§ 28. Транспарціроўка і захоўванне прадуктаў харчавання
- Успомніце асноўныя прычыны і сімптомы харчовых атручэнняў чалавека.
- Як вы думаеце? Наколькі эфектыўныя сучасныя спосабы транспарціроўкі і захоўвання прадуктаў харчавання?
- Вы даведаецеся пра правілы транспарціроўкі і захоўвання харчовай прадукцыі.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Біялогія. 10 клас |
Книга: | § 28. Транспарціроўка і захоўванне прадуктаў харчавання |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 24 Ноябрь 2024, 04:16 |
Транспарціроўка і захоўванне прадуктаў харчавання
Для таго каб на наш стол трапіла якасная ежа, яе мала вырабіць і ўпакаваць. Важны этап на шляху да спажыўца — гэта транспарціроўка і захоўванне, якія ажыццяўляюцца з выкананнем строгіх санітарна-гігіенічных правіл.
Транспарціроўка сыравіны і харчовых прадуктаў павінна ажыццяўляцца спецыяльным транспартам і пры суправаджэнні асобамі, якія маюць медыцынскі допуск. Пры гэтым харчовая сыравіна і гатовая харчовая прадукцыя не павінны кантактаваць адна з адной.
Пры захоўванні харчовых прадуктаў неабходна выконваць нормы складзіравання, правілы таварнага суседства, тэрміны прыдатнасці і ўмовы захоўвання. Прадукты, якія маюць спецыфічны пах, трэба захоўваць асобна ад прадуктаў, што ўбіраюць пахі (сметанковага масла, малака, макаронных вырабаў).
Выбіраючы ў магазінах упакованыя прадукты харчавання, неабходна абавязкова вывучыць маркіроўку. Важна ведаць склад, дату вырабу, тэрмін прыдатнасці і ўмовы захоўвання. Не грэбуйце гэтай інфармацыяй!
Неабходна памятаць, што ўменне правільна купляць прадукты харчавання можа аказацца дарэмным без умення іх захоўваць у хатніх умовах. Якасць захоўвання прадуктаў харчавання галоўным чынам залежыць ад наступных фактараў: асветленасці, тэмпературы, вільготнасці і складу паветра. Такія прадукты, як халва, у якой каля 30% тлушчу, шакалад (25—37% тлушчу) і маянез (да 67% тлушчу), трэба засцерагаць ад святла, паколькі тлушч на свялте разбураецца.
Агародніна і садавіна на святле хутчэй пераспявае і псуецца. Напрыклад, у бульбе ўтвараецца значна больш шкоднага для нашага арганізма рэчыва саланіну, які запасіцца на паверхні клубня. Таму пазелянелую бульбу ўжываць не рэкамендуецца.
Важна ведаць, што правільнае захоўванне прадуктаў харчавання прадугледжвае іх сартаванне. Агародніна ці садавіна сартуецца па ступені яе спеласці, сапсаваная выдаляецца.
Некаторыя прадукты ўтвараюць газы, якія паскараюць паспяванне. Напрыклад, бананы і яблыкі вылучаюць этылен, таму прадукты, што захоўваюцца побач з імі, будуць псавацца хутчэй. Акрамя таго, пах адных прадуктаў можа сапсаваць смак і водар іншых.
Універсальным месцам захоўвання прадуктаў харчавання з’яўляецца халадзільнік. Лепш за ўсё іх захоўваць у спецыяльных кантэйнерах, пергаменце або шчыльнай паперы. Для працяглага захоўвання прадуктаў часцей за ўсё выкарыстоўваецца маразільная камера.
Для якаснага захоўвання харчовай прадукцыі важна правільна падабраць упакоўку.
Напрыклад, шкляныя слоікі — гэта не толькі бяспечная, але і зручная форма захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў харчавання. Слоікі падыходзяць для разнастайных дамашніх загатовак. Шматразова выкарыстоўваючы шкляныя слоікі, вы будзеце дзейнічаць на карысць навакольнага асяроддзя, памяншаючы колькасць адходаў.
