Патрыятычная лірыка Цёткі
* Апавяданне «Асеннія лісты»
Проза Цёткі прадстаўлена найперш падарожнымі нататкамі і апавяданнямі («Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», «Прысяга над крывавымі разорамі», «Лішняя» і інш.), а таксама тэкстамі для дзяцей. Для празаічнай творчасці пісьменніцы характэрны лірызм і філасафічнасць, сузіральнасць і метафарычнасць.
У апавяданні «Асеннія лісты» (1910—1912), тыпалагічна блізкім да лірычнай імпрэсіі, старыя Сымон і Сцяпан аглядаюцца на свой цяжкі лёс. Яны параўноўваюцца з асеннімі лістамі, што атрасае вецер, — алегорыяй жыццёвых бур у творы. Гэта параўнанне можна заўважыць у словах Сымона: «А мы з табою, Сцяпане, праўду сказаць, асеннія лісты, патрасе шчэ крыху намі, патрасе, і адпадзём!» Апалае лісце выступае сімвалам канца жыцця. У творы выразна гучаць філасофскія думкі: героі апавядання спрабуюць ацаніць пройдзены шлях, знайсці яго сэнс, разважаюць пра смерць: «Уcкaлыxнyўcя вeцep нa cyxix гaлiнкax, быццaм cмepць cмiгaнyлa лёгкiм цeнeм пa лiцax cтapцaў.
— Эй, Сцяпaнe, Сцяпaнe, cтapыя мы ўжo пнi! Аднoю пaлaвiнaй нa гэтым бaкy, дpyгoю нa тым. Фю! Жыццё, як тaя мyxa, бззз! i пpaляцeлa, — пcтpыкae пaльцaмi Сымoн y пaвeтpы».
Прысутнічаюць у апавяданні і біблейскія сімвалы. Нельга абмінуць вобраз крыжа, да якога звяртаецца пісьменніца: успомнім крыж каля варот, радзімы знак у форме крыжа на лапатцы Сцяпана. Такім чынам абыгрываецца ідэя, што кожны чалавек нясе свой крыж — гэта значыць, перажывае наканаванае яму.
Праз дыялогі і мастацкія дэталі раскрываецца псіхалагічны стан герояў, перадаецца іх настрой. Аповед пераходзіць з сацыяльна-бытавога плана (апісанне гутаркі старых) ва ўмоўна-сімвалічны (разважанне пра хуткаплыннасць чалавечага існавання, наканаванасць лёсу). Таксама для тэксту характэрны пэўная музычнасць гучання і ірацыянальнасць у падыходзе да рэчаіснасці.
Апавяданне «Асеннія лісты» — адзін з найлепшых празаічных твораў пісьменніцы.