Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 44. Экасістэма. Біягеацэноз

Структурныя і функцыянальныя блокі экасістэмы

У экасістэме віды арганізмаў выконваюць розныя функцыі, дзякуючы якім ажыццяўляецца кругаварот рэчываў. У залежнасці ад ролі, якую віды адыгрываюць у кругавароце, іх залічваюць да розных функцыянальных блокаў (груп): прадуцэнтаў, кансументаў і рэдуцэнтаў.

Прадуцэнты (ад лац. producens — які стварае), або вытворцы, — аўтатрофныя арганізмы, якія сінтэзуюць арганічнае рэчыва з мінеральнага з выкарыстаннем энергіі. Калі для сінтэзу арганічнага рэчыва выкарыстоўваецца сонечная энергія, то прадуцэнтаў называюць фотааўтатрофамі. Да фотааўтатрофаў належаць усе зялёныя расліны, водарасці, лішайнікі, цыянабактэрыі, аўтатрофныя пратысты, зялёныя і пурпурныя бактэрыі. Прадуцэнты, якія выкарыстоўваюць для сінтэзу арганічнага рэчыва энергію хімічных рэакцый акіслення неарганічных рэчываў, называюцца хемааўтатрофамі. Імі з’яўляюцца жалезабактэрыі, бясколерныя серабактэрыі, нітрыфікуючыя і вадародныя бактэрыі.

Кансументы (ад лац. consumo — спажываю), або спажыўцы, — гетэратрофныя арганізмы, якія спажываюць жывое арганічнае рэчыва і перадаюць наяўную ў ім энергію па харчовых ланцугах. Да іх належаць усе жывёлы і расліны-паразіты. У залежнасці ад віду арганічнага рэчыва, якое спажываюць кансументы, яны падзяляюцца на парадкі. Арганізмы, якія спажываюць прадуцэнтаў, называюцца кансументамі I парадку. Да іх належаць раслінаедныя жывёлы (саранча, грызуны, парна- і няпарнакапытныя жывёлы) і расліны-паразіты. Кансументаў I парадку спажываюць кансументы II парадку, якія прадстаўлены драпежнымі жывёламі. Кансументамі III і наступных парадкаў з’яўляюцца драпежныя жывёлы, якія кормяцца кансументамі II і наступных парадкаў. Колькасць парадкаў кансументаў у экасістэме абмежавана і вызначаецца аб’ёмам біямасы, створанай прадуцэнтамі.

Рэдуцэнты (ад лац. reducens — які вяртае), або разбуральнікі, — гетэратрофныя арганізмы, якія разбураюць адмерлае арганічнае рэчыва любога паходжання да мінеральнага. У экалогіі адмерлае арганічнае рэчыва, што ўключаецца ў працэс раскладання, называецца дэтрытам. Дэтрыт (ад лац. detritus — сцёрты) — адмерлыя рэшткі раслін і грыбоў, трупы і экскрэменты жывёл з наяўнымі ў іх бактэрыямі. Мінеральнае рэчыва, якое ўтвараецца з дэтрыту, запасіцца ў глебе і ў далейшым паглынаецца прадуцэнтамі.

У працэсе раскладання дэтрыту ўдзельнічаюць дэтрытафагі і сапраўдныя рэдуцэнты. Да дэтрытафагаў належаць макрыцы, шэраг кляшчоў, мнаганожкі, нагахвосткі, жукі трупаеды, некаторыя насякомыя і іх лічынкі, чэрві. Яны спажываюць дэтрыт і ў ходзе жыццядзейнасці пакідаюць экскрэменты, якія змяшчаюць арганіку. Сапраўднымі рэдуцэнтамі лічацца грыбы, гетэратрофныя пратысты, глебавыя бактэрыі, што разбураюць арганічнае рэчыва да мінеральнага. Усе прадстаўнікі дэтрытафагаў і рэдуцэнтаў, адміраючы, таксама ўтвараюць дэтрыт.

Роля рэдуцэнтаў у прыродзе вельмі вялікая. Без іх у біясферы запасіліся б адмерлыя арганічныя рэшткі, а мінеральныя рэчывы, неабходныя прадуцэнтам, вычарпаліся б. І жыццё на Зямлі ў той форме, якую мы ведаем, спынілася б.

Узаемасувязь функцыянальных груп у экасістэме можна паказаць на наступнай схеме.

У экасістэме з вялікай відавой разнастайнасцю можа ажыццяўляцца ўзаемазамяняльнасць аднаго віду на іншы без парушэння функцыянальнай структуры.

Паўторым галоўнае. Экасістэма — біялагічная сістэма, якая складаецца з жывых арганізмаў і асяроддзя іх пражывання, звязаных сукупнасцю сувязей, што здзяйсняюць абмен рэчывам і энергіяй паміж імі. Наземныя экасістэмы называюць біягеацэнозамі. Біягеацэноз — сукупнасць біяцэнозу і біятопу, звязаных паміж сабой кругаваротам рэчываў і патокам энергіі. Функцыянальнымі кампанентамі экасістэмы з’яўляюцца прадуцэнты, кансументы і рэдуцэнты.