Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 34. Моўныя нормы і культура маўлення

Практыкаванне 364

Прачытайце тэкст і выканайце заданні да яго.

Імідж сёння разумеецца як мэтанакіраванае стварэнне вобраза (чалавека, краіны).

Імідж краіны фарміруецца на аснове розных аспектаў: людзі, падзеі, гісторыя, традыцыі, звычкі. Ён не можа зводзіцца да адной характарыстыкі, паколькі краіна — складанае паняцце, якое налічвае мноства характарыстык. Адпаведна вобраз дзяржавы фарміруецца з некалькіх складнікаў: гістарычная спадчына, асаблівасці ўнутранай і знешняй палітыкі, спартыўныя дасягненні, ментальнасць нацыі.

Якім павінен быць імідж Рэспублікі Беларусь? Як яго ствараць? Якія фактары іграюць першасную ролю ў пазіцыянаванні краіны? Каб адказаць на гэтыя пытанні, было праведзена сацыялагічнае апытанне. Яго вынікі адлюстраваны ў наступнай дыяграме.

Так, большасць грамадзян (65 %) лічыць, што імідж дзяржавы на міжнароднай арэне ў першую чаргу фарміруецца за кошт гасціннасці, ветлівасці беларускага народа. На думку паловы апытаных, важным фактарам з’яўляецца высокая якасць прадуктаў харчавання, якія вырабляюцца ў нашай краіне. Крыху менш рэспандэнтаў (48 %) адзначылі міралюбівую і дружалюбную палітыку. Больш за трэць апытаных (35 %) лічыць, што свет ведае Беларусь праз высокія дасягненні ў спорце, перамогі на міжнародных спаборніцтвах.

Некаторыя лічаць, што фарміраванне іміджу краіны варта пачынаць з пазітыўных вобразаў малой радзімы — малых гарадоў і мястэчак. Паказальна, што ў 2016 годзе беларуская вёска Пагост трапіла ў сусветны рэйтынг, складзены кампаніяй CNN, як лепшае месца для сустрэчы Каляд і Новага года. Прычым Пагост заняў пяты радок у рэйтынгу, пакінуўшы за сабой Нью-Ёрк, Лондан, Зальцбург і Бостан.

У сённяшніх умовах недастаткова мець пэўныя перавагі (геагра­фіч­нае становішча, інвестыцыі, турызм, інфраструктуру). Важна рас­каз­ваць пра гэтыя перавагі мэтавай аўдыторыі (Паводле Т. Руда­коўскай).

1. На аснове тэксту запішыце значэнні слоў імідж, рэспандэнт, сацыялагічнае (апытанне).
2. Назавіце сцвярджэнне, якое не пярэчыць зместу тэксту:
а) імідж краіны вызначаецца на аснове аднаго крытэрыю;
б) праведзенае сацыялагічнае апытанне не прынесла плённых вынікаў;
в) высакаякасныя прадукты, што вырабляюцца ў краіне, не могуць выступаць паказчыкам іміджу;
г) фарміраванне іміджу краіны варта пачынаць са стварэння пазітыўнага вобраза малой радзімы.
3. Вызначце стыль тэксту і тып маўлення:
а) гутарковы стыль, разважанне;
б) мастацкі стыль, апісанне;
в) публіцыстычны стыль, разважанне;
г) афіцыйны стыль, апавяданне.
4. Сфармулюйце пытанні да кожнай сэнсавай часткі тэксту.
5. Прапануйце загаловак, які перадае асноўную думку тэксту.
6. Перадайце змест чацвёртага абзаца з да­памогай простага ўскладненага сказа.
 7. На аснове калажу стварыце сціслы тэкст на тэму «Прывабны імідж Бе­ла­русі». Дапоўніце выказванне ўласнымі раз­важаннямі і прапановамі адносна стварэння пазітыўнага іміджу нашай краіны.

8. Выкажыце свае адносіны да сцвярджэння, сфармуляванага ў апошнім абзацы.
9. Адкажыце на пытанні, змешчаныя ў тэкс­це. Для гэтага сфармулюйце тэзі­сы, што пера­даюць вашу абгрунтаваную пазіцыю.
10. Самастойна прапануйце пытанні (заданні) да тэксту, скіраваныя на паў­та­рэнне лексікі, словаўтварэння, марфалогіі.
11. Якія арфаэпічныя і арфаграфічныя правілы можна праілюстраваць пры­кладамі з тэксту?