Сухія або дробныя прадукты можна захоўваць у папяровых пакетах, загортваць у пергамент ці васкаваную паперу. Дзякуючы гэтаму яны захаваюць свежасць і водар. Напрыклад, абгарнуўшы сыр пергаментнай паперай, вы нашмат даўжэй захаваеце яго свежасць, чым пакінуўшы адкрытым на паліцы халадзільніка.
Нержавеючая сталь, кераміка, эмаліраваны посуд ідэальныя для захоўвання салатаў, але не падыходзяць для разагравання ў мікрахвалевай печы.
Харчовыя пластыкавыя і сіліконавыя кантэйнеры пасля кожнага выкарыстання трэба старанна апарваць кіпенем, каб яны былі чыстымі і гатовымі для паўторнага выкарыстання. Сіліконавыя формы можна ўжываць і для мікрахвалевых пячэй.
Зараз сталі папулярнымі харчовыя вакуумныя кантэйнеры, у якіх ствараюцца палепшаныя ўмовы захоўвання: памяншаецца ўтрыманне кіслароду (акісленне ідзе павольней) і не дапускаецца з’яўленне вільгаці.
Але самым сучасным метадам лічыцца захоўванне прадуктаў з ужываннем мадыфікаванага газавага асяроддзя (МГА). У гэтым прамысловым спосабе захавання прадуктаў харчавання выкарыстоўваюцца аптымальныя прапорцыі кіслароду, азоту і вуглякіслага газу. У вакуумных і МГА-ўпакоўках павінны захоўвацца толькі свежыя прадукты харчавання з выкананнем патрабаванняў да тэмпературнага рэжыму.
Павелічэння тэрміну захоўвання прадуктаў харчавання можна дасягнуць, акрамя таго, пры дапамозе шматлікіх спосабаў апрацоўкі (кансервавання): замарозкі, сушэння, вэнджання, варэння, салення, зацукроўвання, марынавання, квашання і спіртавання. У гэтым выпадку змяняецца не толькі працягласць захоўвання, але і смакавыя якасці — з’яўляюцца новыя разнавіднасці прадуктаў харчавання.
Каб пазбегнуць атручэнняў, старайцеся ў паўсядзённым жыцці дакладна выконваць правілы транспарціроўкі і захоўвання харчовых прадуктаў!
Паўторым галоўнае. У хатніх умовах транспарціроўка і захоўванне прадуктаў харчавання ажыццяўляюцца з дапамогай шкляных слоікаў, нержавеючай сталі, керамікі, эмаліраванага посуду, сіліконавых і харчовых вакуумных кантэйнераў. На якасць захоўвання істотна ўплываюць асветленасць, тэмпература, вільготнасць і склад паветра. Перад закладкай на захоўванне прадукты харчавання неабходна сартаваць. Універсальным месцам захоўвання з’яўляецца халадзільнік. Павялічыць тэрмін захоўвання прадуктаў можна з дапамогай шматлікіх спосабаў апрацоўкі (кансервавання).
Праверым веды
Ключавыя пытанні
1. Для чаго неабходна перад купляй прадуктаў харчавання прачытаць інфармацыю на ўпакоўцы?
2. Якія прадукты і чаму неабходна захоўваць асобна?
3. У якой упакоўцы лепш за ўсё захоўваць прадукты ў халадзільніку?
4. Прывядзіце прыклады найбольш аптымальнай тары для транспарціроўкі і захоўвання прадуктаў харчавання ў паўсядзённым жыцці.
Складаныя пытанні
1. Як вы думаеце, ці можна захоўваць кансерваваныя харчовыя прадукты ў адкрытай кансервавай бляшанцы? Адказ аргументуйце.
2. Ці можна вызначыць наяўнасць узбуджальніка батулізму ў кансерваванай прадукцыі? Як засцерагчы сябе ад батулізму?
* Індывідуальнае дамашняе заданне. Праверце правільнасць захоўвання прадуктаў харчавання ў вас дома.