*§ 48—1. Паняцце біёма. Біём тундры
Кансументы
Відавы склад кансументаў тундры адносна небагаты. Тыповымі прадстаўнікамі з’яўляюцца млекакормячыя і птушкі: алень паўночны, лемінг, баран снежны, заяц палярны, пясец, воўк, мядзведзь белы (заходзіць у зімовы час), сава палярная, курапатка белая, гусі, качкі.
З насякомых пераважаюць двухкрылыя: камары, мошкі. Насякомыя і іншыя беспазваночныя жывуць у падсцілцы і верхнім тарфяным гарызонце глебы. У тундры з прычыны вельмі нізкіх тэмператур адсутнічаюць земнаводныя і паўзуны.
Трэба адзначыць рэзкія адрозненні ў складзе летняга і зімовага насельніцтва з прычыны сезонных і харчовых міграцый. Зімой у тундры застаюцца лемінгі, некаторыя палёўкі, алені паўночныя, пясцы, мядзведзі белыя. Летам сюды прылятаюць шматлікія віды пералётных птушак — гусі, качкі, казаркі, вераб’іныя. У некаторых паўночных птушак памеры носак большыя, чым у роднасных больш паўднёвых відаў. Адзначаецца таксама больш інтэнсіўны рост птушанят.
Паўторым галоўнае. Сукупнасць экасістэм у межах адной прыродна-кліматычнай зоны, якія ўзаемадзейнічаюць і характарызуюцца пэўным тыпам расліннасці і жывёльным светам, называецца біёмам. Асноўнымі біёмамі сушы з’яўляюцца тундра, паўночныя хвойныя лясы, лістападныя лясы ўмеранай зоны, стэпы ўмеранай зоны, саванны, пустыні, дажджавыя трапічныя лясы. Біём тундры займае самае паўночнае становішча — паміж лясамі на поўдні і палярнымі льдамі на поўначы. Клімат халодны, працяглая зіма з палярнай ноччу, лета кароткае і халоднае, характэрна вечная мерзлата. Прадуцэнты прадстаўлены нізкарослай расліннасцю — гэта імхі, лішайнікі, кусцікі, карлікавыя дрэвы, расліны-падушкі. Сярод кансументаў адсутнічаюць земнаводныя і паўзуны, пераважаюць млекакормячыя і птушкі, прысутнічаюць насякомыя (двухкрылыя). Відавы склад летняга і зімовага насельніцтва моцна адрозніваецца з прычыны сезонных і харчовых міграцый.