Печатать книгуПечатать книгу

§ 14. Адаптацыя чалавека да змянення тэмпературных умоў

  • Успомніце, як ажыццяўляецца тэрмарэгуляцыя арганізма чалавека.
  • Як вы думаеце? Чаму чалавеку складана адаптавацца да змянення тэмпературных умоў?
  • Вы даведаецеся пра ўплыў на арганізм чалавека тэмпературных ваганняў і пра механізмы адаптацыі да іх.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: § 14. Адаптацыя чалавека да змянення тэмпературных умоў
Напечатано:: Гость
Дата: Среда, 8 Май 2024, 20:28

Уплыў на арганізм чалавека тэмпературных ваганняў

Сярод мноства абіятычных фактараў, якія ўплываюць на чалавека, значную ролю адыгрывае тэмпература. На чалавека робіць уздзеянне не толькі фактычная тэмпература паветра, але і яе сярэднясутачная зменлівасць. Так, змяненне сярэднясутачнай тэмпературы паветра на 1—2 °С лічыцца слабым, на 3—4 °С — умераным, больш чым на 4 °С — рэзкім.

Пры працяглым і моцным уздзеянні нізкіх тэмператур змяняецца абмен рэчываў, звужаюцца сасуды пальцаў рук і ног, скуры твару, адбываецца мясцовае і агульнае ахаладжэнне арганізма (магчыма нават абмаражэнне), змяншаецца працаздольнасць чалавека, узнікаюць прастудныя захворванні.

Пры ўздзеянні на арганізм высокай тэмпературы паніжаецца крывяны ціск, змяняецца хімічны састаў крыві, парушаецца водна-салявы абмен арганізма, магчымы цеплавы ўдар. Высокая тэмпература паветра таксама неспрыяльна ўздзейнічае на функцыі органаў стрававання і выклікае ў чалавека хуткую стамляльнасць.

Успрыманне тэмпературы індывідуальна і звязана з фізіялагічнымі і псіхалагічнымі асаблівасцямі чалавека.

Ад якіх фактараў залежыць успрыманне тэмпературы? Вызначана, што вецер і вільготнасць могуць узмацняць адчуванне тэмпературы. Пры моцным ветры халодныя дні здаюцца яшчэ халаднейшымі. Пры павышанай вільготнасці паветра нізкая тэмпература здаецца яшчэ больш нізкай, а пры паніжанай вільготнасці — наадварот.

Улічваючы вялікі ўплыў тэмпературы на самаадчуванне чалавека, разгледзім яго адаптацыю да гэтага найважнейшага абіятычнага фактару.

Адаптацыя чалавека да змянення тэмпературных умоў

З дапамогай рэцэптараў, якія размешчаны ў скуры і слізістых абалонках і рэагуюць на змяненне тэмпературы (перыферычныя тэрмарэцэптары), арганізм чалавека ўвесь час атрымлівае інфармацыю пра тэмпературу аб’ектаў навакольнага асяроддзя, што кантактуюць з целам. Адначасова тэрмарэцэптары ўнутры цела рэагуюць на змяненні тэмпературы ўнутранага асяроддзя. Тут цэнтральная роля належыць рэцэптарам, размешчаным у гіпаталамусе (цэнтральныя тэрмарэцэптары), якія здольны рэагаваць на вельмі невялікія (каля 0,01 °С) ваганні тэмпературы тканкавых вадкасцей. Інфармацыя, якая атрымліваецца ад усіх тэрмарэцэптараў арганізма, аналізуецца ў гіпаталамусе, у выніку чаго і ўзнікаюць рэфлекторныя адказы розных органаў, што забяспечвае падтрыманне пастаянства тэмпературы цела.

У прыстасавальных (адаптацыйных) рэакцыях да тэмпературных змяненняў ключавую ролю адыгрываюць потавыя залозы, гладкія мышцы сценак артэрыёл, шкілетныя мышцы, шчытападобная залоза, наднырачнікі (гл. табл.).

Табліца. Прыстасавальныя рэакцыі да тэмпературных змяненняў

Орган

Прыстасавальныя рэакцыі

Потавыя залозы

Пры павышэнні тэмпературы скуры або крыві гіпаталамус пасылае ў потавыя залозы імпульсы пра неабходнасць актыўнага вылучэння поту. На яго выпарэнне расходуецца цяпло з паверхні скуры

Гладкія мышцы сценак артэрыёл

Пры павышэнні тэмпературы скуры і крыві гіпаталамус накіроўвае сігналы ў гладкія мышцы сценак артэрыёл, якія забяспечваюць крывёй скуру, выклікаючы пашырэнне прасвету артэрыёл. У выніку гэтага кровазабеспячэнне скуры ўзмацняецца. Кроў пераносіць цяпло з глыбіні цела да паверхні скуры, дзе яно і рассейваецца

