Печатать книгуПечатать книгу

§ 26. Сертыфікацыя харчовых прадуктаў у Беларусі

  • Успомніце, якімі шляхамі шкодныя для здароўя рэчывы трапляюць у арганізм чачалавека.
  • Як вы думаеце? Чым абумоўлена неабходнасць стварэння міжнароднага харчовага заканадаўства?
  • Вы даведаецеся пра парадак сертыфікацыі харчовай прадукцыі.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: § 26. Сертыфікацыя харчовых прадуктаў у Беларусі
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 9 Май 2024, 03:19

Прэамбула

У ходзе навуковых даследаванняў было вызначана, што прыблізна 70 % таксічных рэчываў трапляе ў арганізм чалавека з ежай. Гэты факт абумовіў стварэнне міжнароднага харчовага заканадаўства, якое атрымала назву «Кодэкс Аліментарыус» (ад лац. Codex Alimentarius — Харчовы Кодэкс).

Па сваёй сутнасці «Кодэкс Аліментарыус» — гэта збор харчовых міжнародных стандартаў, якія ахопліваюць асноўныя прадукты харчавання і паўфабрыкаты.

У Беларусі паказчыкі якасці і нормы бяспекі харчовай прадукцыі вызначаны ў такіх нарматыўных дакументах, як тэхнічныя рэгламенты, тэхнічныя ўмовы, нацыянальныя і міждзяржаўныя стандарты.

Тэхнічныя рэгламенты, тэхнічныя ўмовы, нацыянальныя стандарты і ДАСТы

Тэхнічныя рэгламенты вызначаюць абавязковыя тэхнічныя патрабаванні, звязаныя з бяспекай прадукцыі і яе выкарыстаннем. У іх адлюстраваны мікрабіялагічныя паказчыкі, утрыманне таксічных рэчываў, радыенуклідаў.

У тэхнічных умовах, або стандартах, вызначаюцца фізіка-хімічныя (утрыманне вільгаці, бялкоў, тлушчу, кіслотнасць) і арганалептычныя (смак, колер, пах) паказчыкі якасці харчовых прадуктаў.

Стандарты, якія выкарыстоўваюцца ў Беларусі ў якасці дзяржаўных, абазначаюцца «СТБ» — гэта нацыянальныя стандарты Рэспублікі Беларусь, зацверджаныя Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі. Таксама ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць ДАСТы — міждзяржаўныя стандарты, прынятыя Еўразійскім саветам па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, членамі якога з’яўляюцца краіны, што ўваходзяць у Садружнасць Незалежных Дзяржаў. 

Сертыфікацыя харчовай прадукцыі

Для таго каб прадукцыя адпавядала выкладзеным у нарматыўна-прававой дакументацыі стандартам, праводзіцца яе сертыфікацыя. Галоўнай мэтай сертыфікацыі з’яўляецца ахова спажыўцоў ад няякасных прапаноў вытворцаў і распаўсюджвальнікаў. Сертыфікацыя можа быць абавязковай або добраахвотнай. Абавязковай сертыфікацыі патрабуе прадукцыя, якая ўключана Дзяржстандартам Рэспублікі Беларусь у Адзіны пералік прадукцыі, што падлягае абавязковай сертыфікацыі. Гэта ўсе тавары, звязаныя са здароўем чалавека (лекі, медыцынскае абсталяванне), тавары для дзяцей і падлеткаў і інш. Рэалізацыя тавараў, якія ўваходзяць у дадзены пералік, без наяўнасці сертыфіката якасці з’яўляецца незаконнай.

Працэдуру сертыфікацыі ажыццяўляюць органы, акрэдытаваныя ў Нацыянальнай сістэме акрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Перш чым выдаць сертыфікат адпаведнасці, спецыялісты вывучаюць дакументацыю і праводзяць лабараторныя выпрабаванні. Затым аналізуюцца атрыманыя даныя і на аснове патрабаванняў пэўных тэхнічных рэгламентаў, норм і стандартаў прымаецца рашэнне. У выпадку, калі яно станоўчае, вытворцу ці імпарцёру прадукцыі выдаецца сертыфікат адпаведнасці, што сведчыць пра адпаведнасць выпускаемай у абарачэнне прадукцыі патрабаванням нарматыўных дакументаў.

Добраахвотная сертыфікацыя ажыццяўляецца для пацвярджэння высокай якасці прадукцыі, якая не ўключана ў пералік для абавязковай сертыфікацыі. Праводзіцца яна вытворцам або распаўсюджвальнікам тавараў з мэтай прыцягнення пакупнікоў і росту продажаў.

На ўпакоўку прадукцыі, якая прайшла працэдуру сертыфікацыі,  ставіцца спецыяльны знак адпаведнасці. У выпадку добраахвотнай сертыфікацыі знак СТБ абводзіцца чорнай лініяй.

