Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 58. Спецыялізаваныя ахоўныя тэрыторыі

Рэзерваты

Рэзерваты — невялікія тэрыторыі, дзе прыродныя аб’екты знаходзяцца пад асаблівай аховай дзяржавы. Тут можа ахоўвацца адзін від ці група відаў, магчыма, і ўвесь прыродны комплекс. Рэзерваты адрозніваюць паводле тыпу ахоўнай тэрыторыі: марскія, балотныя, батанічныя, заалагічныя, паляўнічыя.

!  Гэта цікава

У 2012 г. на стыку меж Беларусі, Польшчы і Украіны быў створаны першы міжнародны біясферны рэзерват «Заходняе Палессе». Рэзерват уваходзіць у Сусветную сетку біясферных рэзерватаў ЮНЕСКА.

Помнікі прыроды — унікальныя, каштоўныя ў экалагічных, навуковых, эстэтычных, гісторыка-культурных адносінах прыродныя аб’екты натуральнага і штучнага паходжання, у дачыненні да якіх устаноўлены асаблівы рэжым аховы і выкарыстання. Усе аб’екты на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абвешчаныя помнікамі прыроды, з’яўляюцца нацыянальным здабыткам і знаходзяцца пад аховай дзяржавы. У Беларусі налічваецца каля 900 помнікаў прыроды.

Гэта цікава

Статус батанічнага помніка прыроды прысвоены Цэнтральнаму батанічнаму саду Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь у Мінску, Мірскаму парку ў Гродзенскай вобласці і асобным рэдкім, мудрагелістай формы раслінам ці дрэвам-волатам.

Адной з мер аховы прыроды ў Беларусі з’яўляецца стварэнне Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь. Асноўная яе задача складаецца ў прыцягненні ўвагі грамадскасці да відаў жывых арганізмаў, схільных да найбольшай рызыцы знікнення. Чырвоная кніга — унікальны спіс відаў жывёл, раслін, грыбоў, лішайнікаў і пратыстаў, што з’яўляюцца рэдкімі ці знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Чырвоная вокладка гэтай кнігі — невыпадковасць: яна з’яўляецца своеасаблівым сігналам трывогі. У ёй ёсць і «чорны спіс» — спіс відаў, якія зніклі ці не знойдзены ў апошнія гады на тэрыторыі Беларусі (асетр балтыйскі, драфа, кот лясны, хахуля звычайная). Збор раслін, лоўля рыбы і паляванне на птушак і звярэй, уключаных у Чырвоную кнігу, забаронены. 

!  Гэта цікава

Першая ў гісторыі Чырвоная кніга была выдадзена ў Парыжы ў 1902 г. У 1963 г. з’явілася першае выданне Міжнароднай Чырвонай кнігі. У 1981 г. выйшла першае выданне Чырвонай кнігі Беларусі. Кніга складалася з аднаго тома і ўключала 80 відаў жывёл і 85 відаў раслін. У 2015 г. выйшла ўжо чацвёртае выданне Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь. З кожным новым выданнем колькасць відаў павялічваецца. Так, у склад спіса чацвёртага выдання Чырвонай кнігі занесена 202 віды дзікіх жывёл і 303 віды дзікарослых раслін. Аднак адзначаецца і станоўчая дынаміка. Назіраецца прырост ліку некаторых відаў дзікіх жывёл. Напрыклад, чаплі вялікай белай, крачкі белакрылай, жужаля рашэцістага, ордэнскай стужкі пурпурнай, рапушкі еўрапейскай і інш. Таму дадзеныя віды дзікіх жывёл выключаны з Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.

Паўторым галоўнае. Асноўныя напрамкі прыродаахоўнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь рэалізуюцца праз развіццё сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў (запаведнікаў, нацыянальных паркаў, заказнікаў, рэзерватаў, помнікаў прыроды). У Рэспубліцы Беларусь у цяперашні час дзейнічаюць 2 запаведнікі, 4 нацыянальныя паркі, заказнікі, рэзерваты. Налічваецца каля 900 помнікаў прыроды.