Печатать книгуПечатать книгу

§ 10. Адаптацыі арганізмаў да жыцця ў вадзе. Экалагічныя групы водных жывёл

  • Успомніце, якія жывёлы і расліны жывуць у водным асяроддзі жыцця.
  • Як вы думаеце? Якія асаблівасці будовы маюць водныя расліны? Дзякуючы якім адаптацыям водныя жывёлы могуць жыць на рознай глыбіні ў водным асяроддзі?
  • Вы даведаецеся пра экалагічныя групы водных арганізмаў і іх адаптацыі да жыцця ў водным асяроддзі.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: § 10. Адаптацыі арганізмаў да жыцця ў вадзе. Экалагічныя групы водных жывёл
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 12 Июль 2025, 12:15

Прэамбула

Для воднага асяроддзя жыцця характэрна вялікая разнастайнасць аўтатрофных і гетэратрофных арганізмаў. Найбольшая разнастайнасць відаў назіраецца ў трапічных і субтрапічных морах на глыбіні, якая не перавышае 200—500 м.

Адаптацыі раслін да жыцця ў вадзе

У салёных водах з мнагаклетачных аўтатрофаў растуць толькі водарасці. Да змянення саставу сонечнага спектра ў залежнасці ад глыбіні яны прыстасаваліся шляхам змянення саставу сваіх пігментаў (гл. § 9).

У прэсных вадаёмах у сцёблах раслін слаба развіты механічныя тканкі. Напрыклад, калі выцягнуць з вады гарлачык белы або гарлачык жоўты, то іх сцёблы нікнуць і не здольныя падтрымліваць кветкі ў вертыкальным становішчы. Апорай для іх служыць вада за кошт яе высокай шчыльнасці.

Адаптацыяй да недахопу кіслароду ў вадзе з’яўляецца наяўнасць у органах водных раслін паветраноснай тканкі (аэрэнхімы). Мінеральныя рэчывы знаходзяцца ў вадзе ў раствораным стане, таму слаба развіты праводзячыя тканкі і каранёвая сістэма. Карані могуць наогул адсутнічаць (вольфія бескаранёвая) або служыць толькі для замацавання ў субстраце (рагоз, стрэлкаліст, шальнік), таму каранёвых валаскоў на каранях няма. Лісты часцей тонкія і доўгія або моцна рассечаныя. Вусцейкі ў лістоў, якія плаваюць, знаходзяцца на верхнім баку, а ў апушчаных у ваду — адсутнічаюць. Для некаторых раслін, што маюць апушчаныя ў ваду і надводныя лісты (гарлачык, стрэлкаліст), характэрна наяўнасць лістоў рознай формы — гетэрафілія.

Пылок, плады і насенне водных раслін прыстасаваны да распаўсюджвання вадой. Яны маюць коркавыя вырасты або трывалыя абалонкі, якія прадухіляюць пападанне вады ўнутр і загніванне.

*Экалагічныя групы водных жывёл

У водным асяроддзі жывёльны свет больш багаты, чым раслінны. Паколькі жывёлы належаць да гетэратрофаў і сонечнае святло не з’яўляецца для іх умовай існавання, то яны засялілі воднае асяроддзе да самых вялікіх глыбінь. Паводле тыпу марфалагічных і паводзінскіх адаптацый гідрабіёнтаў падзяляюць на тры асноўныя экалагічныя групы: планктон, нектон, бентас.

Планктон (ад грэч. planktós — які лунае, блукае) — арганізмы, якія жывуць у тоўшчы вады і перамяшчаюцца пад уздзеяннем яе цячэння. У залежнасці ад сістэматычнай прыналежнасці іх падзяляюць на зоапланктон, фітапланктон і мікробапланктон. Да зоапланктону належаць жывёлы: кішачнаполасцевыя, дробныя ракападобныя, лічынкі некаторых іншых беспазваночных. Фітапланктон прадстаўлены водарасцямі і аўтатрофнымі пратыстамі, а мікробапланктон — бактэрыямі.

Усе адаптацыі зоапланктону ў асноўным накіраваны на павышэнне плывучасці цела:

1) павелічэнне паверхні цела за кошт сплесквання і падаўжэння формы, развіцця вырастаў і шчацінак; утварэнне гідрафобных паверхняў цела;

2) памяншэнне шчыльнасці цела ў сувязі з рэдукцыяй шкілета, наяўнасцю тлушчавых кропель, пузыркоў паветра, слізістых чахлоў, пеністых паплаўкоў.

Нектон (ад грэч. nēktós — які плавае) — арганізмы, якія жывуць у тоўшчы вады і вядуць актыўны спосаб жыцця. Прадстаўнікамі нектону з’яўляюцца галаваногія малюскі, рыбы, кітападобныя, ластаногія. У прэсных вадаёмах, акрамя рыб, да нектону ставяцца земнаводныя і насякомыя, якія актыўна плаваюць. Супрацьстаяць цячэнню ім дапамагаюць адаптацыі да актыўнага плавання і памяншэння трэння цела. Актыўнае плаванне дасягаецца за кошт добра развітой мускулатуры. Пры гэтым могуць выкарыстоўвацца энергія выкінутага струменя вады, выгінанне цела, плаўнікі, ласты. Памяншэнню трэння цела спрыяюць: абцякальная форма цела, эластычнасць скурнага покрыва, наяўнасць на скуры лускі і слізі.

