1. Літары о, э звычайна пішуцца пад націскам. Не пад націскам на месцы о, э пішацца а: мóва — маўлéнне, шэ̀лест — шалясцéць.
2. У некаторых словах са спалучэннямі ро, ло замест о не пад націскам пішацца ы: глóтка — глытáць, дрóвы — дрывóтня, а таксама ў словах я́блык, я́блыня, я́блычны. У адпаведнасці з літаратурным вымаўленнем літара ы пішацца ў некаторых запазычаных словах: брызéнт, дрызíна, інжынéр, канцыля́рыя, рысóра, цырымóнія, а таксама ў словах пóчырк, трывóга.
3. Літара э пішацца як пад націскам, так і не пад націскам: а) пасля зацвярдзелых, а таксама [д] і [т]: чэ̀рствы, рэдáктар, кáтэт, дэтáль, ацэ̀нка, Жэнéва; б) у пачатку некаторых запазычаных слоў: э̀ра, экзэмпля́р, Эстóнія; в) на канцы запазычаных нязменных слоў, а таксама ўласных імён, геаграфічных назваў пасля зычных, акрамя л, к: купэ̀, галіфэ̀, кашнэ̀, каратэ̀, Душанбэ̀ (а л е: філé, сáльта-мартáле*, пікé, камюнікé).
4. Літара а пішацца не пад націскам незалежна ад паходжання слова: хóлад, рамóнт, тры́а, сальфéджыа, Тóкіа.
5. Канцавыя ненаціскныя -эль, -эр у запазычаных словах перадаюцца як -аль, -ар: шнíцаль, лíдар, камп’ю̀тар, мéнеджар, але ва ўласных імёнах неславянскага паходжання захоўваюцца -эль, -эр: Лáндэр, Юпíтэр, Óдэр.
|