Калі прадукт выраблены ў адпаведнасці з патрабаваннямі пэўнага стандарту, яго абазначэнне і нумар наносяць на ўпакоўку прадукту, гэта значыць маркіруюць. Напрыклад, на ўпакоўку зефіру нанесена «СТБ 2361». Гэта значыць, што паказчыкі якасці зефіру адпавядаюць патрабаванням «СТБ 2361. Вырабы кандытарскія пасцільныя. Агульныя тэхнічныя ўмовы».

Дэклараванне адпаведнасці

Адной з форм пацвярджэння высокай якасці і бяспекі прадукцыі з’яўляецца дэклараванне адпаведнасці. Для правядзення гэтай працэдуры вытворца або распаўсюджвальнік павінен звярнуцца ў орган па сертыфікацыі і падаць доказы высокай якасці і бяспекі прадукцыі. У выпадку станоўчага рашэння заяўніку выдаецца дэкларацыя адпаведнасці, якая сведчыць пра адпаведнасць выпускаемай у абарачэнне прадукцыі патрабаванням нарматыўных дакументаў.

У сувязі з уступленнем Рэспублікі Беларусь у Мытны саюз вытворцу неабходна таксама ажыццяўляць пацвярджэнне адпаведнасці якасці выпускаемай прадукцыі Тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза. Напрыклад, знак адпаведнасці Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАС) азначае, што прадукцыя прайшла працэдуру пацвярджэння адпаведнасці ў форме сертыфікацыі або дэкларавання. Маркіроўка наносіцца як на вырабленыя на тэрыторыі Мытнага саюза (Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызская Рэспубліка, Расійская Федэрацыя), так і на ўвезеныя з-за мяжы тавары. Гэты знак можна сустрэць не толькі на харчовых прадуктах, але і на адзенні, цацках, кнігах, бытавых электрапрыборах і іншых відах прадукцыі.

Для пацвярджэння бяспекі прадукцыі для навакольнага асяроддзя маецца экалагічны знак адпаведнасці.

Экалагічны знак адпаведнасці наносіцца на прадукцыю, якая прайшла працэдуру пацвярджэння адпаведнасці экалагічным крытэрыям усіх неабходных тэхнічных нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь. Памятайце! Дасведчаныя спажыўцы купляюць толькі тую прадукцыю, на якую нанесены асаблівыя знакі адпаведнасці.

У нашай краіне адзіную дзяржаўную палітыку стандартызацыі праводзіць Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь (Дзяржстандарт). Цэнтральным дзяржаўным навукова-практычным прадпрыемствам Дзяржстандарта з’яўляецца Беларускі дзяржаўны інстытут стандартызацыі і сертыфікацыі (БелДІСС).

!  Гэта цікава

25 верасня 2015 г. Рэспубліка Беларусь стала адной з 193 краін — членаў ААН, якія выказалі прыхільнасць да Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 г. Парадак уключае 17 мэт устойлівага развіцця, 169 задач і 242 індыкатары, якія закліканы вырашыць найбольш вострыя праблемы чалавецтва і палепшыць стан планеты. Устойлівае развіццё — гэта развіццё грамадства, якое задавольвае патрэбнасці цяперашняга пакалення без шкоды для патрэбнасцей будучых пакаленняў. Дзяржстандарт Беларусі з’яўляецца актыўным удзельнікам руху па дасягненні гэтых мэт.

Паўторым галоўнае. У Беларусі ажыццяўляецца строгі кантроль за якасцю харчовай прадукцыі. Для гэтай мэты праводзіцца абавязковая або добраахвотная сертыфікацыя, а таксама дэклараванне. Адзіную дзяржаўную палітыку ў галіне стандартызацыі праводзіць Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь (Дзяржстандарт).

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Чым была выклікана неабходнасць стварэння міжнароднага харчовага заканадаўства? Як называецца міжнародны збор харчовых міжнародных стандартаў?
2. Для чаго ажыццяўляецца сертыфікацыя харчовай прадукцыі? Чым адрозніваецца добраахвотная сертыфікацыя ад абавязковай?
3. Для якой мэты на прадукцыю ставяцца знакі адпаведнасці?

    Складаныя пытанні

1. На якія абазначэнні на ўпакоўцы харчовай прадукцыі павінен звяртаць увагу пакупнік? Адказ аргументуйце.
2. Што, на ваш погляд, схіліла Арганізацыю Аб’яднаных Нацый да прыняцця Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 г.?

*Індывідуальнае дамашняе заданне. Азнаёмцеся падрабязней з міжнародным харчовым заканадаўствам «Кодэкс Аліментарыус». Атрыманай інфармацыяй падзяліцеся з аднакласнікамі.