§ 14-1. Дзяржаўны лад славянскіх краін
4. Уладзіміра-Суздальскае княства. Пачатак узвышэння Масквы
Сярод княстваў паўночнага ўсходу Русі асаблівае месца заняло Уладзіміра-Суздальскае. Гэтыя землі, аддаленыя ад старажытных цэнтраў Кіеўскай дзяржавы, толькі паступова засяляліся славянамі. Аб'яднанне названых тэрыторый у княства пачаў Юрый Далгарукі. У 1147 г. ён сустрэўся са сваімі саюзнікамі ў невялікім мястэчку Масква. Гэта першы ўспамін пра Маскву ў летапісах, Юрый Далгарукі лічыцца заснавальнікам горада. Доўгі час Масква не мела важнага палітычнага значэння.
Рэзідэнцыяй Андрэя Багалюбскага (сына Юрыя Далгарукага) стаў горад Уладзімір. Новаму князю ўдалося на некаторы час захапіць Кіеў і атрымаць тытул вялікага князя, але ў Кіеве ён не застаўся і вярнуўся на паўночны ўсход, заснаваўшы ўстойлівую княжацкую дынастыю. Быў створаны новы стабільны палітычны цэнтр на Русі. Ва Уладзіміра-Суздальскім княстве сфарміравалася традыцыя моцнай улады князёў. Гэта стала магчымым таму, што гарады былі слабымі, органы самакіравання ў нядаўна заселеных землях адсутнічалі. Князі імкнуліся зрабіць горад Уладзімір падобным на Кіеў і вялі актыўнае будаўніцтва.
У 1238 г. манголы знішчылі многія гарады на паўночным усходзе. Аднак у цэлым мангола-татарскае нашэсце аказалася для гэтага рэгіёна не настолькі спусташальным, як для паўднёвых зямель Русі. Пасля разгрому Кіева ў 1240 г. мноства людзей стала перабірацца ў Залескую зямлю, як называлі Уладзіміра-Суздальскае княства. Вялікае значэнне для далейшага развіцця княства мелі наяўнасць у прадстаўнікоў мясцовай дынастыі тытула вялікага князя і пераезд мітрапаліта з Кіева ва Уладзімір, што зрабіла княства галоўным царкоўным цэнтрам.
Аднак Уладзіміра-Суздальскае княства было падпарадкавана Залатой Ардзе і плаціла спусташальную даніну мангольскім ханам. Нярэдка паўночна-ўсходнія землі цярпелі і разбуральныя мангольскія набегі. Неўзабаве пасля мангола-татарскага нашэсця княства раскалолася на мноства ўдзелаў. Адным з малых княстваў стала Маскоўскае. Першым паспяховым яго князем стаў Іван Каліта. Яму ўдалося падтрымліваць сяброўскія адносіны з ханамі Залатой Арды, збіраючы для іх даніну і ўзбагачаючы гэтым Маскву. Цяпер мітрапаліт пераехаў у Маскву. Маскоўскія князі пачалі доўгую барацьбу за аб'яднанне паўночна-ўсходніх зямель Русі.