Печатать эту главуПечатать эту главу

Францыск Скарына

* Пераклад і выданне кніг Бібліі

Як вядома, на працягу трох гадоў у пражскай друкарні выйшлі 23 ілюстраваныя кнігі першай беларускай Бібліі пад агульнай назвай «Бивлия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцька, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению» (1517—1519).

На дзіва, Скарыну ўдалося ажыццявіць гэты перадавы праект. За кароткі тэрмін былі падрыхтаваны да выдання даволі складаныя тэксты, выканана афармленне (створаны гравюры-ілюстрацыі, застаўкі, буквіцы, каляровыя элементы) — і ўсё гэта было выдадзена вялікім тыражом на вельмі высокім тэхнічным і мастацкім узроўні.

Ёсць звесткі, што гравюры, змешчаныя на старонках кніг Бібліі, Скарына замаўляў у Нюрнбергу, магчыма, у майстэрні сусветна вядомага мастака-графіка Альбрэхта Дзюрэра.

Набор тэксту ажыццяўляўся ўручную наборнымі літарамі ў люстраным парадку, каб пасля можна было прачытаць адбітак. 
Францыск Скарына выдаў каля дваццаці пяці тысяч экзэмпляраў кніг.
Уручную такую колькасць старонак перапісвала б тысяча людзей на працягу пяці гадоў.

Каля 1520 года асветнік вярнуўся на Радзіму, а ў 1522 годзе ў віленскай друкарні ўбачыла свет яго «Малая падарожная кніжка». Таксама ў Вільні ў 1525 годзе з’явілася яго апошняе вядомае на сёння выданне «Апостал». Дарэчы, менавіта з «Апостала» ў 1564 годзе пачалі ў Маскве рускае кнігадрукаванне Іван Фёдараў і наш зямляк Пётр з Мсціслаўля (Мсціславец).

Уклад у развіццё культуры

1. Францыск Скарына першы ў гісторыі ўсходнеславянскай культуры выдаў пераклад Бібліі.
2. Скарына суправаджаў біблейскія тэксты прадмовамі і пасляслоўямі ўласнага аўтарства (50 прадмоў і 62 пасляслоўі), у якіх адлюстраваліся яго філасофскія, прававыя, педагагічныя і літаратурна-эстэтычныя погляды. Беларускі першадрукар увёў у кнігі адметныя элементы: анатацыі, каментарыі, глосы1
3. У творах Францыска Скарыны сфармулявана новая рэнесансная мараль: Радзіме можна служыць не толькі праз вайсковыя подзвігі, але і праз навуку і культуру. У якасці самых значных каштоўнасцей ён разглядаў асобу чалавека і яго жыццё, самаўдасканаленне і навуку.
4. Першадрукар стаў адным з пачынальнікаў беларускага вершаскладання.

________________

1 Гло´сы — іншамоўныя або малазразумелыя словы з тлумачэннямі або каментарыямі; змяшчаліся на палях кнігі.