§ 56. Прычыны страты біялагічнай разнастайнасці
Прэамбула
Біяразнастайнасць — сукупнасць усіх відаў арганізмаў, якія жывуць на Зямлі. У наш час на планеце, паводле даных шэрага даследчыкаў, налічваецца прыкладна 500 тыс. відаў бактэрый, 300 тыс. відаў грыбоў, 500 тыс. відаў раслін і каля 1,5 млн відаў жывёл. Раней адзначалася, што біяразнастайнасць з’яўляецца адным з найважнейшых паказчыкаў, якія забяспечваюць устойлівасць экасістэм і біясферы ў цэлым. Выміранне відаў натуральным шляхам даволі працяглы працэс. Палеанталагічныя даныя паказваюць, што сярэдняя хуткасць вымірання складае прыблізна 1 від у стагоддзе.
За апошнія 400 гадоў з твару Зямлі, па некаторых даных, знікла 107 відаў і падвідаў млекакормячых, 160 відаў і падвідаў птушак. Па даных Міжнароднага саюза аховы прыроды (МСАП), на мяжы знікнення знаходзяцца 11 167 відаў жывёл і 5714 відаў раслін. У Беларусі ў гэту катэгорыю трапляюць амаль трэць відаў дзікіх жывёл. Згодна з прагнозамі вучоных, калі тэмпы вымірання захаваюцца на такім жа ўзроўні, да 2100 г. могуць быць згублены усіх відаў арганізмаў, якія насяляюць планету. Гэта можа прывесці да біясфернага крызісу. На аднаўленне біяразнастайнасці біясферы спатрэбіцца 5 млн гадоў.
У Беларусі, як і ў іншых краінах, біяразнастайнасць залежыць ад стану прыродных экасістэм: лясоў, балот, азёр, — якія займаюць каля 50 % тэрыторыі краіны.
У цяперашні час асноўнымі прычынамі скарачэння біялагічнай разнастайнасці з’яўляюцца: парушэнне і забруджванне асяроддзя пражывання, празмернае спажыванне і браканьерства, акліматызацыя чужародных відаў.