Печатать книгуПечатать книгу

*§ 29—3. Спосабы бясполага размнажэння мнагаклетачных арганізмаў

  • Успомніце, якія спосабы бясполага размнажэння сустракаюцца ў аднаклетачных эўкарыёт.
  • Як вы думаеце? Чым адрозніваюцца аднайменныя спосабы размнажэння (пачкаванне, спораўтварэнне) мнагаклетачных і аднаклетачных арганізмаў?
  • Вы даведаецеся пра розныя спосабы бясполага размнажэння мнагаклетачных, іх асаблівасці ў параўнанні з размнажэннем аднаклетачных арганізмаў.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: *§ 29—3. Спосабы бясполага размнажэння мнагаклетачных арганізмаў
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 19 Май 2024, 13:28

Прэамбула

У мнагаклетачных арганізмаў адрозніваюць пяць асноўных спосабаў бясполага размнажэння:

1) фрагментацыя;
2) вегетатыўнае размнажэнне;
3) пачкаванне;
4) поліэмбрыянія;
5) спораўтварэнне.

Фрагментацыя і вегетатыўнае размнажэнне заснаваны на здольнасці арганізмаў да рэгенерацыі (аднаўлення частак цела, якія адсутнічаюць).

Фрагментацыя

У водарасцей, грыбоў, лішайнікаў размнажэнне адбываецца фрагментамі талома (цела, не падзеленага на органы), гэта значыць спосабам фрагментацыі. Гэты спосаб назіраецца таксама ў кішачнаполасцевых, плоскіх і кольчатых чарвей, марскіх зорак.

Вегетатыўнае размнажэнне

Такі спосаб размнажэння характэрны для раслін. Пры вегетатыўным размнажэнні даччыны арганізм фарміруецца за кошт вегетатыўнага органа ці яго відазмянення (гл. мал. у § 1). Вегетатыўнае размнажэнне ў раслін можа ажыццяўляцца з дапамогай сцябла (кактусы, эладэя), ліста (фіялка, бягонія), каранёвых чаранкоў (маліны, сліва, вішня). У некаторых раслін для размнажэння выкарыстоўваюцца відазмененыя парасткі: цыбуліны (цыбуля, часнок, цюльпан, нарцыс); карэнішчы (пырнік, ландыш); вусы (суніцы); клубні (бульба); каранёвыя клубні (вяргіня). Для размнажэння культурных раслін чалавек ужывае такія спосабы вегетатыўнага размнажэння, як атожылкі і чаранкі, дзяленне куста (парэчкі, агрэст, маліны). У садаводстве часта ўжываецца прышчэпка, калі хочуць злучыць каштоўныя спажывецкія якасці гатунку расліны, якая прышчэпліваецца (прышчэпак), з непатрабавальнасцю расліны, на якую праводзіцца прышчэпка (прышчэпа). 

Пачкаванне

Гэты спосаб размнажэння сярод мнагаклетачных найбольш характэрны для двухслаёвых жывёл — кішачнаполасцевых. У гідры, напрыклад, двухслаёвая сценка цела ўтварае выраст (почку), на верхавіне якога прарываецца ротавая адтуліна і ўтвараюцца шчупальцы. Затым даччыная асобіна аддзяляецца, прымацоўваецца да субстрату, расце і становіцца самастойным арганізмам. Пачкаванне сустракаецца ў некаторых відаў грыбоў, імхоў, водарасцей, а таксама ў шэрага відаў чарвей.

Поліэмбрыянія

Спосаб размнажэння на эмбрыянальнай стадыі развіцця, калі зігота дзеліцца на дзве ці больш клеткі, кожная з якіх развіваецца ў самастойны арганізм, называецца поліэмбрыяніяй. Пры гэтым нашчадкі заўсёды аднаго полу. Поліэмбрыянія сустракаецца шмат у якіх відаў жывёл, у тым ліку ў чалавека. У чалавека поліэмбрыянія абумоўлівае з’яўленне аднаяйцавых блізнят — даччыных арганізмаў, якія валодаюць ідэнтычнай спадчыннай інфармацыяй.

