Печатать эту главуПечатать эту главу

ПРАДМОВА

Паважаныя сябры!

Вучэбны дапаможнік знаёміць вас з асновамі арганічнай хіміі — «хіміі жывога». Усе жывыя арганізмы пераважна складаюцца з арганічных рэчываў, вывучэнне якіх з’яўляецца прадметам арганічнай хіміі. Для яе паспяховага засваення вам спатрэбяцца веды, атрыманыя пры вывучэнні неарганічнай хіміі. Вы даведаецеся, што і неарганічная, і арганічная хімія грунтуюцца на адзіных фундаментальных асновах.

Усе неарганічныя і арганічныя рэчывы складаюцца з атамаў, таму ў пачатку курса вам трэба будзе атрымаць уяўленні аб тэорыі будовы атама і заканамернасцях звязвання атамаў паміж сабой у хімічныя злучэнні. Далей вы пазнаёміцеся з асновамі тэорыі будовы арганічных злучэнняў.

Вывучэнне арганічных злучэнняў пачынаецца з вуглевадародаў. Нягледзячы на аднолькавы якасны састаў, існуе неабсяжнае мноства арганічных злучэнняў вугляроду з вадародам. Далей вы пазнаёміцеся з кіслародзмяшчальнымі і азотзмяшчальнымі арганічнымі рэчывамі, якія маюць шэраг уласцівасцей, што дазваляюць іх малекулам стаць асновай жывых арганізмаў. Такім чынам, паслядоўнае вывучэнне арганічных злучэнняў па меры ўскладнення іх будовы з’яўляецца своеасаблівым пераходам «ад рэчыва да істоты» і дазволіць вам у канчатковым выніку атрымаць уяўленне аб рэчывах і іх ператварэннях, якія ляжаць у аснове ўсяго жывога.

Акрамя біялагічнай ролі, арганічныя злучэнні з’яўляюцца асновай шматлікіх аб’ектаў, якія шырока выкарыстоўваюцца ў штодзённым жыцці. Гэта прадметы хатняга ўжытку, прадукты харчавання, лекі, фарбавальнікі, харчовыя дабаўкі, кансерванты, хімічныя сродкі аховы раслін, ядахімікаты, мыйныя сродкі і многае іншае. Веды аб гэтых рэчывах не толькі пашыраць ваш кругагляд, але і дазволяць добра арыентавацца ў свеце рэчываў, павысяць агульную экалагічную культуру, неабходную кожнаму члену сучаснага грамадства.

Для паспяховага засваення вучэбнай інфармацыі ў канцы параграфаў дадзены пытанні і заданні, якія могуць быць выкананы як на ўроку, так і пасля яго. Ускладненыя заданні пазначаны зорачкай (*). У канцы кожнага параграфа прыводзяцца асноўныя яго палажэнні. Для лабараторных доследаў і практычных работ прыведзены інструкцыі па іх выкананні.

Вучэбны дапаможнік змяшчае таксама спасылкі на дадатковыя адукацыйныя рэсурсы. Гэтыя спасылкі прыведзены ў выглядзе QR-кодаў. Для іх прагляду выкарыстоўвайце мабільную прыладу (смартфон, планшэт), у якой прадугледжана чытанне QR-кодаў. Запусціце неабходны дадатак і навядзіце вэб-камеру прылады на прыведзены QR-код. На экране прылады з’явіцца старонка з адпаведным малюнкам, тэкстам або відэазапісам. Рад відэазапісаў ілюструе вывучаемыя хімічныя рэакцыі (QR-код на блакітным фоне), што дазваляе атрымаць больш поўнае ўяўленне аб іх працяканні. QR-коды на жоўтым фоне прывядуць вас да вучэбных матэрыялаў павышанага ўзроўню. Гэтыя матэрыялы вы таксама можаце знайсці на адукацыйным партале profil.adu.by.

Разам з тым адзначым, што магчымасці прыцягнення дадатковай інфармацыі ў сучасным свеце практычна не абмежаваны, таму спадзяёмся, што вучэбны дапаможнік для многіх з вас будзе толькі першым крокам да далейшага вывучэння хіміі і іншых навук аб навакольным свеце!