Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 57. Шляхі захавання біяразнастайнасці

*Захаванне біяразнастайнасці жывых сістэм на Зямлі

Захаванне біяразнастайнасці жывых сістэм на Зямлі — неабходная ўмова для выжывання чалавека і ўстойлівага развіцця біясферы. Сярод асноўных экалагічных праблем сучаснасці скарачэнне разнастайнасці відаў і экалагічных сістэм займае асаблівае месца. Прыродныя экалагічныя сістэмы цалкам зменены на begin mathsize 14px style 1 fifth end style часткі сушы.

Вычарпанне прыродных рэсурсаў і негатыўныя змяненні ў навакольным асяроддзі выклікалі сур’ёзную заклапочанасць самых розных груп людзей, урадавых і няўрадавых арганізацый ва ўсім свеце. Па гэтай прычыне апошняя чвэрць ХХ ст. адзначана пошукам новага падыходу да прыродакарыстання, распрацоўкай прынцыпаў устойлівага развіцця.

На канферэнцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН) па навакольным асяроддзі і развіццю, якая адбылася ў Рыа-дэ-Жанэйра ў 1992 г., быў прыняты «Парадак дня на 21-е стагоддзе», які з’яўляецца стратэгіяй сусветнай супольнасці на будучыню. У гэтым дакуменце адзначаецца, што прытрымліванне чалавецтва ранейшых шляхоў непрымальна, бо значная частка прыродных рэсурсаў планеты вычарпана і экалагічная сітуацыя становіцца ўсё больш неспрыяльнай. Неабходны пераход да ўстойлівага развіцця.

Неабходнасць устойлівага развіцця вельмі актуальная і для Беларусі. Развіццё Рэспублікі Беларусь не можа супярэчыць тэндэнцыі развіцця сусветнай цывілізацыі, таму нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця распрацавана на аснове прынцыпаў, выкладзеных у «Парадку дня на 21-е стагоддзе», з улікам інтарэсаў нашай дзяржавы. Экалагічны аспект устойлівага развіцця прадугледжвае ахову навакольнага асяроддзя, рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў і захаванне біялагічнай разнастайнасці.

У Беларусі распрацаваны шэраг законаў, якія рэгулююць ахову і выкарыстанне аб’ектаў расліннага і жывёльнага свету: «Аб ахове навакольнага асяроддзя», «Аб раслінным свеце», «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях» і іншыя нарматыўныя прававыя акты. Для зніжэння ўзроўню знікнення відаў раслін і жывёл у прыродзе Рэспублікі Беларусь, як і ў сусветнай практыцы, ужываюць розныя меры. Вывучаецца флора і фаўна краіны, вызначаюцца рэдкія і знікаючыя віды, нарматыўна-прававымі актамі рэгулююцца правілы і нормы паводзін чалавека ў прыродзе, выдаецца Чырвоная кніга. Уся гэта праца вядзецца на рэгулярнай аснове.

У 2010 г. у Рэспубліцы Беларусь была распрацавана Стратэгія па захаванні і ўстойлівым выкарыстанні біялагічнай разнастайнасці на 2011—2020 гг. і план дзеянняў да яе.