Уласцівая чалавеку поліэмбрыянія носіць факультатыўны (неабавязковы) характар. У некаторых арганізмаў (наезнікі, браняносцы) поліэмбрыянія ажыццяўляецца аблігатна (абавязкова) пры кожным апладненні.

Спораўтварэнне

У папярэднім параграфе вы пазнаёміліся са спораўтварэннем у аднаклетачных арганізмаў, з будовай і відамі іх спор. Утварэнне спор для размнажэння назіраецца і ў мнагаклетачных арганізмаў: водарасцей, грыбоў, імхоў, хвашчоў, дзеразы, папараці, але не сустракаецца ў жывёл. Іх споры па будове не адрозніваюцца ад спор аднаклетачных, за выключэннем спор раслін і некаторых водарасцей (напрыклад, улотрыкс), якія маюць адзінарны набор храмасом. Споры могуць быць як нерухомымі, так і рухомымі (зааспоры).

У раслін і некаторых відаў грыбоў (мукор) споры ўтвараюцца ў спецыяльных органах — спарангіях. У большасці грыбоў і водарасцей няма спарангіяў, і споры ўтвараюцца адкрытым спосабам.

Споры могуць працяглы час знаходзіцца ў стане спакою, не прарастаць, чакаць, пакуль пройдзе холад, жара, засуха, а калі настаюць спрыяльныя ўмовы, яны прарастаюць, дзеляцца і з іх утвараюцца новыя асобіны.

Паўторым галоўнае. Для мнагаклетачных арганізмаў характэрны наступныя спосабы бясполага размнажэння: фрагментацыя, вегетатыўнае размнажэнне, пачкаванне, поліэмбрыянія, спораўтварэнне. Арганізмы, якія валодаюць здольнасцю да рэгенерацыі, могуць размнажацца фрагментацыяй і вегетатыўным спосабам, фарміруючы адсутныя органы ці часткі цела. У некаторых відаў грыбоў, водарасцей, імхоў і шэрага відаў жывёл назіраецца пачкаванне. Размнажэнне на эмбрыянальнай стадыі развіцця — поліэмбрыянія сустракаецца ў наезнікаў, браняносцаў, а часам і ў чалавека. Спораўтварэнне як спосаб размнажэння ў мнагаклетачных арганізмаў можа ажыццяўляцца як нерухомымі, так і рухомымі спорамі, якія ў адных арганізмаў утвараюцца адкрытым спосабам, а ў іншых — у спецыялізаваных спаронгіях. Яно характэрна для раслін, грыбоў, мнагаклетачных пратыстаў, але не сустракаецца ў жывёл.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Якія вядомыя тыпы бясполага размнажэння мнагаклетачных?
2. Параўнайце спосабы размнажэння: фрагментацыю і вегетатыўнае размнажэнне. Што ў іх агульнае, а ў чым адрозненне?
3. Параўнайце бясполае размнажэнне ў прыродзе і кланіраванне. У чым падабенства і адрозненне?
4. Ці могуць у прыродзе натуральным шляхам з’явіцца клоны жывёльных арганізмаў? Чаму?

    Складаныя пытанні

1. Складзіце пары «спосаб бясполага размнажэння ў мнагаклетачных — арганізм». Спосабы бясполага размнажэння: спораўтварэнне, пачкаванне, фрагментацыя, вегетатыўнае размнажэнне, поліэмбрыянія. Арганізмы: дажджавы чарвяк, пеніцыл, пырнік, браняносец, гідра, фіялка, чалавек, галаўнёвы грыб, вяргіня.
2. Які са спосабаў бясполага размнажэння мнагаклетачных арганізмаў узнік пазней у працэсе развіцця арганічнага свету? Дайце аргументаваны адказ з выкарыстаннем дадатковай інфармацыі.
3. Калі мы ўскопваем зямлю, то часам выпадкова разразаем дажджавых чарвей лапатай. Што адбудзецца з чарвяком, калі ён будзе разрэзаны на дзве часткі?

Індывідуальнае дамашняе заданне. Правядзіце назіранне за раслінамі, якія растуць у вашым рэгіёне, і паспрабуйце знайсці прыклады спосабаў іх бясполага размнажэння. Які спосаб размнажэння найбольш распаўсюджаны?