Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 57. Шляхі захавання біяразнастайнасці

Рашэнне праблем захавання біяразнастайнасці

План дзеянняў, паводле Стратэгіі, уключае каля 90 мерапрыемстваў па ахове біяразнастайнасці, у аснове якіх ляжаць два падыходы: папуляцыйна-відавы і экасістэмны.

*Папуляцыйна-відавы падыход складаецца ў стварэнні пералікаў знікаючых і малаколькасных відаў раслін і жывёл, што падлягаюць ахове. Гэтыя віды заносяцца ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. У 2015 г. у Рэспубліцы Беларусь выдадзена чацвёртая рэдакцыя Чырвонай кнігі, у якую занесена 202 віды жывёл і 303 віды раслін. Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь — дзейсны інструмент захавання біяразнастайнасці на тэрыторыі нашай дзяржавы. Яна не толькі з’яўляецца апісальным спісам рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін, але і змяшчае рэкамендацыі па захаванні і павелічэнні колькасці жывых арганізмаў. Занясенне відаў у Чырвоную кнігу — толькі першы крок на шляху захавання асобных відаў і ўсёй біялагічнай разнастайнасці. За гэтым ідзе сур’ёзная мэтанакіраваная навуковая і практычная праца па ахове рэдкіх відаў, месцаў іх жыцця і росту. Гэта работа ў нашай краіне праводзіцца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі  і іншымі навуковымі арганізацыямі.

Яшчэ адзін шлях рэалізацыі папуляцыйна-відавога падыходу — вырошчванне рэдкіх і знікаючых жывёл у заапарках і спецыяльных гадавальніках, а раслін — у батанічных садах з наступным вяртаннем віду, які размножыўся, у прыроднае асяроддзе. Напрыклад, зубр еўрапейскі, да пачатку 30-х гг. мінулага стагоддзя захаваны толькі ў няволі, быў паспяхова размножаны ў запаведніках пры напаўвольным утрыманні і затым выпушчаны ў прыроду. Пры гэтым, паколькі для аднаўлення віду выкарыстоўвалі скрыжоўванне з блізкім відам — бізонам амерыканскім, была атрымана дастатковая колькасць нечыстакроўных зуброў, якія склалі аснову статка зуброў Каўказскага запаведніка. У Белавежскай пушчы жывуць толькі чыстакроўныя зубры.

 

!  Гэта цікава

У Окскім біясферным запаведніку (Расія) вядзецца работа па аднаўленні колькасці стэрхаў — белых жураўлёў. Штогод у экспедыцыях у тундру заолагі збіраюць яйкі ў іх гнёздах. Птушкі звычайна адкладаюць па два яйкі, хоць выкормліваюць толькі аднаго птушаня. Вучоныя дастаўляюць сабраныя яйкі ў спецыяльны жураўліны гадавальнік Окскага біясфернага запаведніка. Там у інкубатары выводзяць птушанят. Іх выкормліваюць і падгадоўваюць, каб стварыць у гадавальніку паўвольную папуляцыю, якая размнажаецца. Тым самым з’явілася магчымасць захаваць від з перспектывай яго вяртання ў прыроду.

*Асноўнымі задачамі аховы рэдкіх і знікаючых раслін з’яўляюцца: вывучэнне і аналіз геаграфічных і экалагічных умоў пражывання віду, вылучэнне з агульнага спіса відаў найбольш каштоўных, стварэнне банка насення і калекцыйнага генафонду рэдкіх і знікаючых відаў флоры Беларусі. 

Гэта цікава

Першыя гербарныя зборы на тэрыторыі Беларусі адносяцца да перыяду прыезду ў Гродна з Францыі прафесара біялогіі Жана Эмануэля Жылібера для арганізацыі медычнай школы (1770—1781-х гг.).

Але папуляцыйна-відавы падыход сам па сабе не можа забяспечыць дастатковай захаванасці відавой разнастайнасці.

Справа ў тым, што прычынай знікнення біялагічнага віду звычайна бывае не столькі свядомае знішчэнне яго чалавекам, колькі захоп ці парушэнне яго экалагічнай нішы. У свеце штогод непрыметна знікаюць шматлікія сотні відаў дробных жывёл і раслін, а іншыя аказваюцца на мяжы вымірання не таму, што іх знішчылі, а таму, што занята іх месца пражывання ці недастаткова кармавых рэсурсаў. Таму захаванне цэлых прыродных біягеацэнозаў — неабходная ўмова захавання біяразнастайнасці Зямлі. Усе кампаненты біясферы — атмасфернае паветра, ваду, глебу — трэба ахоўваць не паасобку, а ў цэлым, як адзіную прыродную сістэму біясферы. Толькі пры такім экалагічным падыходзе магчыма забяспечыць захаванне ландшафтаў, нетраў, жывёл, раслін.

Такі падыход можна назваць экасістэмным, і ён асабліва важны, таму што дазваляе захаваць і тыя віды, пра існаванне якіх нам нічога невядома. А такіх відаў вельмі шмат, асабліва ў тропіках. Па некаторых адзнаках, навуцы вядома не больш за 30 % біялагічных відаў, што жывуць на Зямлі.

Такім чынам, каб захаваць генафонд біясферы, трэба паспрабаваць захаваць у першародным выглядзе пры мінімальным антрапагенным уздзеянні дастаткова вялікія плошчы ў выглядзе запаведнікаў, нацыянальных паркаў і заказнікаў. Іншае важнае прызначэнне гэтых асабліва ахоўных тэрыторый — служыць зонамі адпачынку і аздараўлення, а таксама быць рэзервам рэсурсаў, якія могуць спатрэбіцца чалавецтву ў будучым.

Разам са стварэннем ахоўных тэрыторый у Беларусі праводзяць і іншыя мерапрыемствы па захаванні біялагічнай разнастайнасці на экасістэмным узроўні. Гэта перадача ў склад ляснога фонду малапрадукцыйных сельскагаспадарчых і парушаных зямель, правядзенне лесааднаўлення і лесаразвядзення, адаптацыя лясной гаспадаркі да змянення клімату.

Акрамя таго, у Беларусі была распрацавана і зацверджана методыка вартаснай адзнакі экасістэмных паслуг і вартаснай каштоўнасці біялагічнай разнастайнасці. З аднаго боку, так фарміруецца рынак экасістэмных паслуг і вылічваецца эканамічны эфект ад захавання экасістэмы (напрыклад, ацэньваецца фотасінтэзуючы патэнцыял лясных экасістэм). З другога боку, разлічваецца кошт кампанентаў асяроддзя для задавальнення сацыяльна-эканамічных патрэбнасцей (платная рыбалка, паляванне, высечка дрэвастою). Дзейнасць чалавека павінна адпавядаць прынцыпу «экалагічнае — эканамічна».

*Рашэнне сучасных складаных праблем захавання біяразнастайнасці на Зямлі патрабуе сур’ёзных экалагічных ведаў і іх рэалізацыі.

Паўторым галоўнае. Захаванне разнастайнасці жывых сістэм на Зямлі — неабходная ўмова для выжывання чалавека і ўстойлівага развіцця цывілізацыі. У аснове ўсіх дзеянняў ляжаць два падыходы: папуляцыйна-відавы і экасістэмны. Папуляцыйна-відавы падыход заключаецца ў арганізацыі мерапрыемстваў па ахове і захаванні пэўных відаў жывых арганізмаў. Экасістэмны падыход заснаваны на захаванні цэлых прыродных біягеацэнозаў.