Печатать эту главуПечатать эту главу

*§ 48—7. Біём дажджавых трапічных лясоў — джунглі

Прадуцэнты

Колькасць відаў прадуцэнтаў дажджавога трапічнага лесу на 1 га большая за колькасць відаў, якія растуць ва ўсёй флоры Еўропы. Дрэвы ў такіх лясах маюць некалькі агульных характарыстык, якія не назіраюцца ў раслін менш вільготнага клімату:
1) наяўнасць 3—5 ярусаў дрэў;
2) практычна поўная адсутнасць яруса хмызнякоў і вялікая колькасць ліян;
3) перавага вечназялёных дрэў з буйнымі лістамі, слаба развітай карой, голымі почкамі;
4) утварэнне кветак, а затым пладоў непасрэдна на ствалах і тоўстых галінах.

Знешне прадстаўнікі прадуцэнтаў дажджавога трапічнага лесу не падобныя да звыклых для нас раслін лясоў умеранай зоны. Іх тыповымі прадстаўнікамі з’яўляюцца: пальмы бананавая і какосавая, дрэвападобная папараць, міндаль звычайны, лафіра, бамбук, сейба, фікус-душыцель, папая, авакада, дрэва чорнае. Трапічныя лясы незвычайна багатыя эпіфітамі — лішайнікамі, імхамі, архідэямі.

Звычайна дрэвы фарміруюць тры ярусы. Верхні ярус утвараюць рэдкія дрэвы. Яны ўзвышаюцца над агульным узроўнем полага і маюць крону, якая моцна разрастаецца па плошчы. Другі ярус — полаг, што ўяўляе сабой суцэльны вечназялёны полаг на вышыні 25—35 м. Ніжні ярус становіцца густым толькі там, дзе маюцца прасветы ў полазе. Хмызняковы ярус у дажджавым трапічным лесе адсутнічае. Для травянога полага характэрна перавага аднаго віду з нязначнай колькасцю іншых відаў.

Каля 300 відаў пазаярусных раслін у дажджавых трапічных лясах налічваецца больш за 100 відаў эпіфітаў і некалькі відаў дрэў-душыцеляў. Сярод дрэў-душыцеляў дамінуюць віды роду Фікус. Звычайна насенне дрэў-душыцеляў заносяць на галіны птушкі, якія кормяцца іх клейкімі пладамі. Калі насенне прарастае ў расколінах кары іншых дрэў, то праросткі пачынаюць сваё жыццё ў якасці эпіфітаў. Потым маладая расліна каранямі расце ўніз, і яны ў канчатковым выніку дасягаюць глебы. Пры гэтым сама расліна-душыцель паступова абвівае сваімі адраўнелымі парасткамі ствол расліны-гаспадара, падымаючыся ўсё вышэй, бліжэй да святла. Расліна-гаспадар не можа расці ў таўшчыню і гіне. Эпіфіты і ліяны ў сукупнасці з сотнямі відаў іншых раслін утвараюць непраходныя зараснікі і надаюць характэрнае аблічча трапічнаму лесу, які часта называюць джунглямі.

У джунглях дамінуюць вечназялёныя дрэвы, якія захоўваюць вялікую частку лістоў круглы год, што забяспечвае бесперапыннае круглагадовае праходжанне працэсаў фотасінтэзу. Трапічныя дрэвы могуць цвісці і плоданасіць бесперапынна на працягу года, шмат якія віды цвітуць штогод ці раз у некалькі гадоў. Аднак далёка не заўсёды за багатым цвіценнем ідзе багатае плоданашэнне.

Вялізнае значэнне ў трапічным лесе мае мікарыза. З прычыны штодзённых дажджоў мінеральныя рэчывы з глебы хутка вымываюцца. Таму расліны ўступаюць у цесны кантакт з сапратрофнымі грыбамі, ад якіх атрымліваюць мінеральныя рэчывы. Менавіта дзякуючы мікарызе трапічныя лясы маюць пышную расліннасць.

Пры ваганнях біямасы ад 60 да 800 т/га яе сярэдняя велічыня складае прыкладна 450 т/га.

Сярэдняя велічыня прадукцыі дасягае 22 т/га ў год пры ваганнях ад 10 да 35 т/га ў год.