Печатать эту главуПечатать эту главу

Літаратура эпохі Сярэдневякоўя (ХІ—ХV стагоддзі)

* Арыгінальная царкоўна-рэлігійная літаратура

У ХІ—ХІІІ стагоддзях літаратурная творчасць была падпарадкавана дзвюм асноўным задачам: богаслужэбнай і маральна-дыдактычнай, або павучальнай. Таму тэматыка твораў была звязана з гэтымі задачамі: распаўсюджваннем і ўмацаваннем хрысціянства, барацьбой з рэшткамі паганства, абаронай ад знешніх ворагаў і спыненнем міжусобных войнаў. Сярод перакладных тэкстаў балгара-візантыйскага паходжання не заўжды знаходзіліся адпаведныя творы. Таму ў ХІ—ХІІІ стагоддзях пачынаецца станаўленне арыгінальнай жанравай сістэмы, якая да XV стагоддзя была агульнай для беларускай, рускай і ўкраінскай літаратур.

Арыгінальная царкоўна-рэлігійная літаратура беларускіх княстваў складалася з помнікаў пісьменства на царкоўнаславянскай і стараславянскай мовах.

Агіяграфія. Першы блізкі да жыційнага твор — аповед пра забойства язычнікамі хрысціяніна Фёдара і яго сына Іаана — змешчаны ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 983 годам.

Найбольш вядомыя з жыцій на нашых землях — «Жыціе Ефрасінні Полацкай» (канец ХІІ — пачатак ХІІІ стагоддзя), прысвечанае Прадславе (у манастве Ефрасінні), унучцы полацкага князя Усяслава Чарадзея. У творы паслядоўна расказваецца пра жыццёвы шлях і духоўныя подзвігі асветніцы.

«Жыціе Ефрасінні Полацкай» адпавядае канону, прынятаму для рэлігійных тэкстаў гэтага жанру: у ім згадваюцца не падобныя да равеснікаў паводзіны Прадславы ў дзяцінстве і юнацтве, моцная вера, падзвіжніцтва ў будаўніцтве храмаў і пашырэнні асветы, веданне часу ўласнай смерці, цудатворства. І хоць жыційны жанр даволі стандартызаваны, вобразы князёўны-асветніцы, яе спадзвіжніц і блізкіх намаляваны ярка, яны вылучаюцца індывідуальнымі рысамі.

Аратарская проза. Рэлігійнае красамоўства на нашых тэрыторыях сцвердзілася дзякуючы творам Кірыла Тураўскага і Клімента Смаляціча.

 У Iпацьеўскім летапісе пад 1147 годам пра Клімента Смаляціча ёсць запіс: «У тое ж лета паставіў Ізяслаў мітрапалітам Кліма Смаляніна, …што быў чарнарызцам, схімнікам (манахам вышэйшай манаскай ступені. — Аўт.) і такім кніжнікам і філосафам, якога ў Рускай зямлі дагэтуль не было».

Царкоўна-рэлігійная аратарская проза прадстаўлена жанрамі ўрачыстага красамоўства — словамі, павучаннямі, пропаведзямі.

Да арыгінальнай рэлігійнай літаратуры можна аднесці і хаджэнні (гл. «Тэорыя літаратуры. Жанры Сярэдневякоўя»).