!  Гэта цікава

Некаторыя прадстаўнікі нектону здольныя развіваць вельмі высокую скорасць. Напрыклад, кальмары могуць перамяшчацца са скорасцю 45—50 км/г, меч-рыба — да 130 км/г, а рыба-паруснік можа развіваць скорасць да 150 км/г.

Бентас (ад грэч. bénthos — глыбіня) — арганізмы, якія жывуць на дне вадаёма або ў тоўшчы доннага грунту марскіх і кантынентальных вадаёмаў. Бентас падзяляюць на раслінны (фітабентас) і жывёльны (заабентас).

У марскім заабентасе жывёлы адрозніваюцца паводле становішча адносна грунту. Адны з іх жывуць у тоўшчы грунту або ў глеі (інфаўна — ланцэтнік, шматшчацінкавыя чэрві, некаторыя двухстворкавыя малюскі і ігласкурыя). Іншыя жывёлы жывуць на паверхні дна — яны або прымацоўваюцца да субстрату (эпіфаўна — губкі, гідроіды, актыніі і каралы, гарыцы, марскія жалуды), або актыўна перамяшчаюцца па паверхні грунту (анфаўна — малюскі, большасць ігласкурых, ракападобныя). Да бентасу таксама залічваюць жывёл, якія плаваюць паблізу ад дна і толькі перыядычна апускаюцца на дно (нектабентас — крэветкі, мізіды, галатурыі, скаты, камбала).

У прэсных вадаёмах заабентас якасна і колькасна бяднейшы, чым у марскіх. З жывёл у яго ўваходзяць прасцейшыя, губкі, круглыя чэрві, малашчацінкавыя чэрві, п’яўкі, малюскі, ракападобныя і лічынкі водных насякомых.

Адаптацыі бентасных арганізмаў накіраваны на памяншэнне плавучасці:

1) пацяжэнне цела за кошт ракавін (малюскі), хіцінізаванай кутыкулы (ракі, крабы, амары, лангусты);

2) замацаванне на донным субстраце з дапамогай органаў фіксацыі (прысоскі ў п’явак, кручкі ў лічынак шыцікаў) або пляскатага цела (скат, камбала). Некаторыя прадстаўнікі закопваюцца ў грунт (многашчацінкавыя чэрві).

!  Гэта цікава

У азёрах і сажалках вылучаюць яшчэ нейстон — экалагічную групу арганізмаў, якія звязаны з паверхневай плёнкай вады і ўвесь час ці часова жывуць на гэтай плёнцы ці да 5 см углыб ад яе паверхні. Іх цела не змочваецца, яго шчыльнасць меншая за шчыльнасць вады. Асаблівым чынам пабудаваныя канечнасці дазваляюць перамяшчацца па паверхні вады, не апускаючыся. Прадстаўнікамі нейстону з’яўляюцца: аднаклетачныя водарасці, дробныя лёгачныя малюскі, вадамеры, жукі вертуны, лічынкі камароў.

Своеасаблівай экалагічнай групай водных арганізмаў з’яўляецца таксама перыфітон — арганізмы, якія ўтвараюць на вертыкальных падводных аб’ектах (палі, апоры мастоў, падводныя часткі карпусоў марскіх судоў) плёнку абрастання. Прадстаўнікамі перыфітону з’яўляюцца водарасці, бактэрыі, пратысты, ракападобныя, двухстворкавыя малюскі, малашчацінкавыя чэрві, імшанкі, губкі.

Паўторым галоўнае. У салёных водах жывуць толькі водарасці, якія змяшчаюць шырокі спектр фотасінтэтычных пігментаў. У органах раслін, што растуць у прэсных вадаёмах, маецца паветраносная тканка (аэрэнхіма), але слаба развіты механічныя і праводзячыя тканкі. Каранёвая сістэма пазбаўлена каранёвых валаскоў або адсутнічае. Паводле характару адаптацый водных жывёл падзяляюць на тры асноўныя экалагічныя групы: планктон, нектон, бентас.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Назавіце адметныя асаблівасці будовы водных раслін.
*2. Якія экалагічныя групы жывёл вылучаюць у водным асяроддзі?
*3. Якія адаптацыі маюцца ў нектону да высокай шчыльнасці вады?
*4. З пералічаных ніжэй жывёл выберыце прадстаўнікоў бентасу: двухстворкавыя малюскі, кальмар, медуза, скат, васьміног, крэветка, дафнія, сом, краб, вожык марскі.

    Складаныя пытанні

1. Апішыце размеркаванне жывых арганізмаў у водным асяроддзі і растлумачце, ад якіх фізічных і хімічных фактараў яно залежыць.
2. Чаму жывёльны свет у водным асяроддзі нашмат багацейшы, чым раслінны? Дайце аргументаваны адказ з улікам іх морфафізіялагічных асаблівасцей.

*Індывідуальнае дамашняе заданне. Выкарыстоўваючы ілюстрацыі з дадатковых крыніц інфармацыі, складзіце параўнальную характарыстыку марфалагічных асаблівасцей відаў гідрафітаў і раслін лугу ці лесу. Растлумачце прычыну іх адрозненняў.