§ 0—1. Формы структурнай арганізацыі жывых арганізмаў
- Успомніце, з якімі формамі структурнай арганізацыі арганізмаў вы пазнаёміліся пры вывучэнні разнастайнасці арганічнага свету.
- Як вы думаеце? Якая з форм структурнай арганізацыі дазваляе лепш за ўсё прыстасоўвацца да зменлівых умоў асяроддзя?
- Вы даведаецеся пра разнастайнасць форм структурнай арганізацыі жывых арганізмаў.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Біялогія. 10 клас |
Книга: | § 0—1. Формы структурнай арганізацыі жывых арганізмаў |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 30 Май 2025, 11:50 |
Прэамбула
Ва ўводзінах вы пазнаёміліся з узроўнямі арганізацыі жыцця на планеце Зямля. Адным з іх з’яўляецца арганізменны ўзровень, які ў сваю чаргу складаюць арганізмы з рознымі формамі структурнай арганізацыі. Для арганізмаў, якія існуюць у цяперашні час, можна вылучыць чатыры асноўныя формы структурнай арганізацыі: аднаклетачная, сіфонавая, каланіяльная і мнагаклетачная. Ахарактарызуем іх больш падрабязна.
Аднаклетачная форма арганізацыі
З арганізмаў, якія жывуць зараз, да аднаклетачных належаць бактэрыі і аднаклетачныя пратысты, з якімі вы пазнаёміліся ў курсе біялогіі 7-га класа. Успомнім іх будову. Бактэрыі належаць да пракарыёт, бо не маюць структураванага ядра. Іх спадчынная інфармацыя захоўваецца ў адзінай храмасоме, а працэсы жыццядзейнасці ажыццяўляюцца з дапамогай неспецыялізаваных мембранных структур. Аднаклетачныя пратысты належаць да эўкарыёт. Яны маюць ядро, колькасць храмасом у якім залежыць ад відавой прыналежнасці арганізма. Працэсы жыццядзейнасці ў аднаклетачных пратыстаў ажыццяўляюцца з дапамогай спецыялізаваных арганоідаў. Больш падрабязна будову клетак пракарыёт і эўкарыёт вы разгледзіце ў курсе біялогіі 11-га класа.
Дзяленне клеткі ў аднаклетачных арганізмаў з’яўляецца момантам спынення іх жыццёвага цыкла і пачаткам жыццёвага цыкла даччыных арганізмаў. Гэтым аднаклетачныя арганізмы адрозніваюцца ад мнагаклетачных, у якіх клеткі могуць шматразова дзяліцца на працягу жыццёвага цыкла арганізмаў.
Сіфонавая форма арганізацыі
Сіфонавая форма арганізацыі — гэта асаблівая форма аднаклетачных арганізмаў, цела якіх складаецца з адной шмат’ядзернай клеткі, што дасягае часам гіганцкіх памераў (напрыклад, да 1 м у водарасці каўлерпы) і падзелена на дзве часткі, падобныя да сцябла з лістамі і кораня. Такія арганізмы змяшчаюць дыскападобныя хларапласты і валодаюць значнай марфалагічнай і фізіялагічнай дасканаласцю ў параўнанні з аднаклетачнымі арганізмамі. Яны жывуць у асноўным у трапічных морах да глыбіні 70 м, але сустракаюцца і ў морах умеранай зоны (каўлерпа, кодыум), а таксама ў прэсных вадаёмах (батрыдыум, вашэрыя). У трапічных краінах сіфонавыя водарасці ўжываюць як ежу.
Каланіяльная форма арганізацыі
На золку эвалюцыі арганічнага свету пры дзяленні асобных клетак даччыныя клеткі часам не разыходзіліся, і ўтваралася каланіяльная форма структурнай арганізацыі. Яна стала пераходнай формай ад аднаклетачных арганізмаў да мнагаклетачных. У цяперашні час яркімі прадстаўнікамі гэтай формы арганізацыі з’яўляюцца каланіяльныя жгуцікавыя (гоніум, пандарына, вольвакс).
Арганізмы здольныя ўтвараць розныя тыпы калоній. Напрыклад, гоніум уяўляе сабой простае аб’яднанне клетак, якія дзеляцца; пандарына —групу клетак, але ў адзінай «абалонцы». У вольвакса клеткі ў калоніі адрозніваюцца па функцыях: вегетатыўныя клеткі адказваюць за працэсы жыццядзейнасці і бясполае размнажэнне, а генератыўныя — за палавое размнажэнне.
Мнагаклетачная форма арганізацыі
Далейшае ўзмацненне дыферэнцыяцыі клетак па будове і выконваемых функцыях прывяло да з’яўлення мнагаклетачных арганізмаў. У некаторых прадстаўнікоў цела не змяшчае сапраўдных тканак, таму не дыферэнцыявана на органы. Такая форма арганізацыі цела называецца таломам. Таломную будову цела маюць грыбы, водарасці, лішайнікі, пячоначныя імхі.
