Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 14. Эканоміка і грамадства славян у перыяд Сярэднявечча

2. Узнікненне гарадоў і іх развіццё

Рассяляючыся па тэрыторыі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, славяне пачалі будаваць умацаваныя паселішчы. Многія з іх паступова сталі гарадамі, населенымі рамеснікамі і гандлярамі. У гарадах жылі князі з дружынай, размяшчаліся іх адміністрацыі. Таксама ў працэсе рассялення частка славян апынулася ў тых раёнах, дзе раней ужо існавалі дзяржавы і гарады.

Першыя гарадскія паселішчы ўзнікалі як ваенныя і адміністрацыйныя цэнтры. На тэрыторыях, дзе праходзілі гандлёвыя шляхі і быў выхад да мора, гарады з’яўляліся раней і развіваліся хутчэй. Пачынаючы з VII ст. стала развівацца рамесная вытворчасць. Аднак толькі да ХІІІ ст. ва ўсіх славянскіх землях гарады сталі цэнтрамі рамяства і гандлю. Гарады належалі як каралям і князям, так і феадалам.

Для будаўніцтва гарадоў выбіралася месца, якое было зручным, з аднаго боку, для абароны, з другога — ​для развіцця гандлю. Пры выбары ўлічваліся прыродныя аб’екты, здольныя ўзмацніць абарону. Часта будавалі на стромкіх узгорках каля водных патокаў, на мысах у месцах зліцця рэк, на мысах ці астравах на беразе мора, на цяжка­даступных узвышшах.

Першапачаткова ўсе гарадскія пабудовы славяне ўзводзілі з дрэва. Для ўмацавання насыпалі земляны вал, які ўмацоўвалі ўкапанымі дубовымі стваламі або каменнем. На вале ставілі драўляныя ўмацаванні. У горад вялі ўсяго некалькі брам, каб ускладніць атаку ворага ў выпадку нападу. У самым цэнтры горада размяшчалася яшчэ адно ўмацаванне, якое служыла адначасова рэзідэнцыяй князя з дружынай. Гарадское насельніцтва жыло ў драўляных дамах, на вуліцах клалі драўляны насціл, каб не было бруду.

Развіццю гарадоў садзейнічаў гандаль. Так, на шляху «з варагаў у грэкі» ва ўсходніх славян з’явіліся першыя гарады: Кіеў, Ноўгарад, Полацк. Яны хутка багацелі і развіваліся. Кіеў, які распасцерся на крутых узгорках над Дняпром, стаў сталіцай магутнай раннефеадальнай дзяржавы Кіеўская Русь. Сюды з’язджаліся гандляры з далёкіх краін. Горад захапляў сучаснікаў і гасцей шматлюднасцю і колькасцю мураваных цэркваў. Першымі мураванымі будынкамі былі цэрквы, а ў хуткім часе з каменю або цэглы пачалі будаваць і ўмацаванні. Сваёй магутнасцю ўражвалі Залатыя вароты Кіева.

Сталіцай сярэднявечнай польскай дзяржавы стаў горад Кракаў, які размясціўся на каменным узгорку над ракой Вісла. Тут быў пабудаваны ўмацаваны каралеўскі замак — ​Вавель. Асаблівую ролю ў гісторыі чэшскага народа адыграла Прага над ракой Влтавай, якая заўсёды была яго сталіцай. Гэтыя гарады таксама квітнелі за кошт гандлю.

Будаўніцтва гарадоў і ўмацаванняў актывізавалася ў перыяд палітычнай раздробленасці і нарастання знешняй пагрозы. Гэта было звязана з жаданнем правіцеляў як абараніць свае ўладанні, так і атрымаць максімальную эканамічную выгаду. Адначасова з развіццём гарадоў ішло развіццё рамёстваў, ускладнялася сацыяльная структура гарадскога насельніцтва. Паступова ўзрастала значэнне ў жыцці горада мясцовай знаці, пад уплывам якой знаходзіліся гандляры і рамеснікі. Аднак захоп і разбурэнне знешнімі ворагамі гарадоў, неабходнасць выплаты даніны прыводзілі да заняпаду рамеснай вытворчасці і ўзмацнення эксплуатацыі.

У заходніх і часткі ўсходніх славян некаторыя гарады развіваліся на аснове магдэбургскага права, што распаўсюдзілася з зямель Германіі, і мелі шырокае самакіраванне. Першапачаткова яно ўводзілася там, дзе ўзнікалі новыя гарады, заснаваныя нямецкімі каланістамі. З цягам часу зацікаўленыя ў росце даходаў каралі сталі ўводзіць магдэбургскае права і ў іншых гарадах. Сістэма самакіравання згодна з магдэбургскім правам садзейнічала развіццю рамяства і гандлю, умацаванню гарадоў і пашырэнню правоў гарадскога насельніцтва.