Толькі пры такім экалагічным падыходзе магчыма забяспечыць захаванне ландшафтаў, нетраў, жывёл, раслін.

Такі падыход можна назваць экасістэмным, і ён асабліва важны, таму што дазваляе захаваць і тыя віды, пра існаванне якіх нам нічога невядома. А такіх відаў вельмі шмат, асабліва ў тропіках. Па некаторых адзнаках, навуцы вядома не больш за 30 % біялагічных відаў, што жывуць на Зямлі.

Такім чынам, каб захаваць генафонд біясферы, трэба паспрабаваць захаваць у першародным выглядзе пры мінімальным антрапагенным уздзеянні дастаткова вялікія плошчы ў выглядзе запаведнікаў, нацыянальных паркаў і заказнікаў. Іншае важнае прызначэнне гэтых асабліва ахоўных тэрыторый — служыць зонамі адпачынку і аздараўлення, а таксама быць рэзервам рэсурсаў, якія могуць спатрэбіцца чалавецтву ў будучым.

Разам са стварэннем ахоўных тэрыторый у Беларусі праводзяць і іншыя мерапрыемствы па захаванні біялагічнай разнастайнасці на экасістэмным узроўні. Гэта перадача ў склад ляснога фонду малапрадукцыйных сельскагаспадарчых і парушаных зямель, правядзенне лесааднаўлення і лесаразвядзення, адаптацыя лясной гаспадаркі да змянення клімату.

Акрамя таго, у Беларусі была распрацавана і зацверджана методыка вартаснай адзнакі экасістэмных паслуг і вартаснай каштоўнасці біялагічнай разнастайнасці. З аднаго боку, так фарміруецца рынак экасістэмных паслуг і вылічваецца эканамічны эфект ад захавання экасістэмы (напрыклад, ацэньваецца фотасінтэзуючы патэнцыял лясных экасістэм). З другога боку, разлічваецца кошт кампанентаў асяроддзя для задавальнення сацыяльна-эканамічных патрэбнасцей (платная рыбалка, паляванне, высечка дрэвастою). Дзейнасць чалавека павінна адпавядаць прынцыпу «экалагічнае — эканамічна».

*Рашэнне сучасных складаных праблем захавання біяразнастайнасці на Зямлі патрабуе сур’ёзных экалагічных ведаў і іх рэалізацыі.

Паўторым галоўнае. Захаванне разнастайнасці жывых сістэм на Зямлі — неабходная ўмова для выжывання чалавека і ўстойлівага развіцця цывілізацыі. У аснове ўсіх дзеянняў ляжаць два падыходы: папуляцыйна-відавы і экасістэмны. Папуляцыйна-відавы падыход заключаецца ў арганізацыі мерапрыемстваў па ахове і захаванні пэўных відаў жывых арганізмаў. Экасістэмны падыход заснаваны на захаванні цэлых прыродных біягеацэнозаў.

Праверым веды

     Ключавыя пытанні

*1. Чаму захаванне разнастайнасці жывых сістэм на Зямлі з’яўляецца актуальным і вострым пытаннем для сучаснага чалавецтва?
2. Якія меры прадпрымаюцца ў свеце для вырашэння пытання захавання відавой разнастайнасці?
3. Якія падыходы ляжаць у аснове рашэння праблем біялагічнай разнастайнасці?
*4. Чаму папуляцыйна-відавы падыход сам па сабе не можа забяспечыць дастатковай захаванасці відавой разнастайнасці?
*5. Якія мерапрыемствы праводзяць на экасістэмным узроўні ў Рэспубліцы Беларусь з мэтай захавання біяразнастайнасці?

     Складаныя пытанні

*1. Што спрыяе вырашэнню праблемы ўстойлівага развіцця біясферы?
2. Якія з пералічаных мерапрыемстваў засноўваюцца на папуляцыйна-відавым падыходзе: аднаўленне парушаных і неэфектыўна выкарыстоўваемых экалагічных сістэм; аднаўленне папуляцый відаў дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь; зніжэнне паступлення біягенных забруджвальных рэчываў у водныя аб’екты; распрацоўка і апрабаванне тэхналогіі паскоранага аднаўлення адкрытых нізінных асаковых балот на месцы дэградаваных тарфяных балот; распрацоўка і рэалізацыя мерапрыемстваў па стабілізацыі і павелічэнні колькасці відаў птушак, змешчаных пад пагрозай глабальнага знікнення?
*3. Дзякуючы чаму магчыма захаванне біялагічнай разнастайнасці ў біясферы?
*4. Пры якіх умовах магчымая арганізацыя рацыянальнага прыродакарыстання?

*Індывідуальнае дамашняе заданне. Прапануйце не менш трох мерапрыемстваў, якія можна правесці ў вашым рэгіёне для аднаўлення папуляцый відаў дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.