§ 21. Уплыў электрамагнітнага забруджвання на чалавечы арганізм
- Успомніце, што вы ведаеце пра ўплыў магнітнага поля Зямлі на жывыя арганізмы.
- Як вы думаеце? У чым заключаецца небяспека электрамагнітнага выпраменьвання мабільнага тэлефона, камп’ютара і тэлевізара для вашага здароўя?
- Вы даведаецеся пра асноўныя крыніцы электрамагнітнага выпраменьвання і яго негатыўны ўплыў на здароўе чалавека.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Біялогія. 10 клас |
Книга: | § 21. Уплыў электрамагнітнага забруджвання на чалавечы арганізм |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 24 Ноябрь 2024, 05:00 |
Электрамагнітнае выпраменьванне (ЭМВ)
Электрамагнітнае выпраменьванне (ЭМВ) — гэта з’ява, працэс, пры якім энергія выпраменьваецца крыніцай у прастору ў выглядзе электрамагнітных хваль.
Біялагічнае дзеянне ЭМВ залежыць ад даўжыні яго хвалі. Крыніцы электрамагнітных выпраменьванняў і інтэрвалы даўжынь хваль пададзены ў табліцы.
Табліца. Крыніцы і інтэрвалы даўжынь хваль электрамагнітных выпраменьванняў
Электрамагнітнае выпраменьванне (ЭМВ) |
Інтэрвал даўжыні хваль, м (вакуум) |
Крыніцы выпраменьвання |
Радыёхвалевае |
1·105—1·10–1 |
Радыёпрыборы |
Мікрахвалевае |
1·10–1—1·10–4 |
Лазеры, паўправадніковыя прыборы |
Інфрачырвонае |
1·10–4—7·10–7 |
Касмічнае выпраменьванне, сонца, электралямпы |
Бачнае |
7·10–7— 4·10–7 |
Сонца, люмінесцэнтныя лямпы, электралямпы |
Ультрафіялетавае |
4·10–7— 3·10–8 |
Сонца, касмічнае выпраменьванне, электралямпы |
Рэнтгенаўскае |
3·10–8—1·10–10 |
Рэнтгенаўскія трубкі, радыеактыўныя ізатопы |
Гама-выпраменьванне |
1·10–10—1·10–13 |
Радыеактыўныя распады |
Чым меншая даўжыня хвалі, тым большую небяспеку ўяўляе ЭМВ для здароўя чалавека, асабліва ў выпадку перавышэння санітарных норм. Гэта небяспека абумоўлена тым, што інтэнсіўнасць электрамагнітнага выпраменьвання тэхнагеннага паходжання ў шмат разоў перавышае інтэнсіўнасць натуральнага электрамагнітнага фону, і яго ўздзеянне непрыметнае.
Для нас з вамі асноўныя крыніцы ЭМВ — гэта камп’ютар, тэлевізар, сотавы тэлефон, бытавыя прыборы. Іх прыкладны ўклад у электрамагнітнае забруджванне арганізма паказаны на малюнку.
Асаблівую адчувальнасць да ўплыву ЭМВ выяўляюць нервовая, эндакрынная, імунная, сардэчна-сасудзістая і палавая сістэмы чалавека (гл. табл.).
Табліца. Негатыўны ўплыў ЭМВ на чалавечы арганізм
Сістэма арганізма |
Негатыўны ўплыў |
Нервовая |
Парушаецца перадача нервовых імпульсаў, пагаршаецца памяць і пазнавальныя функцыі, з’яўляецца дэпрэсія, стамляльнасць, раздражняльнасць, парушаецца сон |
Эндакрынная |
Стымулюецца работа гіпофізу, што суправаджаецца павелічэннем утрымання адрэналіну ў крыві, актывізуюцца працэсы згусання крыві |
Імунная |
Ход інфекцыйнага працэсу абцяжарваецца аўтаімуннай рэакцыяй (рэакцыяй арганізма на ўласныя антыгены, гэта значыць з’яўленнем антыцел да іх, што вядзе да развіцця аўтаімунных захворванняў, напрыклад набытай анеміі) |
Сардэчна-сасудзістая |
Парушаецца работа сардэчнай мышцы, узнікае арытмія, змяняецца артэрыяльны ціск |
Палавая |
Зніжаецца актыўнасць палавых клетак, назіраецца паталогія развіцця плода на розных стадыях цяжарнасці, дачасныя роды |
Сёння мабільны тэлефон ёсць практычна ў кожнага чалавека, і карыстаецца ён ім дастаткова актыўна. Значыць, кожны з нас атрымлівае пэўную долю электрамагнітнага выпраменьвання. Можна знізіць негатыўны ўплыў ЭМВ, калі прытрымлівацца наступных рэкамендацый.
1. Уважліва вывучайце інструкцыі па тэхніцы бяспекі пры рабоце з электрапрыборамі.
2. Трымайце мабільны тэлефон як мага далей ад вуха.
3. Па магчымасці скарачайце час карыстання прыборамі, каб знізіць негатыўны ўплыў на сятчатку вачэй. Гэта асабліва небяспечна для дзяцей і цяжарных жанчын, карыстальнікаў са слабым імунітэтам, схільнасцю да алергіі, сардэчна-сасудзістых захворванняў.
4. Не групуйце электрапрыборы і мабільныя прылады ў адным месцы, не размяшчайце іх побач з месцамі адпачынку і сну.
Паўторым галоўнае. Электрамагнітнае выпраменьванне, якое перавышае санітарныя нормы, негатыўна ўплывае на нервовую, сардэчна-сасудзістую, палавую, імунную і эндакрынную сістэмы, на галаўны мозг чалавека. Для памяншэння негатыўнага ўздзеяння электрамагнітныя выпраменьвальнікі трэба размяшчаць так, каб ні адзін з іх не ўзмацняў другі і не знаходзіўся побач з месцамі адпачынку і сну.
Праверым веды
Ключавыя пытанні
1. У чым заключаецца небяспека ЭМВ для чалавечага арганізма?
2. Які негатыўны эфект аказваюць ЭМВ на нервовую і імунную сістэмы?
3. У якіх выпадках мабільныя тэлефоны нясуць небяспеку для здароўя чалавека? Як можна паменшыць іх негатыўнае ўздзеянне?
Складаныя пытанні
1. На якой адлегласці ад органа слыху рэкамендуецца трымаць мабільны тэлефон? Адказ аргументуйце.
2. Чаму і з якой перыядычнасцю кожнаму чалавеку неабходна праходзіць флюараграфічнае абследаванне?
* Індывідуальнае дамашняе заданне. Пазнаёмцеся з тэхнічнымі характарыстыкамі прыбораў у вашай кватэры. Разлічыце агульны электрамагнітны фон. Размясціце прыборы так, каб вы і вашы родныя як мага менш адчувалі на сабе ўздзеянне ЭМВ.