У астатніх арганізмаў (расліны, жывёлы) клеткі ўтвараюць тканкі, тканкі фарміруюць органы. Органы жывёл аб’яднаны ў сістэмы, якія адказваюць за пэўныя працэсы жыццядзейнасці. Узгодненасць работы органаў у сістэмах і сістэм органаў у арганізме ажыццяўляецца з дапамогай нервовай і гумаральнай рэгуляцыі.
Усе арганізмы па тыпе харчавання падзяляюцца на дзве групы: аўтатрофы і гетэратрофы. Аўтатрофы — гэта арганізмы, якія сінтэзуюць арганічнае рэчыва з неарганічных злучэнняў з паглынаннем энергіі. У залежнасці ад віду паглынаемай энергіі іх падзяляюць на дзве групы: фотааўтатрофы і хемааўтатрофы. Калі для сінтэзу арганічнага рэчыва выкарыстоўваецца сонечная энергія, то арганізмы называюць фотааўтатрофамі. Да фотааўтатрофаў належаць усе зялёныя расліны, аўтатрофныя мнагаклетачныя пратысты, лішайнікі, цыянабактэрыі, зялёныя і пурпурныя бактэрыі. Арганізмы, якія выкарыстоўваюць для сінтэзу арганічнага рэчыва энергію хімічных рэакцый акіслення неарганічных рэчываў, называюцца хемааўтатрофамі. Імі з’яўляюцца жалезабактэрыі, бясколерныя серабактэрыі, нітрыфікуючыя і вадародныя бактэрыі. Гетэратрофы — арганізмы, якія спажываюць гатовае арганічнае рэчыва і выкарыстоўваюць яго як крыніцу энергіі. Да іх належаць усе жывёлы, грыбы, расліны, якія не маюць фотасінтэтычных пігментаў. У залежнасці ад віду спажываемага рэчыва і спосабу яго спажывання гетэратрофаў падзяляюць на групы: сапратрофы — выкарыстоўваюць адмерлае арганічнае рэчыва; драпежнікі — ядуць арганічнае рэчыва ахвяр; паразіты — паглынаюць пажыўныя рэчывы гаспадара. Прыналежнасць арганізмаў да той ці іншай групы не залежыць ад узроўню іх арганізацыі.
Паўторым галоўнае. У арганізмаў, што існуюць у цяперашні час, можна вылучыць чатыры асноўныя формы структурнай арганізацыі: аднаклетачная, сіфонавая, каланіяльная і мнагаклетачная. Аднаклетачнымі арганізмамі з’яўляюцца бактэрыі і пратысты, якія належаць да розных надцарстваў: бактэрыі — да пракарыёт, а пратысты — да эўкарыёт. У арганізмаў з сіфонавай формай арганізацыі цела прадстаўлена гіганцкай шмат’ядзернай клеткай, якая мае падабенства з лістасцябловай і каранёвай часткамі. Пераходнай формай ад аднаклетачных арганізмаў да мнагаклетачных з’яўляецца каланіяльная форма арганізацыі. У мнагаклетачных арганізмаў некаторыя прадстаўнікі маюць цела, не дыферэнцыраванае на тканкі і органы — талом (грыбы, водарасці, лішайнікі, пячоначныя імхі, кішачнаполасцевыя). У раслін і жывёл цела падзелена на тканкі і органы.
Праверым веды
Ключавыя пытанні
1. Арганізмы якіх двух царстваў маюць клетачную форму арганізацыі? Чым адрозніваецца іх будова?
2. Як называецца структурная арганізацыя, калі арганізм знешне падобны да мнагаклетачнага, але складаецца з адной клеткі? Прывядзіце прыклады прадстаўнікоў.
3. У калоніях у каланіяльных арганізмаў колькасць клетак часцей за ўсё бывае роўна: 4, 8, 16, 32, 64. Як вы думаеце, чаму з’явіўся менавіта гэты шэраг лікаў?
4. Чаму водарасць ульву не залічваюць да каланіяльных арганізмаў? Адказ аргументуйце.
Складаныя пытанні
1. Як вы лічыце, у чым заключаецца неабходнасць існавання розных форм структурнай арганізацыі жывой матэрыі?
2. Бактэрыі, таксама як і пратысты, маюць самы нізкі ўзровень структурнай арганізацыі — аднаклетачны, але ў адрозненне ад іх сустракаюцца паўсюдна. Чым абумоўлена такое шырокае іх распаўсюджванне ў прыродзе?
3. Сярод пратыстаў хларэла адрозніваецца высокай хуткасцю размнажэння. Разлічыце, якая будзе біямаса хларэлы ў вадаёме праз 5 сутак, калі вядома, што за кошт размнажэння маса хларэлы павялічваецца за суткі ў 4 разы, прычым штосутачна зоапланктон спажывае прыкладна 15 % біямасы хларэлы, а зыходная маса хларэлы ў вадаёме — 20 кг.
4. Выкажыце меркаванне, як выглядала б наша планета, калі б у працэсе эвалюцыі не ўзніклі мнагаклетачныя водарасці.