Шкілетныя мышцы

Ва ўмовах нізкай тэмпературы паветра тэрмарэцэптары скуры пасылаюць сігналы ў цэнтр тэрмарэгуляцыі гіпаталамуса, які стымулюе хуткі цыкл адвольных скарачэнняў і паслабленняў шкілетных мышцаў (дрыжанне), што прыводзіць да вылучэння цеплавой энергіі

Шчытападобная залоза

Пры паніжэнні тэмпературы ўзмацняе вылучэнне гармонаў тыраксіну і трыёдтыраніну, якія паскараюць абмен рэчываў і, такім чынам, цеплаўтварэнне

Наднырачнікі

Пры тэмпературных змяненнях наднырачнікі вылучаюць у кроў гармоны адрэналін і норадрэналін. З прычыны гэтага звужаюцца сасуды скуры, змяняючы ўзровень цеплааддачы

!  Гэта цікава

Цеплавую падрыхтоўку горнаратаўнікоў праводзяць ва ўмовах высокай тэмпературы (55—60 °С) пры нізкай адноснай вільготнасці (20—25 %) у стане спакою з ужываннем рэспіратара. На пераграванне, якое ўзнікае ў гэтых умовах, адаптаваныя да высокай тэмпературы падыспытныя рэагуюць без парушэння функцый цэнтральнай нервовай сістэмы. Гэта важна для горнаратаўнікаў, пажарных і іншых людзей падобных прафесій, бо захаванне дзейнасці кары вялікіх паўшар’яў ва ўмовах перагравання дае магчымасць працаваць у зонах высокай тэмпературы і ратаваць людзей.

Акрамя гіпаталамуса, тэрмарэцэптары пасылаюць сігналы ў кару галаўнога мозга. Гэта дазваляе чалавеку свядома ўспрымаць тэмпературныя змяненні і адэкватна на іх рэагаваць.

Пры адаптацыі да высокай тэмпературы парушаецца водна-салявы абмен арганізма. Таму для папаўнення страт вадкасці, мінеральных рэчываў ва ўмовах гарачага клімату, у «гарачых» цэхах перад работай людзям рэкамендуецца піць больш вадкасці, у тым ліку ягадныя морсы і салявыя растворы.

Адаптацыя чалавека да тэмпературных ваганняў у навакольным асяроддзі не толькі біялагічны, але і сацыяльны працэс, які заключаецца ў будаўніцтве камфортнага жылля, пашыве адзення, стварэнні бытавых прыбораў.

Таксама адаптацыйныя магчымасці арганізма да нізкіх тэмператур павялічваюцца шляхам загартоўвання. Яго фізіялагічнай асновай з’яўляецца выпрацоўка ўмоўнага рэфлексу на сістэматычнае ўздзеянне тэмпературнага фактару. Пры загартоўванні важна выконваць наступныя прынцыпы: індывідуальнасць (падбор працэдур пад кантролем урача), паступовасць (паэтапнае павелічэнне дазіроўкі) і сістэматычнасць (шматразовае дзеянне фактару).

Паўторым галоўнае. Фізіялагічная рэгуляцыя адаптацыйных працэсаў да змянення тэмпературных умоў кантралюецца гіпаталамусам. У ажыццяўленні адаптацыйных працэсаў ключавая роля належыць нервовай сістэме, залозам унутранай сакрэцыі, гладкім і шкілетным мышцам. Акрамя фізіялагічнай адаптацыі, чалавеку ўласціва і сацыяльная адаптацыя.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Якім чынам тэмпературныя ваганні ўплываюць на здароўе чалавека?
2.
Які орган і як рэгулюе цеплаабмен у арганізме?
3.
Ахарактарызуйце ролю залоз унутранай сакрэцыі ў тэмпературных адаптацыйных механізмах.

    Складаныя пытанні

1. Чаму пры моцным ветры і павышанай вільготнасці паветра халодныя дні здаюцца халаднейшымі, чым у сапраўднасці?
2. Ці магчыма доўгачасовая адаптацыя чалавека да незямных умоў і засяленне людзьмі спадарожніка нашай планеты Месяца? Адказ абгрунтуйце.

* Індывідуальнае дамашняе заданне. На працягу месяца паназірайце за ўплывам пагодных умоў (тэмпературы, вільготнасці, атмасфернага ціску, наяўнасці магнітных бур) на ваш (і членаў вашай сям’і) фізіялагічны і псіхалагічны стан (змяненне артэрыяльнага ціску, зніжэнне працаздольнасці, парушэнне сну, раздражняльнасць). Па выніках назірання падрыхтуйце паведамленне (прэзентацыю) для аднакласнікаў.