§ 17-1. Рэлігіі і культура сярэднявечных цывілізацый Азіі
3. Роля канфуцыянства, даасізму, сінтаізму ў грамадска-палітычным жыцці Кітая, Японіі
У Кітаі будызм злучыўся з існаваўшымі тут канфуцыянствам і даасізмам. Паступова ўяўленні, характэрныя для ўсіх трох рэлігій, перапляліся паміж сабой. Канфуцыянства з яго патрабаваннямі прытрымлівацца строгай маралі, падпарадкоўвацца імператару — Сыну Неба, захоўваць сваяцкія сувязі, у тым ліку і рэлігійныя з памерлымі продкамі, актыўна выкарыстоўвалася ў дзяржаўных культах. Нездарма менавіта прыхільнікі канфуцыянства адказвалі за адукацыю і прыём дзяржаўных экзаменаў. Даасізм паказваў чалавеку, як уладкаваны свет і як неабходна жыць, каб быць з ім у гармоніі. Для даасізму характэрна вера ў старажытных кітайскіх бостваў. Акрамя іх рэлігійнага шанавання ў Сярэднявеччы ўдастойваліся і выбітныя людзі, у гонар якіх таксама будаваліся храмы (напрыклад, Канфуцый). Будызм у гэтай сістэме некалькіх рэлігій заняў дастойнае месца. Уяўленні, характэрныя для ўсіх трох рэлігійных вучэнняў, цесна перапляліся.
У Японіі да прыходу будызму панаваў сінтаізм — сукупнасць старажытных політэістычных культаў. На думку японцаў, любы аб'ект у свеце мае свайго духа — камі. Самым знакамітым камі ў гісторыі Японіі стаў камікадзэ — дух штармавога ветру, які, як палічылі японцы, у канцы XIII ст. двойчы знішчыў мангольскае войска ўварвання. Не менш знакаміты камі — вулкан Фудзіяма, пакрыты снегам. Гэта вышэйшая горная кропка Японіі. Японцы здзяйснялі рытуальныя ўзыходжанні на яго вяршыню. Выяўленне камі як багоў для сінтаізму не было характэрным, хутчэй існавала ўяўленне, што камі ўвасабляюць прыродныя аб'екты.
Сінтаізм актыўна падтрымліваў культ пакланення імператару. Бо на думку сінтаістаў, род імператара паходзіць ад багіні сонца Аматэрасу. Знакамі імператарскай годнасці лічыліся тры святыя прадметы: люстэрка, меч, падвескі з яшмы. Згодна з паданнем, люстэрка было створана яшчэ для самой багіні Аматэрасу. Японія разглядалася сінтаістамі як арганізаваная згодна з сямейным прынцыпам дзяржава, у якой падданыя падпарадкоўваюцца імператару як главе сям'і.