*§ 17-3. ЭКАЛАГІЗАЦЫЯ СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРКІ
Перадумовы эколагаарыентаваных змяненняў у сусветнай гаспадарцы. Пераход ад індустрыяльнага да постындустрыяльнага развіцця свету звязаны з абвастрэннем шэрагу экалагічных праблем (мал. 124-8).
Сучасны этап развіцця сусветнай гаспадаркі праходзіць ва ўмовах дэмаграфічнага пераходу і стабілізацыі росту колькасці насельніцтва ў развітых краінах пры захаванні росту насельніцтва ў краінах, якія развіваюцца, зон голаду і галечы. У гэтых умовах постындустрыяльныя краіны ажыццяўляюць пазітыўныя экалагічныя дзеянні. Да асноўных з іх адносяцца экалагізацыя эканомікі, фарміраванне «зялёных» сектараў у гаспадарцы дзяржаў, рацыяналізацыя спажывання і экалагізацыя жыцця і інш.
Экалагічныя праблемы прыводзяць да незваротных наступстваў і патрабуюць прыняцця рашэнняў на глабальным узроўні. Далейшае развіццё звыклым і традыцыйным шляхам сутыкаецца з двума сур'ёзнымі абмежаваннямі:
а) абмежаванасць магчымасцей навакольнага асяроддзя прымаць адходы вытворчасці;
б) неаднаўляльны характар прыродных рэсурсаў Зямлі.
Сучасная эколага-эканамічная сітуацыя прама паказвае на неабходнасць устойлівага экалагічна збалансаванага тыпу развіцця сусветнай гаспадаркі. Таму ў 2012 г. у Рыа-дэ-Жанейра ўпершыню ў гісторыі чалавецтва адбылася Канферэнцыя ААН, якая прыняла Дэкларацыю па ўстойлівым развіцці на прынцыпах «зялёнай» эканомікі, аховы навакольнага асяроддзя і выкараненні беднасці.
Вылучэнне на першы план пытанняў навакольнага асяроддзя ў працэсе эканамічнага развіцця атрымала назву экалагізацыі эканомікі.
Экалагізацыі эканомікі — гэта працэс укаранення ў эканоміку прынцыпаў рацыянальнага прыродакарыстання і мінімізацыі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе пры эканамічнай дзейнасці. |
Галоўная яе мэта — змяншэнне прыродаёмістасці сусветнай гаспадаркі.