Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 56. Прычыны страты біялагічнай разнастайнасці

*Забруджванне асяроддзя

Забруджванне — гэта прыўнясенне ў навакольнае асяроддзе новых, не характэрных для яго фізічных, хімічных, біялагічных агентаў ці перавышэнне ўзроўню натуральных фактараў, якое прыводзіць да негатыўных наступстваў. Забруджванне бывае хімічным, біялагічным, фізічным (цеплавое, шумавое, радыеактыўнае, электрамагнітнае, светлавое). Разгледзім больш падрабязна некаторыя віды забруджванняў.

Хімічнае забруджванне — вынік змянення натуральных хімічных уласцівасцей навакольнага асяроддзя пры паступленні ў яго хімічных рэчываў, не ўласцівых яму. Шкодныя рэчывы (аксіды серы і азоту, цяжкія металы, вуглевадароды, якія змяшчаюць хлор ці фтор, фенолы, фармальдэгід), што паступілі ў прыроднае асяроддзе, могуць назапашвацца, перавышаючы дапушчальныя канцэнтрацыі, выклікаць захворванні і гібель  жывых арганізмаў.

Біялагічнае забруджванне ажыццяўляецца нехарактэрнымі для дадзенай экасістэмы жывымі арганізмамі (вірусамі, патагеннымі бактэрыямі і  грыбамі) і  прадуктамі іх жыццядзейнасці, якія пагаршаюць умовы існавання натуральных біятычных згуртаванняў.

Радыеактыўнае забруджванне звязана з павышэннем натуральнага радыеактыўнага фону і ўзроўню ўтрымання ў асяроддзі радыеактыўных элементаў і рэчываў. Гэта выклікае разнастайныя марфалагічныя і функцыянальныя парушэнні, прамянёвую хваробу і гібель жывых арганізмаў.

Шумавое забруджванне, як вы ўжо ведаеце, характарызуецца перавышэннем узроўню натуральнага шумавога фону. Адаптацыя арганізмаў да шуму практычна немагчымая. Шум парушае сігнальныя камунікацыі паміж жывёламі, і гэта адбіваецца на паводзінах у перыяд размнажэння, пры абароне ад драпежнікаў і да т. п.

Электрамагнітнае забруджванне адбываецца ў выніку змянення  электрамагнітных уласцівасцей навакольнага асяроддзя, якія прыводзяць да глабальных і мясцовых геафізічных анамалій і змяненняў у біялагічных структурах жывых арганізмаў.